За ўратаваньне Мэмарыялу - Ігар Мельнікаў: Грамадства жадае ведаць пра рэпрэсіі, а дзяржава на гэта не рэагуе

Ігар Мельнікаў: Грамадства жадае ведаць пра рэпрэсіі, а дзяржава на гэта не рэагуе

Серада, 13 Красавік 2016. Грамадскі трыбунал, Навіны

13 красавіка 1940г. НКУС правёў другую масавую дэпартацыю насельніцтва Заходняй Беларусі. Цягам аднаго дня ў аддаленыя раёны СССР было выслана каля 30 тысяч чалавек.

Учора,12 красавіка, у мінскай управе партыі БНФ прайшоў вечар, прысвечаны ахвярам дэпартацый 1940-1941, 1951 гадоў. У яго аснову ўвайшлі словы “Клянуся і сведчу”, якія належаць беларускаму літаратару Сяргею Грахоўскаму, што быў рэпрэсаваны двойчы і сваю творчасць прысвяціў гэтай тэме. Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” занатавала гістарычныя факты і сведчанні ўдзельнікаў тых падзей.

– 28 кастрычніка мінулага года грамадскі трыбунал над сталінізмам вынес абвінаваўчае заключэнне. Вывучаная доказная база пацвярджае віну камуністычнай партыі Савецкага Саюза і створанай ёй сістэмы карных органаў у арганізацыі і ажыццяўленні масавых рэпрэсій супраць свайго народа і замежных грамадзян, - нагадала адна з арганізатараў вечарыны Ганна Шапуцька.

Па яе словах, у Беларусі тэма сталінскіх рэпрэсій працягвае замоўчвацца, быццам бы нічога не было. А насамрэч адбываліся жудасныя рэчы, пра якія распавялі сведкі тых падзей.

p4127330

Ігар Кузняцоў і Ганна Шапуцька

Уладзімір Ясюкевіч – адзін з тых, каго дэпартавалі 13 красавіка 1940 года. Ён нарадзіўся на Гродзеншчыне ў 1929 годзе ў сялянскай сям’і, якая мела 25 гектараў зямлі. Калі прыйшлі “вызваліцелі” – Саветы, бацьку спадара Уладзіміра пасадзілі ў турму, а сям’ю ў “цялятніках” вывезлі ў Паўночны Казахстан. – Як жылі – страх адзін. За 11 вёрст нёс маці кілаграм збожжа, каб яна паела сама і пакарміла сястру. Ежы ніякай не было, лазні таксама. Было страшнае становішча. Як пачынаю ўспамінаць гэта, слёзы на вочы набягаюць, – гаворыць спадар Уладзімір.

Людміла Лаўрысюк распавяла гісторыю сваёй сям’і, якую яна вывучыла зусім нядаўна. Аказалася, што з яе радні ад рэпрэсій пацярпелі чатыры чалавекі. Сям’я дзеда спадарыні Людмілы жыла на хутары ў Брэсцкай вобласці. Пабудавалі хату, але раскулачыць іх не паспелі: прыйшла вайна. Затое пасля яе на гаспадарку наклалі неймавернага памеру падатак. Аднойчы яго нават давялося заплаціць два разы. Не ўратавала сям’ю нават уступленне ў калгас у 1948 годзе – добрага гаспадара выслалі ў Варкуту.

p4127363

Людміла Лаўрысюк

– Я да слова “рэабілітацыя” стаўлюся вельмі неадназначна. Бо які ў ёй сэнс? Дзяржава прабачыла за тое, што пакарала. А людзі ж маглі жыць зусім іначай, - падсумавала жанчына.

А для Зінаіды Тарасевіч, бацькоў якой рэпрэсавалі ў 1930-х, рэпрэсіі – усё яе жыццё. Яна напісала ўспаміны з жыцця ў ГУЛАГу.

– Дэпартацыя – гэта не проста высяленне. Гэта высяленне на смерць, - падкрэсліла спадарыня Зінаіда. Не абмінула дэпартацыя і сям’ю Антося Сланімскага з Гродзеншчыны. Яго стрыечную сястру (якой цяпер пайшоў 90-ты год) вывезлі цяжарную, з трыма дзецьмі на Усход, а мужа арыштавалі.

