За ўратаваньне Мэмарыялу - Абвінаваўчае заключэнне Грамадскага трыбунала па разгляду злачынстваў сталінізму ў Беларусі (+ спасылка на change.org)

Абвінаваўчае заключэнне Грамадскага трыбунала па разгляду злачынстваў сталінізму ў Беларусі (+ спасылка на change.org)

Серада, 04 Лістапад 2015. Грамадскі трыбунал, Улёткі, Навіны

Ініцыятыва "За ўратаваньне мемарыялу Курапаты" заклікае ўсіх неабыякавых грамадзян далучыцца да пэтыцыі.

Грамадскі трыбунал у складзе:

Акаловіча Леаніда Аляксандравіча

Анепадыстава Уладзіміра Міхайлавіча

Ахрамовіча Аляксандра Васільевіча.

Басіна Якава Зіноўевіча

Батуры Яўгена Анатольевіча

Багінскай Ніны-Аўгінні Рыгораўны

Валахановіча Анатолія Іосіфавіча

Волчака Леаніда Сцяпанавіча

Віняцкага Ягора Дзмітрыевіча

Захарэвіча Змітра Канстанцінавіча

Дашкевіча Змітра Вячаслававіча

Копыла Іллі Піліпавіча

Колышавай Таццяны Уладзіміраўны

Кузняцова Ігара Мікалаевіча

Лісоўскага Станіслава Аляксандравіча

Мазаніка Уладзіміра Іванавіча

Макаева Алеся Віктаравіча

Мікалайчык Вольгі Аляксандраўны

Нямковіча Вацлава Адольфавіча

Раманоўскага Уладзіміра Іванавіча

Самойлава Уладзіміра Барысавіча

Самойлавай Галіны Эдуардаўны

Свяцкай Валянціны Анатольеўны

Стужынскай Ніны Іванаўны

Тарасевіч Зінаіды Антонаўны,

Фраловай Юліі Яўгеньеўны

Халіпа Уладзіміра Трафімавіча

Ханжанкова Сяргея Мікалаевіча

Чарнаморцавай Валерыі Віктараўны

Шапуцька Г анны Віктараўны

Шапуцькі Віктара Аляксандравіча

Штыхава Георгія Васільевіча

Якшынай Святланы Валер’еўны

 

вывучыўшы ў 2006-2015 гадах дакументы дзяржаўных і асабістых архіваў, матэрыялы архіўна-следчых спраў, сведкавыя паказанні ахвяр рэпрэсій, іншыя пісьмовыя і выяўленчыя крыніцы і далучыўшы матэрыялы грамадскага трыбунала па вывучэнні злачынстваў сталінізму ў Беларусі ў 1920-х- першай палове 1950-х гадоў вынес наступнае заключэнне.

Беларусь не можа стаць дэмакратычнай дзяржавай, не асудзіўшы сталінскі рэжым і не ўвекавечыўшы памяць сваіх грамадзян, якія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій.

Пасля кастрычніцкага перавароту 1917 года краіна перажыла маштабныя сацыяльныя катаклізмы. Акрамя каласальных страт, панесеных у перыяд Грамадзянскай і Другой Сусветнай войнаў, Беларусь перажыла цэлы шэраг іншых трагедый.

Гіганцкі маштаб рэпрэсій у СССР ахапіў усе рэгіёны і ўсе без выключэння пласты грамадства.

Прысуды і рашэнні, вынесеныя судовымі і пазасудовымі карнымі органамі, адрозніваліся неверагоднай жорсткасцю.

Уся гэтая рэпрэсіўная сістэма была старанна прадумана вышэйшым палітычным кіраўніцтвам СССР і праходзіла пад яго пастаянным кантролем. У сакрэтных загадах НКУС вызначаліся тэрміны правядзення асобных аперацый, групы і катэгорыі насельніцтва, якія падлягаюць «чыстцы», а таксама «ліміты» - планавыя лічбы арыштаў і расстрэлаў па кожным рэгіёне. Любыя змены, любыя «ініцыятывы знізу» павінны былі ўзгадняцца з Масквой і атрымліваць яе ўхваленне.

