За ўратаваньне Мэмарыялу - чарговае паседжанне Грамадскага Трыбуналу над сталінізмам адбылося 28 траўня 2015 году

Aдбылося чарговае паседжанне Грамадскага Трыбуналу над сталінізмам (фота)

Пятніца, 29 Май 2015. Грамадскі трыбунал, Навіны

На гэты раз удзельнікі Трыбунала, што прайшоў на Сядзібе БНФ, разглядалі справу №3 "Калектывізацыя — боль, тэрор, страх і смерць".

Aдбылося чарговае паседжанне Грамадскага Трыбуналу над сталінізмам (фота)

Абвінаваўцамі выступілі дзеці рэпрэсаваных калгаснікаў Зінаіда Тарасевіч і Станіслаў Лісоўскі. Яны распавялі свае ўспаміны і жудасныя факты біяграфіі сваіх рэпрэсаваных сем'яў. Прыводзім вытрымкі з успамінаў Зінаіды Тарасевіч: ”Трагедыя прыйшла ў ноч з 3 на 4 сакавіка 1930 г. Вечарам, можа ноччу, як усе палеглі спаць, раптам забрахалі сабакі, пачуўся крык “открывай”. Увайшло чалавек 20 ці больш. Адзін з іх, самы старшы, па нацыянальнасці яўрэй, астатнія - камсамольцы з навакольных вёсак. Яўрэй кінуўся да бабулі з паперамі: “Подписывайся, что добровольно едешь на высылку!”. Бабуля лямантуе: “Куды вы мяне забіраеце з малымі дзецьмі? Пішыце мяне ў калгас”. — "Ты чуждый элемент в колхозе", — крычыць яўрэй і кідаецца да бабулі. Бабуля гэтых слоў не зразумела: не ведала, што азначаюць словы “элемент” і “чуждый”, таму і паглядзела недаўменна на камуністычнага функцыянера. У адказ атрымала непрыстойную лаянку і загад: “Подписывайся, с..ка!”

Бабуля распісвацца не ўмела, але пад націскам, калі кідаліся ледзь не з нажом, паставіла крыжык на месцы подпісу і тым самым засведчыла, што добраахвотна едзе на смерць, — паставіла крыж на сабе і сваіх дзетках. Гэта і быў пачатак іх гібелі…..У жывых з роду маёй маці і роду майго бацькі цяпер застаецца толькі адзін чалавек. Я ўшанавала памяць аб маіх блізкіх — ахвярах бальшавіцкага генацыду на двух помніках. Я хачу, каб імёны маіх родных, старых і пажылых, юнакоў і падлеткаў, бязгрэшных дзяцей і немаўлятак, якія загінулі пакутніцкай смерцю, былі занесены ў Кнігу Памяці“.

Унук аднаго з расстраляных беларускіх сялян, краязнаўца Станіслаў Лісоўскі распавёў пра лес свайго дзеда і падкрэсліў, што рэпрэсаваных падчас гвалтоўнай калектывізацыі беларусў больш за паўтара мільены, але ж помнікаў і мемарыяльных знакаў не больш за 40, і гэта ганьба для нашай дзяржавы, для нашага грамадства, якое не шануе памяць сваіх продкаў. Сам спадар Станіслаў яшчэ ў 1995 годзе на сродкі свае ды жыхароў вёскі Чарнагубава Капыльскага раёну Мінскай вобласці і мясцовага калгасу “Цімкавіцкі” ўсталяваў у гэтай вёсцы помнік 63 аднавяскоўцам, рэпрэсаваным за гады савецкай улады. Лісоўскі заклікаў грамадскасць займацца мемарыялізацыяй ахвяраў сталінізму.

Гісторык Ігар Кузняцоў прывеў лічбы рэпрэсій, мапы, назваў галоўных вінаватых у масавых рэпрэсіях пры калектывізацыі ў Беларусі — гэта старшыня СНК Галадзед Н.М. і першы сакратар ЦК КП(б)Б Гей К.В. , якія 10 февраля 1930 г. падалі ў ЦК ВКП(б) дакладную запіску з прапановай прызнаць БССР республікай агульнай калектывізацыі, адзначыўшы, што ў 2/3 ўсіх раёнаў Беларусі ўзровень калектывізацыі перавысіў 86%. Гэта выклікала пратэст сярод сялян, ніхто не хацеў ісці ў калгасы. Пачаліся рэпрэсіі —да сеняшняга часу дакладна не вядома лічба нашых суайчыннікаў, якія ў 1932 -34 памерлі ад голаду, былі сасланыя ў Сібір і забітыя альбо закатаваныя.

Па выніках паседжання, удзельнікі Грамадскага Трыбуналу — гісторыкі, сваякі рэпрэсаваных, грамадскія актывісты — абвінавацілі Сталіна і яго памагатых у злачынстве супраць чалавечнасці, у генацыдзе супраць беларускага сялянства.

Новы час

Дадатковая інфармацыя