За ўратаваньне Мэмарыялу - Зварот "Вяртаньня Памяці" да грамадзян Рэспублікі Беларусь і беларусаў усяго свету

Зварот "Вяртаньня Памяці" да грамадзян Рэспублікі Беларусь і беларусаў усяго свету

Пятніца, 20 Студзень 2017. Грамадскі трыбунал, Навіны

1937 Hod pamiaci

Зварот

Паважаныя суайчыннікі!

Заўчасная смерць – гора і непапраўная страта не толькі для блізкіх сваякоў, але і для ўсёй супольнасці. Але падчас крывавага разгулу бальшавіцкіх ЧК-УЧК, ГПУ-АГПУ, НКУС, МДБ і КДБ у мінулым стагоддзі, бадай, не было той сям'і і кола сваякоў, каб карныя органы не вырвалі бацьку, маці, сына, дачку, брата, сястру, дарослых і нават непаўнагадовых. А хто ацалеў – застаўся запалоханым на ўсё жыццё. Якія гэта былі страты! Боль за іх не сціх, не забыты ў народзе да гэтага часу.

Даты памяці і болю

Сёлета беларускае грамадства адзначае сумнае васьмідзесяцігоддзе Вялікага тэрору і стагоддзе яго пачынальніка – Кастрычніцкага перавароту. Менавіта ў 1937-м крывавы разгул сталінскіх рэпрэсій дасягнуў самага высокага ўзроўню. Няпрошаныя госці ўрываліся ў гарадскія кватэры і вясковыя хаты. Цэлымі сем'ямі вывозілі ў аддаленыя раёны СССР. Расстрэльвалі ў шматлікіх курапатах.
Здзекі з людзей і іх знішчэнне чэкістамі насілі планавы характар. У 1920-1940-я гады падвергнулася рэпрэсіям значная частка насельніцтва СССР. Паводле афіцыйных дадзеных, толькі ў БССР было рэпрэсавана больш за 600 тысяч чалавек. Па неафіцыйных – больш за 1,5 мільёна жыхароў рэспублікі сталі ахвярамі савецкага дзяржаўнага тэрору.
У многіх выпадках рэпрэсіі насілі характар генацыду. З самага пачатку ўтварэння БССР і да 1953 года ў Беларусі была знішчана значная частка культурнай і адукаванай інтэлігенцыі. Калі б не гэтыя страты, сёння ў нас была б зусім іншая краіна. Грамадскасць павінна памятаць аб крывавых падзеях.
29 кастрычніка 1937 года асабліва цяжкі і трагічны дзень у гісторыі беларускага народа. Толькі за адну ноч у Мінску сталінскія каты расстралялі больш за 100 выдатных прадстаўнікоў творчай і навукова-тэхнічнай інтэлігенцыі, у тым ліку народных камісараў адукацыі – Аляксандра Варончанка і Аляксандра Чарнушэвіча, наркама фінансаў Івана Кудзельку, рэктараў БДУ – Ананія Дзякава, Язэпа Каранеўскага, Аляксея Кучынскага, дэкана Яўгена Успенскага, прафесара Сцяпана Маргелава, дырэктараў Белпедтэхнікума Міхаіла Радзеўскага, Ігната Афанасьева разам з выкладчыкамі, другога сакратара ЦК КПБ(б) Міколу Арабея, шэраг адказных работнікаў ЦК, СНК, ЦВК, іншых устаноў, 22-х пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў: Міхася Чарота, Янку Нёманскага, Платона Галавача, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Васіля Каваля, Юлія Таўбіна, Валерыя Маракова, Васіля Сташэўскага, Зяму Півавара, Ізю Харыка, Тодара Кляшторнага, Анатоля Вольнага, Юрку Лявоннага і іншых; вядомых у той час журналістаў Віктара Войнава, Паўла Шастакова... Многія з арыштаваных былі настолькі збітыя, што не маглі стаяць на нагах і іх поцягам цягнулі на расстрэл. А жонак, дзяцей і блізкіх сваякоў, расстраляных тады ж, кінулі ў канцэнтрацыйныя лагеры.
Вынішчэнне інтэлектуальнай эліты нашай нацыі было праведзена па ўсёй краіне. Гэта быў чарговы ўдар па беларускай адукацыі, па духоўнай культуры, па мове, жорсткая праява генацыду супраць народа і нацыі.

