За ўратаваньне Мэмарыялу - Валянцін Мазец - Таталітарызм і сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі

Валянцін Мазец - Таталітарызм і сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі

Субота, 01 Лістапад 2014. Чорная Кніга Сталінізму, Навіны

Фарміраванне адміністрацыйна-каманднай, таталітарнай сістэмы ў СССР у цэлым і ў БССР у прыватнасці залежала ў значнай ступені ад месца і ролі ў гэтай сістэме сродкаў масавай інфармацыі.

Менавіта ўстанаўленне манаполіі на СМІ з’яўлялася адной з першачарговых задач, якую імкнуліся партыйна-савецкія органы ў БССР. Так, ужо ў студзені 1921 года Прэзідыум ЦВК БССР прыняў пастанову “Аб утварэнні Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі і цэнтралізацыі друкарскай справы”. У гэтым жа годзе было зацверджана “Палажэнне аб Дзяржаўным выдавецтве”, якім былі вызначаны асноўныя задачы: выпуск уласных выданняў і рэгуляванне ўсёй выдавецкай дзейнасці ў рэспубліцы [1]. Пры Белдзяржвыдавецтве быў зацверджаны аддзел перыядычнага друку. У гэты аддзел увайшлі прадстаўнікі  ўсіх газет, што выдаваліся на тэрыторыі  БССР. Такім чынам, дзяржавай былі зроблены першыя крокі , накіраваныя  на ўстанаўлення кантролю за сродкамі масавай інфармацыі.

 У красавіку 1922 года па ініцыятыве Інбелкульта было створана кааператыўнае выдавецкае таварыства “Адраджэнне” на чале з Антонам Баліцкім. Да канца 1922 года таварыствам было выпушчана 13 назваў падручнікаў, навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры. Таварыства паспела выпусціць літаратурна-навуковы веснік “Адраджэнне”, змест асобных артыкулаў якога Цэнтральным бюро КП(б)Б быў успрыняты як антысавецкі. Таму восенню 1922 года ЦБ КП(б)Б праводзіць рэарганізацыю выдавецкага таварыства “Адраджэнне” у выдавецтва “Савецкая Беларусь”, а са снежня 1922 года пачаў выходзіць новы літаратурна-мастацкі часопіс “Полымя”.

Значная ўвага адводзіцца пытанням палітычнай асветы і прапаганды. Таму ў маі 1922 года  было арганізавана партыйнае выдавецтва “Наперад”, галоўнай мэтаю якога быў выпуск прапагандысцкай літаратуры. За 1922 год выдавецтва  выпусціла 4 нумары часопіса “Наперад”, матэрыялы ХІ канферэнцыі КП(б)Б і некалькі прапагандысцкіх брашураў [2].

Паступова  ў БССР усталёўваецца цэнзура. Па ініцыятыве ЦБ КП(б)Б, у адпаведнасці з пастановай СНК БССР у студзені 1923 года было створана Галоўнае ўпраўленне  па справах літаратуры і выдавецтваў (Галоўліт). Галоўліт з’яўляўся структурным звяном Наркамату асветы, а палітычнае кіраўніцтва Галоўлітам  ажыццяўляў аддзел друку ЦК КП(б)Б. З моманту стварэння Галоўліт разглядаецца партыйнымі органамі як галоўны орган ідэалагічнай барацьбы, які павінен быў не дапускаць выхаду публікацый, змест якіх супярэчыў афіцыйнай ідэалогіі.      

 У 1923 годзе адбываецца далейшае ўзмацненне партыйнага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі. У маі пры агітацыйна-прапагандысцкім аддзеле ЦК КП(б)Б быў створаны Савет па друку [3].  Савет па друку сістэматычна разглядаў планы выдавецтваў “Белтрэстдрук” і “Савецкая Беларусь”. У 1923 годзе пачынаюць выходзіць перыядычныя выданні ЦК ЛКСМБ: “Маладняк”, “Малады араты”, “Чырвоная змена”, “Дэр юнгер арбэтэр”. Усяго, паводле праведзеных падлікаў, у 1923 годзе выходзіла 20 часопісаў і 26 газет.