Расправа з людзьмі, імёны якіх былі вядомыя ўсёй краіне і ў лаяльнасці якіх не было ніякіх прычын сумнявацца, павялічвала паніку і сеяла масавы псіхоз.

Рэпрэсіі 1920-х - першай паловы 1950-х гадоў - гэта беспрэцэндэнтныя бязмерныя масштабы фальсіфікацый, абвінавачванняў, невядомыя сусветнай гісторыі. Магчымасць арышту вызначалася, галоўным чынам, прыналежнасцю да якой-небудзь катэгорыі насельніцтва, названай у адным з «аператыўных загадаў» НКУС, ці сувязямі - службовымі, роднаснымі, сяброўскімі - з людзьмі, арыштаванымі раней. Фармуляванне індывідуальнай «віны» было клопатам следчых. Таму мільёнам арыштаваных прад'яўляліся выдуманыя абвінавачванні ў «контррэвалюцыйных змовах», «шпіянажы», «падрыхтоўцы да тэрарыстычных актаў», «дыверсіях» і таму падобнае.

Рэпрэсіі 1920-х - першай паловы 1950-х гадоў - гэта надзвычайны і закрыты характар судаводства. Гэта таямніца адпраўлення «правасуддзя», гэта непранікальная сакрэтнасць вакол расстрэльных палігонаў і месцаў пахаванняў пакараных.

Сістэматычная шматгадовая афіцыйная хлусня пра лёсы расстраляных: спачатку пра міфічныя «лагеры без права перапіскі», пасля - пра смерць, якая наступіла быццам бы ад хваробы, з указаннем фальшывых дат і месцаў смерці.

Сталінскія рэпрэсіі - гэта кругавая парука, якой савецкае кіраўніцтва імкнулася павязаць увесь народ. Па ўсёй краіне праходзілі сходы, на якіх людзей прымушалі бурна апладзіраваць публічнай хлусні пра выкрытых і абясшкоджаных «ворагаў народа». Дзяцей змушалі адракацца ад арыштаваных бацькоў, жонак - ад мужоў.

Гэта мільёны разбітых сем'яў. Гэта злавесная абрэвіятура «ЧСЗР» - «член сям'і здрадніка Радзімы», якая з’яўлялася падставай заключэння ў адмысловыя лагеры удоваў, чые мужы былі пакараныя па рашэнні Ваеннай Калегіяй Вярхоўнага Суда СССР. Гэта мільёны сірот, у якіх скралі дзяціства і зламалі юнацтва.

У 1920-х - першай палове 1950-х гадоў у Беларусі рэпрэсіям падверглася значная частка насельніцтва. Паводле афіцыйных дадзеных, было рэпрэсавана каля 600 тысяч чалавек (згодна падлікаў незалежных даследчыкаў - звыш 1,4 мільёна жыхароў Беларусі). Больш за 500 тысяч былі расстраляныя, закатаваныя ў засценках НКВД, загінулі ў ГУЛАГу.

З першых гадоў ўсталявання савецкай улады ў краіне праводзілася вынішчэньне цэлых груп насельніцтва паводле класавага і саслоўнага становішча: буржуазія, афіцэры, святары і сялянства.

Да істотнага разбурэння нацыянальных каштоўнасцяў, рэлігіі і культуры большасці беларускага народа прывяла палітыка генацыду ў нацыянальна-культурнай сферы.

У ілюзорнай спробе стварыць гэтак званы тып савецкага чалавека, краіне навязалі гвалтоўную асіміляцыю і русіфікацыю этнасаў, накіраваныя на знішчэнне яе духоўнага жыцця.