Такіх гісторый чалавечых лёсаў – тысячы, але ж савецкая ўлада прывучыла нас, што гэтыя лічбы нічога не значаць. Адна смерць – трагедыя, мільён смерцяў – статыстыка. Невядома, ці сапраўды аўтарам гэтай фразы быў Сталін, аднак падобна на тое, што мы працягваем жыць у краіне статыстыкі.

– Дэпартацыі папярэднічала знішчэнне афіцэраў польскай арміі – так званага беларускага катынскага спісу. Агулам паводле афіцыйных дадзеных у турмах Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі было расстраляна 7405 чалавек, з іх беларускі катынскі спіс – 3870 прозвішчаў. Усяго па гэтай аперацыі было дэпартавана і расстраляна не менш за 15 тысяч чалавек, - зазначыў гісторык, даследчык сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў. Ён нагадаў, што сёлета ў чэрвені споўніцца 75 гадоў дэпартацыі 1941 года, у жніўні будзе 65 гадоў з дэпартацыі 1951 года.

– Наша дзяржава ніякай памяці аб сваіх грамадзянах не шануе ні ў якой форме. Беларусь засталася адзінай постсавецкай дзяржавай, у якой няма ніводнага помніка, усталяванага ад імя дзяржавы (у памяць аб ахвярах рэпрэсій. – ЕўраБеларусь.), і у якой дзяржава зрабіла ўсё магчымае, каб гэтая памяць знікла, - абураецца гісторык.

– Попыт на гэтую тэму ў гісторыі вельмі вялікі, грамадства жадае ведаць, а дзяржава на гэта ніяк не рэагуе, - зазначыў гісторык, даследчык Заходняй Беларусі Ігар Мельнікаў.

p4127359

Ігар Мельнікаў

Ён распавёў пра трагедыю этнічных беларусаў, якія мусілі запісвацца палякамі, каб змагацца за сваю годнасць у войску Андэрса. Іх сем’і, што засталіся на тэрыторыі БССР, траплялі пад рэпрэсіі, а яны самі нават не лічыліся ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны (бо ўдзельнічалі ў Другой сусветнай вайне, але ў СССР такой тэрміналогіі не было). “Польскасць” давала магчымасць гэтым людзям уратавацца ад сталінскай сістэмы.

– Я даследаваў польскі перыядычны друк, там вельмі актыўна апісваюцца рэпрэсіі канца 30-х гадоў на тэрыторыі Савецкай Беларусі. У адным матэрыяле было напісана, што ў Савецкай Беларусі навукоўцы стараюцца размаўляць па-расейску, падбіраць словы і не выкарыстоўваць беларускую мову, бо гэта магло пагражаць абвінавачаннем у нацдэмаўшчыне, арыштам і Курапатамі. Наколькі гэта стасуецца з сённяшнім днём, калі ў нас беларускамоўнага адносяць да нацыяналістаў, здраднікаў і г.д. Сістэма паўтараецца. У памятнай імпрэзе ўзялі ўдзел рэжысёр Валер Мазынскі і акцёр Віталь Халадок, а таксама бард Аляксей Галіч.

p4127346

Валер Мазынскі

p4127393

Аляксей Галіч

Вечарына "Клянуся і сведчу" стала першым мерапрыемствам з праекту "Зніч Памяці". Падчас яго пройдзе шэраг імпрэзаў, прысвечаных ахвярам сталінскіх рэпрэсій, з удзелам гісторыкаў, музыкаў, паэтаў, мастакоў, кінарэжысёраў, грамадскіх дзеячаў, а таксама з выкарыстаннем сведчанняў, успамінаў, дакументальных і мастацкіх творах. Ужо сёння ва ўрочышчы Курапаты а 18-ай гадзіне адбудзецца акцыя па ўшанаванні памяці жыхароў Заходняй Беларусі, дэпартаваных у 1940 – 1941 і 1951 гадах.

Яўгенія Бурштын, ЕўраБеларусь

Дадатковая інфармацыя