У чэрвені 1924 года выдавецтвы “Белтрэстдрук” і “Савецкая Беларусь” былі аб’яднаныя ў Беларускае Дзяржаўнае выдавецтва, якое ўзначаліў Зміцер Жылуновіч. Белдзяржвыдавецтва выпусціла ў 1924/1925 выдавецкім годзе 135 назваў кніг і брашураў, з якіх на беларускай мове – 100, на ідыш – 15, на расейскай – 12. Упершыню суадносіны змяніліся на карысць беларускамоўных выданняў і па рэспубліцы ў цэлым [4].  Павялічваецца колькасць часопісаў з 25 да 43, а газет – з 33 да 42, пераважная большасць якіх выходзіла на беларускай мове.

Павелічэнне  колькасці перыядычных выданняў суправаджаецца ўзмацненнем партыйнага кантролю. 30 верасня 1925 года пры Народным камісарыяце ўнутранага гандлю быў створаны Камітэт па рэгуляванню дзейнасці выдавецтваў, у абавязкі якога ўваходзіў кантроль за дзейнасцю выдавецкіх прадпрыемстваў, а таксама арганізацый, як дзяржаўных, так і грамадскіх, прыватных, што займаюцца гандлем і распаўсюджваннем друкаванай прадукцыі, а таксама рэгуляванне гаспадарча-камерцыйнай дзейнасці па выданню і распаўсюджванню перыядычных і неперыядычных выданняў [5].

Перыядычныя выданні адлюстроўвалі  на сваіх старонках поспехі і цяжкасці працэсу беларусізацыі, галоўныя падзеі грамадска-палітычнага жыцця, развіццё эканомікі і культуры рэспублікі. Разам з тым, усё больш месца адводзіцца пытанням агітацыі і прапаганды. Да канца 1929 года ў БССР працавала 5 выдавецтваў рэспубліканскага значэння, 5 часопісна-газетных выдавецтваў пры абласных газетах, а таксама 8 рэдакцыйна-выдавецкіх адделаў [6].

У канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў  адбываецца ўсталяванне асноўных прынцыпаў  ідэалагічнай работы, адпавядаючых набіраўшай моц таталітарнай сістэме. У склаўшыхся ўмовах сродкі масавай інфармацыі  і кнігі выходзяць на першы план у барацьбе на ідэалагічным фронце. Так, у чэрвені 1929 г. на паседжанні ЦК КП(б)Б быў падвергнуты рэзкай крытыцы артыкул Зм. Жылуновіча “20 год назад. (Успаміны з мінулага). Яго аўтара звольнілі ўжо чарговы раз, на гэты раз з працы ў рэдакцыі часопіса “Полымя” [7].

У адпаведнасці з прынятаю ў студзені 1930 г. пастановаю “Аб зацвярджэнні палажэння пра дзяржаўныя і грамадскія выдавецтвы” стваралася строгая сістэма планавання работы выдавецтваў і кантролю за іх дзейнасцю. У гэтым жа годзе ЦК КП(б)Б  прынімае разгорнутую пастанову  па справаздачы Белдзяржвыдавецтва. Пастановай прадугледжвалася  ўзмацненне адказнасці рэдактараў і палітычных рэдактараў за змест выпускаемай літаратуры. Для ажыццяўлення палітыкі ў выдавецкай справе было прапанавана ўмацаваць Белдзяржвыдавецтва і кнігагандлёвыя органы работнікамі-камуністамі [8]. Трэба адзначыць, што гэтая пастанова з’явілася працягам палітыкі ЦК КП(б) Б у выдавецкай справе, накіраванай на ўсталяванне ўсебаковага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі.

28 студзеня 1930 года  у артыкуле газеты “Звязда” адзначалася: “Камуністычны друк – калектыўны агітатар, прапагандыст і арганізатар сацыялістычнай рэканструкцыі народнае гаспадаркі, мацнейшая зброя  ленінскай нацыянальнай палітыкі партыі.”