У Год Памяці

Мы прапануем грамадскасці лічыць 2017 год Годам Памяці ахвяр савецкіх рэпрэсій супраць беларускага народа. Нашым агульным клопатам павінна быць вяртанне кожнаму закатаванаму, забітаму, прыніжанаму жыхару Беларусі яго добрага імя.
Мы разлічваем на падтрымку Года Памяці органамі выканаўчай улады ў знаходжанні, упарадкаванні і пазначэнні памятнымі знакамі ўсіх месцаў расстрэлаў і пахавання астанкаў ахвяр дзяржаўнага тэрору і ўстанаўленні імёнаў загінулых.
Мы прапануем Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, іншым навуковым і асветніцкім установам краіны вярнуцца да трагічных падзей 1920-1950-х, у Год навукі арганізаваць ўсебаковае вывучэнне прычын і наступстваў масавых рэпрэсій.
Памяць патрабуе справядлівасці і пашаны да рэпрэсаваных дзеячаў беларускай навукі, адукацыі, культуры не толькі словамі, але і завяршэннем спраў, на якіх абарвалася іх жыццё.
Мы прапануем усім партыям і грамадскім аб'яднанням краіны ўзяць на сябе ініцыятыву па распрацоўцы і правядзенні канкрэтных мерапрыемстваў у Год Памяці.
Заклікаем далучыцца да гуманнай ініцыятывы прафесійныя творчыя саюзы, ля вытокаў якіх нярэдка стаялі выдатныя дзеячы нацыянальнай культуры, рэпрэсаваныя бесчалавечным рэжымам.
Заклікаем праявіць свой грамадзянскі абавязак сябраў моладзевых суполак краіны. Усе яны, незалежна ад роду заняткаў і ідэалагічнай арыентацыі, павінны актывізаваць сваю дзейнасць па аднаўленні і шанаванні памяці ахвяраў савецкага рэжыму.
Спадзяемся, што святары ўсіх канфесій, практычна знішчаных у савецкія гады, у Год Памяці распрацуюць і ажыццявяць праграмы царкоўных службаў, літургій, памінання нявінных ахвяраў масавых рэпрэсій.
Звяртаючыся да розных пакаленняў грамадзян Беларусі і беларусаў, якія жывуць за мяжой, Аргкамітэт заклікае да збору фондавых матэрыялаў, кніг успамінаў, рукапісаў, фотаздымкаў, лістоў, дакументаў, асабістых рэчаў былых вязняў савецкіх турэмных засценкаў. Усё гэта можа быць выкарыстана для стварэння тэматычнага банка дадзеных на электронных носьбітах, а таксама мемарыяльнага музея ў Мінску.

Да Дня Памяці

Мы звяртаемся да кіраўніцтва Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Міністэрства ўнутраных спраў і Пракуратуры Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем перагледзець справы нерэабілітаваных ахвяраў тэрору, у тым ліку, былых ваеннапалонных, жыхароў, якія пражывалі на часова акупаванай тэрыторыі ў 1941-1944 гадах, замежных грамадзян, назваць імёны пахаваных ва ўрочышчы Курапаты і іншых месцах масавых расстрэлаў, апублікаваць спісы афіцэраў польскай арміі, расстраляных на тэрыторыі Беларусі ў 1940 годзе.
Мы ў чарговы раз звяртаемся да заканадаўчай і выканаўчай уладаў краіны, да кіраўніка дзяржавы з хадайніцтвам абвясціць дзень 29 кастрычніка Днём Памяці ахвяр савецкіх рэпрэсій.
Звяртаемся да кіраўніцтва Міністэрства культуры і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта з просьбай дазволіць усталяваць у горадзе Мінску мемарыяльны знак у памяць аб усіх ураджэнцах Беларусі, якія загінулі ў гады савецкіх рэпрэсій.
Патрабуем ад вышэйшых органаў улады і кіравання Рэспублікі Беларусь неадкладна выканаць пастанову Савета міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 года «Аб увекавечанні памяці ахвяр масавых рэпрэсій 1937-1941 гадоў у лясным масіве Курапаты».
Мы прапануем грамадскасці краіны, абапіраючыся на падтрымку неабыякавых мясцовых уладаў, ва ўсіх гарадах, буйных населеных пунктах правесці ў Дзень Памяці жалобныя сходы, канцэрты-рэквіемы, выставы, іншыя мерапрыемствы з удзелам мясцовых мастацкіх калектываў, прафесійных майстроў мастацтваў, паэтаў, музыкаў.
Заклікаем неабыякавых грамадзян краіны ў Дзень Памяці арганізаваць у рамках закона жалобныя мітынгі, шэсці, наведаць месцы расстрэлаў і пахаванняў ахвяр масавых рэпрэсій, запаліць свечкі над магіламі пакутнікаў і прывесці ў парадак месцы спачыну.
Заклікаем вернікаў у гэты дзень замаўляць службы ў цэрквах, касцёлах, малельных дамах, мячэцях і маліцца за супакой душ закатаваных суайчыннікаў.
Спадзяемся, што ўсе дзяржаўныя і грамадскія структуры краіны, усе грамадзяне Рэспублікі Беларусь і беларусы замежжа прадэманструюць у Год Памяці сваю салідарнасць, узаемапавагу і правядуць гэты Год і Дзень Памяці па-чалавечы спачувальна і годна.

Мінск
18 студзеня 2017 г.


Сябры аргкамітэта па стварэнню гісторыка-культурніцкага абяднання "Вяртанне Памяці":

Ігар Кузняцоў

Уладзімір Раманоўскі

Ганна Шапуцька

Яўген Батура

Святлана Каваленка

Ягор Віняцкі

Віктар Шапуцька

Ларыса Стома

Дадатковая інфармацыя