За ўратаваньне Мэмарыялу - Міністр культуры заблакаваў ўсталяванне знака ахвярам сталінізму ў Менску

Міністр культуры заблакаваў ўсталяванне знака ахвярам сталінізму ў Менску

Аўторак, 11 Жнівень 2015. Навіны

Пра гэта паведаміў гісторык Ігар Кузняцоў падчас прэс-канферэнцыі ў Курапатах. Такі знак мог стаяць у цэнтры Менска, на вуліцы Гарадскі Вал. Дабіцца гэтага амаль удалося грамадскаму актывісту Уладзіміру Мазаніку, чый бацька быў рэпрэсаваны.

Аднак, гэтае рашэнне было заблакавана міністрам культуры Барысам Святловым.

Расказвае гісторык Ігар Кузняцоў:

- Уладзімір Іванавіч Мазанік звяртаўся да памочніка прэзідэнта Янчэўскага, той вусна даў згоду. Пасля мы з ім асабіста хадзілі на прыём да старшыні Менгарвыканкама, а да гэтага ён звяртаўся да намесніка міністра культуры, і яму далі адказ, што ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам мемарыяльны знак можа быць усталяваны. І адным з месцаў названы быў Гарадскі вал, Амерыканка, Валадарка. Праходзіць паўгода і міністр культуры таварыш Святлоў, бацьку якога рэпрэсавалі, піша “лічу немэтазгодным усталяванне такога знака ў горадзе Менску ў сувязі з тым, што памяць ахвяраў рэпрэсій годным чынам ушанавана ў Курапатах, дзе ўсталяваны мемарыяльны знак.

Ігар Кузняцоў адзначыў, што такое тлумачэнне міністра Святлова не вытрымлівае крытыкі, бо ўсе крыжы і мемарыяльныя знакі ў Курапатах зробленыя высілкамі грамадскасці.

Нагадаем, што ў 1989 годзе Савет Міністраў БССР прыняў пастанову пра ўсталяванне помніка ахвярам масавых рэпрэсій у Курапатах, аднак дзяржава дагэтуль яе не выканала.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Дадатковая інфармацыя