Вялікая ўвага партыйнымі органамі надавалася такому сродку масавай інфармацыі, як радыё. У канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў у БССР разгортваецца радыёфікацыя. Радыё разглядаецца як сродак прапаганды задач камуністычнае партыі і магутны сродак палітычнага і культурнага выхаваньня працоўных мас, як вострая зброя, якая дапамагае змагацца і перамагаць заклятага ворага – кулака, нэпмана і іх саюзнікаў – папоў усіх масцей і іншых ворагаў пралетарыяту.” [9]. 

Перад перыядычнымі выданнямі ў пачатку 30-х гадоў партыйнымі органамі ставілася задача ідэалагічнага забяспячэння правядзенню калектывізацыі: “Беларуская вёска” павінна рашуча выправіць свае памылкі. Не плясьціся ў хвасьце, а быць на чале сацыялістычнай перабудовы вёскі” [10]. У 1930 годзе пачалі выходзіць спецыяльныя перыядычныя выданні рэспубліканскага маштабу, у якіх прапагандуецца ідэя калектывізацыі сельскай гаспадаркі: часопісы “Шляхі калектывізацыі”, “Беларуская работніца і сялянка”, “Сельская і лясная гаспадарка”.

Разгорнутая ў БССР антырэлігійная кампанія знайшла сваё адлюстраванне ў сродках масавай інфармацыі. Беларускае Дзяржаўнае выдавецтва наладзіла выпуск літаратуры, аб’яднанай у “Бібліятэку бязбожніка”.

У прывітанні Беларускаму Дзяржаўнаму выдавецтву Менскі  акруговы камітэт КП(б)Б  у сувязі з пяцігоддзем  падкрэслівалася “вялікая арганізуючая і выхаваўчая роля друку, як зброі культурнай рэвалюцыі, як зброі нацыянальнай палітыкі партыі для барацьбы з беларускім нацыянал-дэмакратызмам  і шавінізмам усіх колераў” [11]. Менавіта гэтым задачам і была падпарадкавана ўся дзейнасць БДВ і перыядычнага  друку. Самай галоўнай ідэалагічнай задачай, што стаяла перад перыядычным друкам ў пачатку 30-х гадоў,  была барацьба супраць беларускага нацыянальнага руху, на актыўных дзеячоў якога былі навешаны ярлыкі “нацыянальных дэмакратаў” і “ворагаў народа”.

Акадэмік Васіль Шчарбакоў у сваёй кнізе “Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі” адзначаў: “У адносінах выкрыцця варожых установак і вылазак чуждых нам гісторыкаў Беларусі асабліва вялікія заслугі  мае газета “Звязда” і часопіс “Большэвік Беларусі” – органы ЦК КП(б)Б. І ў “Звяздзе” і ў “Большэвіку Беларусі” з’яўляецца цэлы рад крытычных, выкрываючых шкодныя ўстаноўкі артыкулаў і рэцэнзій.” [12]. Сапраўды, на старонках часопіса “Большэвік Беларусі” рэгулярна друкаваліся, часта ананімныя, рэцэнзіі-даносы на творы асобных пісьменнікаў, паэтаў, навукоўцаў [13]. І. Данільчык і Я. Карнейчык у артыкуле “Супраць нацыянал-дэмократычных выпраўленняў гісторыі Савецкай Беларусі” выступаюць з правакацыйным заклікам: “Хутчэй варушэцеся з прызнаньнем і асуджэньнем сваіх нацыянал-дэмакратычных памылак, - скажам і мы ў заключэньне іншым нацыянал-дэмакратычным ухілістым” [14]. Менавіта на аснове асабістых   прызнанняў , як сведчыць юрыдычная практыка 30-х гадоў, даволі часта будаваліся абвінавачванні і выносіліся прысуды. 

Адчувальны ўклад у пошук і выкрыццё “ворагаў” быў зроблены часопісам “Савецкая краіна”. У артыкуле Л. Бабровіча і Ів. Шпілеўскага “Супраць контр-рэвалюцыйных нацдэмаўскіх тэорый у этнографіі” носьбітамі гэтых тэорый былі названыя Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, М. Каспяровіч, а галоўным ідэолагам – В. Ластоўскі. У другім сваім артыкуле “Мовазнаўства, як сродак клясавай барацьбы ў руках беларускіх нацыянал-дэмакратаў” Л. Бабровіч і Ів. Шпілеўскі ўчыняюць сапраўдны пагром беларускага мовазнаўства, скіраваўшы свой галоўны ўдар супраць супрацоўнікаў Інстытута мовы Беларускай Акадэміі навук: Я.Лёсіка, І. Чаржынскага, М.Гуткоўскага і іншых [15].

