За ўратаваньне Мэмарыялу - Хутка пачнецца другі этап Вялікай Талакі

Хутка пачнецца другі этап Вялікай Талакі

Серада, 04 Верасень 2013. Талака, Навіны

Ініцыятыва «За ўратаваньне Курапат», «Хрысьціянскі Рух» запрашаюць усю грамаду на 2-гі этап Вялікай Талакі ў Курапатах.

Талака будзе праводзіцца 7-14 верасьня. Час правядзеньня: 17.00-19.00. Пачатак у суботу 7 верасьня а 12-й гадзіне. Збор ля Крыжа Пакуты. Чым болей нас будзе, тым хутчэй мы прывядзем месца забойства тысяч і тысяч непавінных людзей у годны выгляд. Толькі ад нас з вамі залежыць лёс гэтага помніка.

Курапаты – вяршыня айсбергу

Курапаты сталіся сімвалам духовага адраджэння, вызвалення і пераменаў у нашай краіне. Курапаты – месца, дзе адрадзіўся беларускі нацыянальны рух. Калі гэта месца стане месцам афіцыйнага адкрыцця гістарычнай праўды, малітвы, годнага ўшанавання памяці закатаваных нявіных людзей, нацыянальнага пакаяння і перапрашэння за вялікія злачынствы камуністычнага бальшавіскага тэрору, масавых наведванняў грамадства разам з дзецьмі і моладздзю, тады мы зможам сказаць, што жывем у вольнай краіне, у якой ёсць будучыня.

Стаўленне да Курапатаў адлюстроўвае, што адбываецца ва ўладзе, грамадстве і краіне! Курапаты - толькі частка, як бы вяршыня айсбергу!

Мы хочам звярнуць увагу, што Беларусь патрабуе вызвалення ад усялякага зла, карані якога знаходзяцца ў савецкай сістэме нашага мінулага. Сённяшняя сістэма збудаваная на падмурках хлусні, страху і бязбожжа. Да канца мы не прайшлі ні ачышчэння, ні вызвалення, ні сапраўднага пакаяння. Магчыма, мы, людзі, якія нарадзіліся ў гэтай краіне, гэтага не бачым, забыліся, нам сорамна ў гэтым прызнацца. Але, калі людзі з іншай краіны прыязджаюць, то яны гэта адразу ж заўважаюць: назвы вуліц (Савецкая, Камуністычная, Рэвалюцыйная, Леніна), помнікі Леніну, Сталіну, Тое, што сёння адбываецца, мае свае карані ў мінулым, калі пераследваліся вернікі, руйнаваліся касцёлы, зачыняліся цэрквы, забіваліся нявінныя людзі. нерэабілітаваныя, непахаваныя годна сотні тысячаў людзей, якіх па-д'ябальску расстралялі, забілі, закапалі. Гэтая кроў, нібы кроў Абэля, крычыць помстай да неба. І ў такой сістэме мы знаходзімся, у такой сістэме мы жывем і выраслі. Гэта грэшная сістэма.

Таму гэтая ўлада з яе прадстаўнікамі, ці то пракуратурай, ці міністэрствам культуры, не зацікаўлена ў праўдзе і добрай будучыні Беларусі. І тое, што сення тут, у ахоўнай зоне урочышча Курапаты, на месцы, дзе закатаваны тысячы нашых продкаў, улады далі дазвол на будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплексу – лепшы прыклад таго, што ўлада антыбоская, антыбеларуская, антычалавечая.

Мы заклікаем грамадства да еднасці, салідарнасці ў справе абароны Курапатаў мы заклікаем супрацьстаяць той д’ябльскай сіле, якая хоча канчаткова сцерці нацыянальную памяць нашага народу, пераўтварыць беларусаў у людзей без сваей гісторыі і культуры. Уратуем Курапаты – уратуем Беларусь. І першачарговае вызваленне Беларусі павінна пачацца з пакаяння, з навяртання, з перапрашэння за грахі. Але за грахі трэба не толькі перапрасіць, але і выправіць усю віну. Трэба асудзіць гэтую сістэму, трэба ўсё назваць па імені, стаць перад Богам, перад сабой і людзьмі ў праўдзе. Гэта павінна распачацца ў сэрцы кожнага з нас.

Дадатковая інфармацыя