За ўратаваньне Мэмарыялу - Кнігі

Кнігі

"Восень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі"

Зборнік матэрыялаў міжнароднай канферэнцыі "Верасень 1939 года ў гістарычнай традыцыі і вуснай гісторыі", якая адбылася 26-27 верасня 2014г. у Мінску і была прысвечана 75-годдзю вераснёвых падзеяў 1939 г.

Аснову зборніка склалі матэрыялы вуснагістарычных даследаванняў, якія дазваляюць убачыць той вобраз сацыяльных і палітычных пераменаў восені 1939 – вясны 1941 г., якія захавала памяць непасрэдных сведкаў і ўдзельнікаў тых падзей. Іх дапаўняюць артыкулы, падрыхтаваныя ў рамках дамінуючай гістарычнай традыцыі. Суаднісенне розных накірункаў гістарычных даследаванняў у межах вывучэння палітычных і сацыяльных трансфармацый 1939 г. у Заходняй Беларусі спрыяе іх навуковаму пераасэнсаванню і дазваляе вывесці дыскусію пра "ўз'яднанне беларускага народу" на больш высокі ўзровень.

Іншай важнай часткай зборніка з'яўляюцца тэксты, прысвечаныя тэарэтычным і практычным аспектам вуснагістарычных даследаванняў, якія адлюстроўваюць развіццё гэтага накірунку гуманістыкі ў Беларусі.

Курапаты

Курапаты
Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва (1993)

Ня трэба думаць, дарагі чытач, што гэта нейкая асаблівая, праклятая людзьмі і Богам зямля, - па сутнасьці, гэта тыя-ж самыя мясьціны, па якіх штодня ходзім мы, дзе адпачываем на лагоднай прыродзе ў выхадныя і сьвяточныя дні, дзе весяла гуляюць, нічога ня ведаючы аб мінулым, нашы бесклапотныя дзеці. Так, яны ня шмат што ведаюць з тых жахлівых часоў, ды і мы, дарослыя, інфармацыю такога роду пачалі атрымліваць толькі ў апошні час. Шмат год у краіне дзейнічалі сілы (яны дзейнічаюць і цяпер, хіба што іншымі мэтадамі), вельмі зацікаўленыя схаваць даўнія справы пад покрыва «сакрэтнасьці», утаіць ад народу свае крывавыя сьляды. Толькі, як даўно вядома, злачынствы кепска ўжываюцца з самай найсакрэтнай сакрэтнасьцю, рана ці позна яны выходзяць на сьвет Божы, каб лішні раз закляйміць зло і засьведчыць неабходнасьць пільнасьці.

Дарога праз Курапаты

Дарога праз Курапаты
Зборнік рэпартажаў Радыё Свабода (2002)

У верасьні 2001 г. улады Беларусі распачалі пракладку Менскай Кальцавой Дарогі праз Курапацкі лес. Можна было высунуць тэхнічныя абгрунтаваньні, можна было разьвесць рукі і сказаць: “Што паробіш?” Але пачатак гэтых працаў быў выклікам для беларускай грамадзкасьці. У Курапатах спачываюць тысячы ахвяраў бальшавіцкага рэжыму, Курапаты сталі сусьветнавядомым сымбалем ня толькі камуністычных злачынстваў, але праўда пра іх стала штуршком да станаўленьня новай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. І вось па памяці павінен быў прайсьціся нож бульдозэра. У тыя верасьнёўскія дні 2001 г. ніхто яшчэ ня ведаў, што гэта толькі пачатак, што паўстане ўнікальная кругласутачная вахта, што трактары будуць бурыць крыжы, што згарыць намёт, што магнітафоны журналістаў будуць замярзаць пры мінус 20 градусах, а валанцёры будуць абараняць Курапаты. Пра ўсе гэтыя падзеі распавядае кніга “Дарога праз Курапаты” – у рэпартажах, запісах успамінаў, сьведчаньнях удзельнікаў падзеяў. Выданьне падрыхтаванае Беларускай службай Радыё Свабода, якая зрабіла ці не найбольш для распаўсюду інфармацыі пра адстойваньня беларускай грамадзкасьцю свайго права на памяць. А ў самым пачатку кнігі зьмешчаны сьпіс валанцёраў – абаронцаў Курапатаў.

 Спасылка на электронны варыянт кнігі

Курапаты

Курапаты
З.Пазьняк, Я.Шмыгалёў, М.Крывальцэвіч, А.Іоў (1994)

Зборнік з'яўляецца дакумэнтальным сьведчаньнем пра злачынствы бальшавіцкага рэжыму ва ўрочышчы Курапаты паблізу Менска. Курапаты - першае з адкрытых у Беларусі месцаў, дзе былі зьнішчаныя і пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў. Яно стала сымбалем генацыду супраць уласнага народу. Уключаныя ў зборнік матэр'ялы абуджаюць памяць пра нявінна забітых, заклікаюць шанаваць свабоду ў сумленьне. 

Спасылка на электронны варыянт кнігі

Дадатковая інфармацыя