Уся выдавецкая справа ў 30-я гады знаходзіцца пад жорсткім кантролем з боку партыйных органаў. Адной з самых распаўсюджаных формаў даносаў, пасля якіх прымаліся адпаведныя меры, былі дакладныя запіскі. Характэрным сведчаннем гэтага з’яўляецца “Дакладная запіска” за 11 лютага 1933 года ў ЦК КП(б)Б Я.Сініцкага, у якой той дае характарыстыку часопісаў “Шляхі калектывізацыі”, “Паляўнічы Беларусі”, “Тэхніка ў масы” і “Савецкая краіна” за 1932 год. Рэдакцыя часопіса “Шляхі калектывізацыі” была абвінавачана ў тым, што у часопісе“амаль зусім не закраналася пытаньне  барацьбы з кулацкімі контррэвалюцыйнымі элементамі, якія ўсялякімі спосабамі імкнуліся сарваць збожжазагатоўкі” [16]. Недахопы “Паляўнічага Беларусі”, па меркаванню Я. Сініцкага, заключаліся ў тым, што ў гэтым часопісе “палітычныя артыкулы не зусім удалыя і не зусім канкрэтныя, г.зн. не праламляюць дырэктыў партыі і ўраду ў канкрэтнай галіне сваёй работы” і ўвогуле “гэта лішні, казённы, ведамственны зборнічак рэзалюцый, пастаноў Белахотсаюзу з аздобай “творчасцю” літаратурных халтуршчыкаў В. Целеша і Т. Кляшторнага” [17].  Рэдакцыя часопіса “Тэхніка масам” была абвінавачана ў тым, што “Маркс, Энгельс і Ленін, - характарызаваліся ў адным з артыкулаў, - як  вялікія тэарэтыкі, а  т. Сталін – толькі як вялікі практык.”  Рэдакцыя часопіса “Савецкая краіна”, нягледзячы нават на ранейшыя заслугі ў выкрыцці “ворагаў народа”, была падвергнута рэзкай крытыцы нават за выкарыстанне тэрміна “адраджэнне” у №9 часопіса за 1932 год у артыкуле “Тарфяныя рэсурсы БССР”. “Рэдакцыя ня можа не знаць, што лёзунг “адраджэньня” нацдэмаўскі, контррэвалюцыйны лёзунг” – падкрэсліў Я. Сініцкі [18].

На падставе дакладной запіскі 18 красавіка 1933 года Бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэнне закрыць вышэй адзначаныя часопісы і яшчэ 7 выданняў. Пастановаю прадугледжвалася “абавязаць рэдактараў і членаў рэдкалегій часопісаў пад іх персанальную адказнасць забяспечыць сапраўды бальшавіцкі кантроль за зьместам  часопісаў” [19]. Разам з рэдактарамі часопісаў адказнасць за змест часопісаў  ускладвалася  і на кіраўнікоў тых установаў і арганізацый, выданнем якіх з’яўляўся часопіс.

Выступаючы перад рабселькораўцамі Мінскага раёну, загадчык аддзелу культуры і прапаганды ленінізму ЦК КП(б)Б Д. Конік выказаў бачаннне партыйнымі органамі ролі і месца сродкаў масавай інфармацыі ў грамадстве: “у адрозненне ад буржуазнай прэсы, наш друк з’яўляецца магутнай зброяй у руках большэвіцкай партыі, зброяй класавай барацьбы” [20]. 

У 1934 годзе пачаў выходзіць часопіс “Большэвіцкі друк”, разлічаны на партыйны актыў, работнікаў райкамаў і гаркамаў, цэнтральных, раённых, гарадскіх, палітаддзельскіх, фабрычна-завадскіх і транспартных газет і рабселькораў БССР. Перад рэдакцыяй гэтага часопіса была пастаўлена задача: кіраўніцтва друкам і дапамога ў рабоце рэдакцыям газет, кіраўніцтва рабселькораўскім рухам. Дзеля дэталёвага аналізу выпускаемай друкаванай прадукцыі выдаецца крытыка-бібліяграфічны бюлетэнь.

