За ўратаваньне Мэмарыялу - У Курапатах вясной аднаўляецца талака

У Курапатах аднаўляецца штотыднёвая талака

Чацвер, 09 Красавік 2015. Талака, Навіны

Ужо трэці год запар актывісты ініцыятывы «За ўратаванне Курапатаў» парадкуюць заходнюю частку знакавага для Беларусі месца пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Заходні бок Курапат збоку МКАДу

Першая талака ў Курапатах у 2015 годзе стартуе 18 красавіка а 12 гадзіне. Добраўпарадкаваць курапацкі лес плануецца двойчы на тыдзень: штоаўторак а 17 гадзіне і штосуботу а 12 гадзіне. Вынікі талакі будуць падведзеныя 29 кастрычніка.

«Курапаты – буйнейшае месца пахавання ахвяраў сталінізму. Гэта сімвал рэпрэсій на Беларусі. Калі мы ў 2013 годзе ўбачылі, у якім стане знаходзяцца Курапаты, асабліва заходняя частка, якая прымыкае да сумнавядомага «Бульбаш-хола» – а гэта былі засмечаныя, зарослыя хмызняком мясціны – мы вырашылі ладзіць штоаўторак талаку па добраўпарадкаванні мемарыяла», – адзначыла Ганна Шапуцька на арганізацыйным сходзе сябраў ініцыятывы «За ўратаванне Курапатаў», што адбыўся ў Мінску 8 красавіка.

За апошнія два гады руплівай працы валанцёры прывялі ў парадак каля трох гектараў курапацкага лесу. На арганізацыйным сходзе, прысвечаным аднаўленню рэгулярнай талакі сёлета, прадстаўнік міжнароднага таварыства «Мемарыял» Уладзімір Раманоўскі адзначыў найлепшых валанцёраў, што працавалі ў Курапатах. Ганаровыя, адмыслова вырабленыя памятныя медныя значкі атрымалі Яўген Батура, Вікторыя Ткачук, Ягор Віняцкі, Марына Бондарава, Андрэй Моўчан.

Сёлета валанцёры маюць намер стварыць у Курапатах новую крыжовую алею.

Таксама, у сувязі з тым, што афіцыйна зацверджаны ахоўныя зоны, якія ўключаюць і так званую «дарогу смерці», актывісты ініцыятывы «За ўратаванне Курапатаў» маюць намер у сёлета абазначыць гэта месца мемарыяльнымі знакамі. Мемарыялізацыю плануецца зрабіць па ўзгадненні з Мінкультам і з прыцягненнем ахвяраванняў як жыхароў Беларусі, так і беларускай дыяспары за мяжой.

Арцём Лява, Новы час

Дадатковая інфармацыя