За ўратаваньне Мэмарыялу - Выстаўка пра Курапаты – праўда ці пагоня за сенсацыяй?

Выстаўка пра Курапаты – праўда ці пагоня за сенсацыяй?

Серада, 06 Красавік 2016. Навіны

Грамадскасць раздзяліася, СМІ маўчаць, а пытанні вакол народнага мемарыялу застаюцца без адказаў.

Выстаўка пра Курапаты – праўда ці пагоня за сенсацыяй?

На гэтым тыдні выстава “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”, пра якую “ЕўраБеларусь” пісала ў снежні мінулага года, праходзіла ў пасольстве ЗША. Як паведамілі арганізатары – сябры грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”, – у хуткім часе экспазіцыю прадставяць у іншых гарадах Беларусі, а ў лістападзе зноў будзе выстаўлена ў сталічным Палацы мастацтваў, але ў пашыраным фармаце.

Яшчэ пасля першага экспанавання ў адзінага ў Беларусі абароненага спецыяліста па тэме савецкіх палітычных рэпрэсій Ігара Кузняцова ўзнікла шмат пытанняў адносна зместу выставы, і дагэтуль ніякіх уцямных адказаў на іх атрымаць не ўдалося. Між тым навуковец перажывае, што шырокаму колу гледачоў прадстаўляюць недакладную інфармацыю пра падзеі, якія адбываліся (ці не адбываліся) у Курапатах. Гэта, у сваю чаргу, дае нагоду для стварэння розных міфаў вакол урочышча.

Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” прапанавала выказацца розным бакам, якія мімаволі аказаліся ўцягнутымі ў спрэчку вакол аднаго з галоўных сімвалаў беларускай нацыянальнай трагедыі. Такой магчымасцю скарыстаўся толькі Ігар Кузняцоў.

– Я прайшоўся ўздоўж стэндаў, і ўбачыў, што з лістападаўскай выставы нічога з таго, на што я звяртаў увагу арганізатараў, не змянілася. На стэндзе расстраляных тыя ж імёны, дзе значыцца, што Сільвестра Мацкевіча расстрэльвалі ў Курапатах, а ён памёр у Чыкага ў 1989 годзе. Там жа імёны з кніг Леаніда Маракова “Толькi адна ноч: 29 кастрычнiка 1937 года” ці “Ахвяры і карнікі”, у тым ліку Валерый Маракоў, Тодар Кляшторны... Яны расстраляныя ў мінскай турме НКУС, месца пахавання дасюль невядомае. Як можна браць на сябе такую маральную адказнасць? Не было б пытанняў, калі б напісалі “магчымае месца пахавання – Курапаты” ці “расстраляныя ў Мінску. Месца пахавання невядомае”.

Многія фатаграфіі і дакументы, прадстаўленыя на стэндах, не маюць подпісаў, і чалавек, які не валодае дастатковымі ведамі ў гэтай галіне, цалкам не можа зразумець змест экспазіцыі.

На стэндзе “Каты” фота наркама НКУС СССР Берыі. Але, прабачце, Берыя быў прызначаны на гэтую пасаду, калі пік расстрэлаў у Курапатах завяршыўся. Атрымліваецца, вы вешаеце злачынствы Яжова на Берыю?..

Тое, што цяпер укідваецца версія, нібыта расстрэлы былі пасля пачатку вайны, дала нагоду зноў пачаць мусіраванне тэмы “нямецкага следу” ў Курапатах. Камуністы адразу адрэагавалі (публікацыя артыкула члена камуністычнай партыі Андрэя Лазуткіна. – “ЕўраБеларусь”): чаму вы называеце прозвішчы, калі іх вядома толькі два? Значыць, вы займаецеся падтасоўкай фактаў. Яны з арганізатарамі выставы выкарыстоўваюць аднолькавыя метады, толькі адны хлусяць, што гестапа расстрэльвала яўрэйскае насельніцтва, а іншыя называюць прозвішчы расстраляных НКУС, месца пахавання якіх дакладна невядома. Арганізатары адчуваюць сябе ў поўнай беспакаранасці. Недзяржаўныя СМІ прамаўчалі, рэакцыі пасольства ЗША таксама няма.

Тое, што я параіў, не патрабуе ніякіх матэрыяльных затрат. Я яшчэ раз кажу, што такая выстава крайне неабходная, гаворка ідзе толькі пра тое, каб паказаць насамрэч факты пра Курапаты. Можна было б выправіць, альбо абвергнуць мае прапановы, але ніхто гэтага не зрабіў. Узровень кампетэнцыі арганізатараў выстаўкі быў недастатковым для ацэнкі гістарычных фактаў. “Эксперты” карыстаюцца тым, што ў нас сапраўды вельмі мала спецыялістаў па гэтай тэме, і наведвальнікі выставы могуць проста не ведаць дэталяў. І гэта ўдвая амаральна. Экспазіцыю паднялі на ўзровень дыпламатычнага корпуса, і мне проста сорамна, як такія рэчы могуць выходзіць на сусветны ўзровень. Ніякіх фактаў аб расстрэлах НКУС вязняў мінскіх турмаў 23 – 26 чэрвеня 1941 года ў гэтым раёне не выяўлена, таму сёння такія звесткі з’яўляюцца спробай пагоні за сенсацыяй.

Ні пра аднаго персанажа з каманды “экспертаў” я не магу сказаць негатыўна з чалавечага пункту гледжання. Але персанальных адносін з гэтымі людзьмі для мяне ўжо няма, і, як спецыяліст у галіне савецкіх палітычных рэпрэсій 1920 – 1950 гадоў, я магу даць ацэнку, што гэтая ініцыятыва паводзіць сябе як псеўдаэксперты. Настаў час, калі апошні раз можна заклікаць да іх сумлення. Спыніцеся! Для мяне гэта самы сумны этап, звязаны з 25-гадовым даследаваннем дадзенай тэмы. Гэта здрада ў сваіх шэрагах і здрада памяці Сяргея Ханжанкова (палітвязень савецкага часу ўваходзіў у ініцыятыву “За ўратаванне мемарыяла Курапаты”, інфармацыя пра дзейнасць якой з 2001 да 2015 года на выставе адсутнчае. – “ЕўраБеларусь”).

***

Мы звярнуліся да прадстаўнікоў ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”, аднак даць каментарыі па пералічаных заўвагах яны адмовіліся. Але Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” заўсёды гатова прадаставіць магчымасць для выказвання альтэрнатыўных меркаванняў.

Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Дадатковая інфармацыя