Нягледзячы  на закрыццё асобных перыядычных выданняў, да сярэдзіны 30-х гадоў іх агульная колькасць не змяншалася, а наадварот – павялічвалася. Так,  калі ў 1925 годзе ў БССР выходзілі 42 друкаваныя газеты, то ў 1930 годзе іх было ужо 118, а ў 1934 – 349, з якіх 11 – цэнтральных, 75 – раённых газет. Амаль кожны калгас, саўгас і іншыя прадпремствы і арганізацыі мелі свой насценны друк. Гэтыя факты сведчаць пра тое, якую вялікую ролю адыгрывалі сродкі масавай інфармацыі ў ідэалагічнай апрацоўцы насельніцтва.

Дзеля падрыхтоўкі журналістаў восенью 1932 г. быў арганізаваны Камуністычны інстытут журналістыкі (КІЖ). Да першага ліпеня 1934 г. у ім навучалася 189 чалавек і быў праведзены першы выпуск 37 работнікаў раённага і палітаддзельскага друку. Падрыхтоўка новых журналсцкіх кадраў была рэччу вельмі неабходнай у той час. Пасля праведзеных у пачатку 30-х гадоў масавых чыстак у рэдакцыях і выдавецтвах БССР адчуваецца востры недахоп кадраў. Пра гэта сведчыць пісьмо сакратара ЦК КП(б) Б  Гікалы у ЦК ВКП(б). У пісьме ён адзначае:”На сучасны момант не хапае каля 70 кіруючых работнікаў друку. Рэдакцыі цэнтральных газет рэспублікі: “Звязда”, “Рабочий”,  рэспубліканскай яўрэйскай газеты “Октябрь”, польскай газеты “Орка”, газеты шэрагу прамысловых раёнаў, Белдзяржвыдат, Галоўліт і    КІЖ  адчуваюць выключна вострую патрэбу у кваліфікаванных партыйных газетных кадрах.” Вырашыць гэтую праблему ўласнымі сіламі Гікала лічыў не магчымым. Асабліва цяжкая сітуацыя з кадрамі была ў Галоўліце. З 12 штатных работніках Галоўліта пасля праведзеных чыстак у 1936 годзе засталося толькі 2. Не было начальніка Галоўліта, намесніка і 5 рэдактараў [21].

Кола рэпрэсій паступова набірала свае абароты ў рэспубліцы. Гэта адбівалася і на выдавецкай справе. Пачынаючы з 1932 г.  да 1937 г. колькасць часопісаў скарацілася  з 28 да 10, а тыраж  - з  1 млн. 488 тысяч экзэмпляраў да 584 тысяч. З 1934 да 1937 года  агульная колькасць выпускаемых газет скарацілася з 349 да 197, а іх тыраж зменшыўся з 23 млн. 169 тысяч да 19 млн. 767 тысяч [22].

У 1937-1939 гг. перыядычныя выданні  становяцца сродкам абгрунтавання  разгорнутых у дзяржаве масавых рэпрэсій. Дастаткова толькі паглядзець адныя назвы артыкулаў газеты “Звязда” за студзень–сакавік 1938 года: “Ліквідаваць шкодніцтва ў ахове здароўя”, “Варожая рука арудуе у калгасе “Чырвоны араты”,    “Шкоднікі ў лясгасе” (9 студзеня ),  “Тройчы праклятыя шпіёны і правакатары”, “Калі вораг не здаецца – яго знішчаюць” (6 сакавіка), “Дзякуй НКВД, які выкрыў змяінае гняздо шпіёнаў”, “Прысуд адзін ім  - расстраляць” (12 сакавіка), “Народ вітае прыгавор”, “Да канца выкарчуем усіх ворагаў” (15 сакавіка ).