Рэалізацыя ідэі татальнай неадменнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі прывяла не толькі да голаду, у выніку якога былі згубленыя сотні тысяч жыццяў, але і да масавага рабаўніцтва і знішчэнню сялянства.

У БССР «раскулачылі» больш за чвэрць мільёна чалавек, давялі да галечы і разбурылі не менш за 80% сялянскіх гаспадарак. У выніку гэтай палітыкі былі падарваныя асновы ўсёй сельскагаспадарчай вытворчасці Беларусі.

Даносы, масавыя арышты, катаванні, расстрэлы, гібель ні ў чым не вінаватых людзей спарадзілі ў грамадстве атмасферу страху, прывялі да няўпэўненасці ў асабістай бяспецы, да адчування татальнай пагрозы з-за свавольства ўладаў.

Вывучаныя трыбуналам матэрыялы ўтрымліваюць пераканаўчыя доказы наяўнасці яшчэ аднаго злачынства - масавага забойства органамі НКУС увесну 1940 г. на тэрыторыі Беларусі не менш як 4000 афіцэраў польскага войска і больш за 7000 чалавек гражданскага насельніцтва.

Усе рэпрэсіўныя дзенні, санкцыянаваныя сталінскім кіраўніцтвам партыі і дзяржавы, з'яўляліся часткай супрацьпраўных, карных акцый таталітарнай сістэмы, скіраваных у дадзеным выпадку супраць грамадзян суседняй дзяржавы, у тым ліку ў значнай ступені - ваеннапалонных, якія асабліва абараняюцца міжнародным правам.

Вынікі рэпрэсіўнай палітыкі савецкай улады трагічныя: за кароткі гістарычны перыяд кожны восьмы жыхар Беларусі апынуўся за кратамі ці за калючым дротам, кожны пяты быў дыскрымінаваны, пазбаўлены грамадзянскіх правоў.

У шэрагу населеных пунктаў з прычыны сталінскага тэрору загінула больш жыхароў, чым за перыяд нацысцкай акупацыі.

Злачынная рэпрэсіўная палітыка савецкага кіраўніцтва пазней прывяла да велізарных людскіх страт у гады. Другой сусветнай вайны: дзесяткі мільёнаў загінулых, мільёны ваеннапалонных, сотні тысяч калабарантаў і невяртанцаў з лагераў перамешчаных асоб.

Найбольш характэрнымі прыкметамі бальшавізму, як сацыяльна-палітычнага феномена з'яўляцца: фізічны і духоўны генацыд; адмаўленне духоўнага плюралізму і зацвярджэнне манаполіі на ідэалогію; гвалтоўнае рашэнне сацыяльных праблем; дэвальвацыя каштоўнасці чалавечага жыцця; насаджэнне ў грамадстве татальнага сачэння і даносаў; кіраванае правасуддзе.

Незавершаны працэс дэсталінізацыі на постсавецкай прасторы стварае глебу для перыядычных спробаў рэабілітацыі сталінізму. Крывавы ўрок мінулага так і не засвоены дзецьмі і ўнукамі тых, хто стаў ахвярамі злачыннай улады.

Грамадскі трыбунал па разглядзе злачынстваў сталінізму ў Беларусі:

канстатуе,

што вывучаная Грамадскім трыбуналам доказная база пацвярджае вінаватасць камуністычнай партыі Савецкага Саюза і створанай ёю сістэмы карных органаў (ЧК-ВЧК-ГПУ-ОГПУ-НКВД-МГБ-КГБ) у арганізацыі і ажыццяўленні масавых рэпрэсій супраць свайго народа і замежных грамадзян;

падкрэслівае, што без справядлівага грамадскага суда нашчадкаў над злачынным рэжымам немагчыма станаўленне прававой дзяржавы;

лічыць неабходным актывізаваць працу па ўшанаванні памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. З гэтай мэтай ажыццявіць наступныя мерапрыемствы:

