За ўратаваньне Мэмарыялу - 29 чэрвеня ва ўрочышчы Курапаты адбылося традыцыйнае штомесячнае ўшанаванне памяці ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму.

Лёс «Бульбаш-холу» вырашыцца пасля распрацоўкі дэтальнага плану Курапатаў

Панядзелак, 01 Ліпень 2013. Бульбаш-Хол, Навіны

29 чэрвеня ва ўрочышчы Курапаты адбылося традыцыйнае штомесячнае ўшанаванне памяці ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму. Ва ўшанаванні пад бел-чырвона-белымі сцягамі ўдзельнічалі каля 20 дэмакратычных актывістаў.

Прадстаўнікі грамадскасці агучылі каля 200 з 5 772 вядомых імёнаў ахвяраў палітрэпрэсій 1920–1941-х гадоў, расстраляных у Мінску і пазней рэабілітаваных. Першыя больш за 300 імёнаў ахвяр былі названыя ў Курапатах 29 кастрычніка 2012 года, далей спіс агучваўся на працягу мінулага года пад час розных мерапрыемстваў у межах правядзення Года памяці ахвяраў таталітарызму ў Беларусі. а поўны спіс будзе зачытаны ў бягучым годзе.

Удзельнікі ўшанавання ўсклалі кветкі, запалілі знічкі, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць бязвінна палеглых людзей.

Як паведаміла каардынатар ініцыятывы “За ўратаванне мемарыяла “Курапаты” Ганна Шапуцька, 27 чэрвеня адбылася сустрэча актывістаў ініцыятывы з начальнікам упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігарам Чарняўскім.

“Ён распавёў, што лёс чатырох домікаў рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Бульбаш-хол”, узведзеных СТАА “БелРэстІнвест” у ахоўнай зоне Курапатаў, будзе вырашаны пасля распрацоўкі КУП “Мінскграда” праекту дэтальнага планавання тэрыторыі і наваколля гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”. Разам з тым, Чарняўскі паведаміў, што мажліва былі няправільна вымераны адлегласці паміж мяжой гісторыка-культурнай каштоўнасці і чатырма домікамі “Бульбаш-холу”, бо паводле словаў распрацоўшчыка праекту — галоўнага архітэктара “Мінскграда” Аляксандра Акенцьева гэтыя будынкі знаходзяцца па-за межамі ахоўнай зоны помніка археалогіі і не падлягаюць зносу.

Чарняўскі падтрымаў прапанову распрацоўшчыкаў праекту пра неабходнасць пабудовы на заходнім баку ўрочышча (паміж “Бульбаш-холам” і Курапатамі) стаянкі для экскурсійных аўтобусаў. Аднак актывісты ініцыятывы супраць такой стаянкі, бо ў сённяшняй сітуацыі яна будзе ў першую чаргу абслугоўваць наведавальнікаў рэстаранна-забаўляльнага комплексу, а не нацыянальнага некропалю. Чарняўскі таксама паведаміў пра запланаваную экспертызу тэрыторыі Курапатаў і ахоўнай зоны ўрочышча на паўночным баку шашы Заслаўе-Калодзішчы (частка тэрыторыі помніка археалогіі ў выглядзе невялікага выступу вытыркаецца праз гэтую шашу на яе паўночны бок — М.Г.). Гэтая экспертыза даручана загадчыку аддзелу сярэднявечнага перыяду Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдату гістарычных навук Вадзіму Кошману для даследавання тэрыторыі помніка і яго ахоўнай зоны ў сувязі з мяркуемым пашырэннем шашы Заслаўе-Калодзішчы ў паўночны бок ад Курапатаў”, — сказала Шапуцька.

Паводле яе слоў, кіраўніцтва ініцыятывы запланавала правядзенне круглага стала з запрашэннем прадстаўнікоў інтэлігенцыі і супрацоўнікаў Міністэрства культуры, а таксама будзе дабівацца, каб прадстаўнік грамадскасці прыняў удзел у археалагічнай экспертызе тэрыторыі Курапатаў і яе ахоўнай зоны на паўночным баку шашы Заслаўе-Калодзішчы.

За ўшанаваннем наглядалі два невядомыя ў цывільным.

Чарговае ўшанаванне ахвяраў сталінізму ва ўрочышчы адбудзецца 29 ліпеня а 18.00.

Марат Гаравы, «Новы Час»

Дадатковая інфармацыя