Даволі выразная характарыстыка месца перыядычнага друку ў грамадстве ў той час была дадзена загадчыкам аддзелу друку і выдавецтваў ЦК КП(б)Б В. Маліна. У артыкуле “Самая вострая і самая моцная зброя нашай партыі” ён падкрэслівае: “Друк – адзіная зброя, пры дапамозе  якой партыя штодзённа, штогадзінна гаворыць з рабочым класам  на сваёй, патрэбнай яму мове, - але разам з тым, - пэўная  частка работнікаў  друку БССР не здала сур’ёзнага палітычнага экзамена і не апраўдала высокага давер’я, якое ім аказвае партыя, і што не ўсе яшчэ газеты поўнасцю апраўдваюць сваё высокае назначэнне калектыўнага прапагандыста, агітатара і арганізатара” [23].

15 сакавіка 1938 года ЦК ВКП(б) прымае пастанову “Аб асвятленні ў газетах пытанняў партыйнага жыцця”. У гэтай пастанове крытыкавалася работа рэдакцый газет “Звязда” і “Советская Белоруссия” за “бессістэмнасць і павярхоўнасць у асвятленні пытанняў партыйнага жыцця”.

Вострай крытыцы з боку партыйных органаў рэспублікі былі падвергнуты рэдакцыі раённых газет –  веткаўскай, асвейскай, прапойскай і бярэзінскай раённых газет –  за вельмі слабое асвятленне партыйнага жыцця.  

Ад усіх супрацоўнікаў  СМІ партыйныя органы патрабуюць павышэння пільнасці “не на словах, а на справе,  ўмець распазнаваць і зрываць маскі з сапраўдных ворагаў партыі, рабочага класа, выкрываць шкурнікаў, кар’ерыстаў і перастрахоўшчыкаў” [24]. Газеты былі абавязаныя “ўсебакова весці сваю работу па паказу перамог сацыялістычнага будаўніцтва ў Беларускай ССР, паказу росквіту культуры, нацыянальнай па форме, сацыялістычнай па зместу, паказу росту матэрыяльнай забяспечанасці жыцця працоўных.”

Пры гэтым задача “далейшага ачышчэння кадраў работнікаў друку ад прытаіўшыхся  і пакуль яшчэ нявыкрытых ворагаў і іншых чужых  элементаў” лічылася важнейшай і галоўнейшай задачай работнікаў сродкаў масавай інфармацыі.

У 1938 годзе быў апублікаваны “Кароткі курс гісторыі ВКП(б)”. Па частках  яго друкавалі цэнтральныя рэспубліканскія газеты “Советская Белоруссия” і “Звязда”. 14 лістапада 1938 года ЦК ВКП(б) прынімае пастанову “Аб арганізацыі партыйнай прапаганды ў сувязі з выпускам “Кароткага курса гісторыі ВКП(б)”, у якой вызначаецца роля сродкаў  масавай  інфармацыі ў прапагандзе марксізма-ленінізма. У адпаведнасці з гэтаю пастановаю аб’ядноўваліся  аддзелы партыйнай прапаганды і агітацыі і  аддзелы друку і выдавецтваў як у апараце ЦК, так і ў апаратах ЦК нацыянальных  камуністычных партый у адзіныя аддзелы прапаганды і агітацыі [25].     

Такім чынам, на працягу 20-х – 30-х адбываецца ўсталяванне сістэматычнага, ўсебаковага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі. Паступова павялічваецца агульная колькасць і тыраж перыядычных выданняў, нягледзячы на закрыццё асобных газет і часопісаў, пра што сведчаць дадзеныя табліц № 55 і № 59 статыстычнага зборніка “Друк Беларускай ССР. 1918 – 1980”. Перыядычныя выданні ва ўмовах усталявання таталітарнага рэжыму з’яўляліся сродкам ідэалагічнага ўздзеяння на шырокія масы насельніцтва з мэтаю апраўдання дзеянняў уладаў у час правядзення рэпрэсій. Вялікую ролю ва ўзаемаадносінах паміж сродкамі масавай інфармацыі і дзяржаваю мела цэнзура, што ажыццяўлялася Галоўлітам. Шляхам ускладвання персанальнай адказнасці за змест газеты ці часопіса на рэдактара выдання партыйна-дзяржаўныя органы дабіваліся безумоўнага падпарадкавання іх сваім інтарэсам, выключалі верагоднасць прапаганды СМІ альтэрнатыўных ідэалагічных канцэпцый. 