- Правесці поўную і канчатковую рэабілітацыю ахвяр палітычнага тэрору перыяду 1920-1950-х гадоў. Аднавіць ільготы ахвярам палітычных рэпрэсій і членаў іх сем'яў;

- Патрабаваць ад вышэйшых органаў улады і кіравання Рэспублікі Беларусь неадкладна выканаць пастанову Савета міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 года «Аб увекавечванні памяці ахвяр масавых рэпрэсій 1937-1941 гадоў у лясным масіве Курапаты»;

- Узвесці ў Мінску агульнанацыянальны помнік загінулым, які быў бы пастаўлены дзяржавай і ад імя дзяржавы. Неабходна, каб помнікі ахвярам тэрору з’явіліся па ўсёй краіне;

- Стварыць агульнанацыянальны Цэнтр даследавання савецкага тэрору, які адпавядаеў бы па сваім статусе ўзроўню маштабаў трагедыі, і зрабіць яго метадычным і навуковым цэнтрам музейнай працы па гэтай тэме.

- Забяспечыць поўны доступ у дзяржаўныя і ведамасныя архівы, перш за ўсё КДБ і МУС перыяду 1920-1950-х гадоў;

- Правесці археалагічныя і навукова-даследчыя работы па выяўленні месцаў масавых пахаванняў і расстрэлаў , правесці іх мемарыялізацыю;

- Забяспечыць размяшчэнне ў адпаведных музейных установах экспазіцый, якія адлюстроўваюць гісторыю рэпрэсій савецкага перыяду;

- Стварыць агульнадзяржаўную інфармацыйную сістэму для музейна-мемарыяльнай сеткі, адзінай мультымедыйнай кнігі памяці, а таксама баз дадзеных у сферы ўшанавання памяці ахвяр палітычных рэпрэсій;

- Правесці навукова-даследчыя работы і цыклы мерапрыемстваў, накіраваныя на ўвекавечанне памяці пацярпелых ад рэпрэсій;

- Распрацаваць адукацыйныя і асветніцкія праграмы па гэтай тэме з іх наступным уключэннем у агульнаадукацыйныя праграмы асноўнай агульнай, сярэдняй агульнай адукацыі і ВНУ ,і ў сетку тэле- і радыёвяшчання краіны.

заклікае далучыцца да ініцыятывы Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Украіны, Грузіі, Румыніі і Балгарыі аб стварэнні міжнароднага ўстановы па расследаванні злачынстваў камунізму і прыцягненню вінаватых да адказнасці.

Статуты Нюрнбергскага і Такійскага ваенных трыбуналаў, Жэнеўская Канвенцыя 1948 «Аб папярэджанні злачынства генацыду і пакарання за яго», нацыянальнае заканадаўства усталёўваюць міжнародную крымінальную адказнасць асобаў, вінаватых у здзяйсненні генацыду, незалежна ад іх грамадскага становішча, а таксама незалежна ад таго, здзяйсняецца генацыд ў мірны, або ў ваенны час.

Суд над генацыдам і асобамі, вінаватымі ў яго здзяйсненні, можа быць ажыццёўлены ў любой дзяржаве ,якая падпісала Канвенцыю, аб міжнародным крымінальным трыбунале, што ствараецца для гэтага пагадненнем дзяржаў. Гэта злачынства не мае тэрміну даўнасці.

Сталінізм не павінен мець шанцаў на адраджэнне. Краіна, якая не можа ці не хоча адкрыта прызнаць злачынствы і памылкі сваіх папярэднікаў, асуджаная на іх паўтарэнне.

Мінск, 28 кастрычніка 2015 года

Спампаваць doc-вэрсію з падпіснымі лістамі можна тут:

Абвінаваўчае заключэнне грамадскага Трыбуналу

Свой подпіс у падтрымку петыцыі можна паставіць тут.

Дадатковая інфармацыя