За ўратаваньне Мэмарыялу - Кампанія «Наша рэстаранная група» (НРГ), будуе ля Курапатаў мегарэстаран «Бульбаш-хол»

На краі Курапатаў будуюць мегарэстаран «Бульбашъ-хол»

Чацвер, 25 Кастрычнік 2012. Бульбаш-Хол, Навіны

Танцы будуць по поўнай праграме.

Што назва, што месца: «Бульбашъ-хол» - вялізны забаўляльны комплекс з рэстаранам на 400 месцаў, вялікай лазняй. Для «жадаючых» - асобныя домікі.

Для іншых - дзіцячая пляцоўка.

Усё гэта ўжо год як будуецца над МКАД, акурат на заходнім ускрайку Курапатаў, насупраць катэджавага пасёлка Цна, за калцавой.

Будуе кампанія «{Наша рэстаранная група}» (НРГ), вядомая мінчукам рэстаранамі «Кушавель», «Дача» і «Тусэ».

Трэба ўдакладніць, што Завод вінаградных вінаў «Дыяніс», які вырабляе алкагольныя напоі «Бульбашъ», ніякага дачынення да будаўніцтва каля Курапатаў не мае. «Бульбашъ» - зарэгістраваная НРГ марка ў класе установаў грамадскага харчавання, які проста супадае з брэндам гарэлак.

На жаль, каментаваць любыя пытанні, звязаныя з новым рэстаранам, прадстаўнікі НРГ адмовіліся, хоць прыватна нашы суразмоўцы ў НРГ самі асудзілі выбар месца для будоўлі кіраўніцтвам кампаніі.

На сваім сайце «Наша рэстаранная група» абяцае ўводзіць у дзеянне дзве-тры такія ўстановы ў год, тым самым забяспечваючы жыхарам сталіцы «добры і цікавы адпачынак». Курапацкі «Бульбашъ-хол» прэтэндуе на першынство. «Мы ўбудоўваемся ў горад, улічваем яго структру, уплятаемся ў яго крываносную сістэму» - так прэзентуе сябе кампанія.

Адзін з будаўнікоў на аб’екце, Сяргей, выказаў свае думкі наконт будоўлі проста: «Няправільна гэта - будаваць рэстаран каля Курапатаў.

Але ж калі грошы ёсць - усё дазволена. Нам плацяць добра. Да вясны наступнага года ўсё будзе гатова. Цяпер займаемся ўнутраным аздабленнем. Вам і не снілася, як там прыгожа! Пліткай усё выкладзена, найноўшае абсталяванне. Тут і домікі для адпачынку, і лазня.

Багацеі будуць сюды сваіх прастытутак вазіць.

Але гэта для багатых, не для нас з вамі».

Жыхары Зялёнага Лугу трымаюцца іншай думкі. «Там паляглі найлепшыя з беларусаў, - кажа мне бабуля Таццяна Пятроўна. - Я хоць і старая, а туды кветкі нашу. Будаўніцтва каля яго рэстарана - проста жах нейкі!» А вось група падлеткаў у адказ на маё пытанне зарагатала: «Якая смешная назва! А што гэта такое?»

У лясным урочышчы Курапаты зноў восень. Ціха ападае лістота, скачуць рудыя вавёркі.

Тут пахаваны дзясяткі тысяч расстраляных, а знішчана тады была ўся эліта беларускай нацыі, да апошняга чалавека, ад заможных сялян да міністраў і акадэмікаў. Палітае крывёй урочышча было занесенае ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Тэрыторыя за МКАД належыць Мінскай вобласці. Таму адпаведны давзол на будаўніцтва давалі райвыканкам і аблвыканкам. Мы накіравалі ім адпаведныя запыты, чакаем адказу. Фармальна поле, на якім паўстае рэстаран, не падпадае пад ахоўную зону. Але выбар тыпу аб'екта і ягоная назва выглядаюць як выклік.

На пачатку 2000-х улады аддалі поле на ўсход ад Курапат пад катэджавы пасёлак, але пасля пратэстаў грамадскасці адмянілі сваё рашэнне. Ці можна яшчэ затрымаць рэалізацыю праекта, змяніць прызначэнне аб'екта, ці гэта ўжо маханне кулакамі пасля бойкі, і ўсё -- позна, грамадства і СМІ прамаргалі, калі гэта пачыналася?

Чытайце пра гэта ў нашых наступных публікацыях.

<strong>Ганна Журавіна</strong>

Дадатковая інфармацыя