Другая сусветная вайна, якая прынесла вялікія чалавечыя і  матэрыяльныя страты, разам з тым прывяла да істотнага паслаблення ідэалагічнага кантроля з боку дзяржавы. Выклікана гэта было цэлым шэрагам фактараў. Усталяванне на Беларусі акупацыйнага рэжыму зрабіла немагчымым функцыянаванне тут  савецкай палітычнай сістэмы. Праяўленне масавага гераізму і спадзяванне на лібералізацыю палітычнага жыцця пасля вайны, знаёмства  франтавікоў з узроўнем жыцця ў краінах за межамі СССР прывялі да пераасэнсавання ўсёй сістэмы жыццёвых каштоўнасцяў.

Для аднаўлення ранейшых пазіцый партыйна-дзяржаўным органам неабходна было правесці значную ідэалагічна-прапагандысцкую  апрацоўку насельніцтва. Работа тут вядзецца адначасова па некалькі накірунках. Па-першае, таталітарная дзяржава ідзе па  апрабаваным яшчэ да вайны шляху. Ужо ў 1943 годзе аднаўляе сваю дзейнасць Галоўнае упраўленне па справах літаратуры і выдавецтваў (Галоўліт) пры СНК БССР, што разгортвае даволі актыўную дзейнасць з мэтаю наладжвання ўсеабдымнага кантролю ў інфармацыйнай сферы.

Да пачатку 1945 года аддзяленні Галоўліта дзейнічалі ва ўсіх абласцях рэспублікі, за выключэннем Полацкай. У сувязі з гэтым сакратару  па прапагандзе і агітацыі Полацкага абкаму КП(б)Б Сідаровічу старшыня Галоўліта Дадзіёмава ў сакавіку 1945 года накіравала ліст з патрабаваннем “прыняць меры для прызначэння начальніка Аблліту” [26].

У красавіку 1945 года Галоўлітам былі накіраваны пісьмы ў шэраг райкамаў КП(б)Б з патрабаваннем выслаць у Галоўліт сігнальны і абавязковы экзэмпляры газет.

Кіраўнік Галоўліта звяртаецца да сакратароў шэрагу райкамаў КП(б)Б (Красная Слабада і Старыя Дарогі Бабруйскай вобласці; Зэльва, Масты і Свіслач Гродзенскай, 2-х раёнаў Палескай вобласці, 2-х – Гомельскай і 4-х – Магілеўскай вобл.) з патрабаваннем высылаць у Галоўліт на  2 сігнальных і 2 абавязковых экземпляры раенных газет [27]. Летам 1945 года Галоўліт праверыў 15 нумароў абласной газеты “Гомельская праўда” за 16 чэрвеня – 10 ліпеня і 12 раённых газет з 15 чэрвеня  па 15 ліпеня, каб устанавіць, як перыядычны друк Гомельскай вобласці выконвае свае задачы, як “калектыўны прапагандыст, агітатар і калектыўны арганізатар народу на выкананне рашэнняў  партыі  і ўраду” [28]. Кіраўнік Аблліту Бельцер атрымаў указанне “прыняць меры, накіраваныя на тое, каб палітычныя рэдактары і райліты больш пільна сачылі за характарам публікуемых матэрыялаў [29].

Ідэалагічны ціск  органаў цэнзуры ўзмацняўся з кожным месяцам. Так,  ужо ў жніўні 1945 года ўсім Абллітам “для бесперабойнага палітычнага  кантролю за раённымі газетамі” было прапанавана “у самым тэрміновым парадку правесці вылучэнне ў кожным раёне намеснікаў райлітаў” [30].

Старшыня Галоўліта Ф.І. Дадзіёмава выявіла парушэнне ўстаноўленага дзяржаўнага парадку ажыццяўлення палітычнага кантролю за друка з боку кіраўніка БелТА Трацякова. Парушэнне заключалася у тым, што Трацякоў накіраваў “вечаровы дадатковы веснік рэспубліканскай інфармацыі” газеты і радыёкамітэту без візы цэнзара” [31].

Пасля праверкі перыёдыкі Баранавіцкай абласной і 3-х  раённых газет усім Абллітам было накіравана пісьмо з патрабаваннем “тэрмінова вылучыць у кожным раёне намеснікаў райлітаў дзеля ажыццяўлення пастаяннага палітычнага кантролю за раённымі газетамі”. Вынікі працы Галоўліта за 1944-1945 гады былі наступнымі: забаронены выпуск 37 тэкставых і 9 фотаілюстраваных твораў [32].

Перыядычны друк Баранавіцкай вобласці ў чарговы раз становіцца аб’ектам крытыкі органаў цэнзуры ў 1946 годзе. На гэты раз намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КП(б)Б Бугаёў адзначае нездавальняючую работу рэдакцыі Казловіцкай раённай газеты “Сцяг перамогі”: “Сістэматычна парушаюцца правілы цэнзуры: газета выходзіць без візы райліта” [33]. З мэтаю ажыццяўлення больш дзейснага кантролю ў ідэалагічнай сферы 15 чэрвеня 1946 года прынімаецца Пастанова Савета Міністраў БССР, у адпаведнасці з якой усе афіцыйныя матэрыялы, што накіроўваліся ў друк, рэдакцыі газет Беларусі павінны былі атрымліваць ад БелТА [34]. Планам  мерапрыемстваў Галоўліта на 1948 год прадугледжвалася узмацніць ідэалагічны кантроль органаў цэнзуры над усімі відамі друкаванай прадукцыі [35].

Разам з тым, і сам Галоўліт знаходзіцца  пад пільным кантролем партыйных  органаў. У выніку праверкі, арганізаванай ЦК КП(б)Б  у 1948 годзе, было выяўлена, што кіраўніцтва  Галоўліта  і яго супрацоўнікі  не дабіліся рэзкага ўзмацнення палітыка-ідэалагічнага кантролю за друкаванай прадукцыяй [36]. У сістэме Галоўліта БССР на той час працавала 95 чалавек, з якіх 42 – беларусы. Адукацыйны ўзровень цэнзараў быў адносна невысокі: вышэйшую адукацыю мелі 16, незакончаную вышэйшую – 10, сярэднюю – 40,  незакончаную сярэднюю – 18, пачатковую – 11.

 Пастаяннае ўзрастанне ідэалагічнага ціску прыводзіла да таго, што цэнзары не спраўляліся са сваімі абавязкамі. Таму ў 1947 годзе ў апараце Галоўліта пры штаце 28 чалавек на працу было прынята 11 і  звольнена 10 чалавек. За 1947-1948 гады склад Віцебскага Аблліту  абнавіўся на 100%, Маладзечанскага і Баранавіцкага – на 50-60%. Па выніках праверкі Галоўліта  прымаецца рашэнне ўмацаваць кіраўніцтва Галоўліта і склад яго цэнзараў [37]. 

Паводле дадзеных статыстычнага зборніка “Друк Беларускай ССР. 1918-1980” у 1946 годзе выходзіла 196 назваў газет агульным гадавым тыражом 134 млн. 223 тысячы экзэмпляраў. У 1953 годзе выходзіла 343 газеты, гадавы тыраж якіх дасягаў 214 млн. 512 тыс. экзэмпляраў. У 1955 годзе пры зніжэнні колькасці газет  да 218 назваў іх гадавы тыраж, тым не менш, павялічыўся да 233 мільёнаў 203 тыс. экзэмпляраў. Павелічэнне назіраецца ў выпуску часопісаў. Так, у 1946 годзе выходзіла толькі 8 часопісаў, гадавы тыраж якіх складаў 1359 тысячы экзэмпляраў, то ў 1955 годзе выйшла 16 часопісаў і 2 блакноты агітатара гадавым тыражом у 3 млн. 098 тысяч і 1 млн. 280 тысяч экзэмпляраў адпаведна [38].

Ідэалагічныя пытанні займалі першачарговае месца ў рабоце СМІ. Сведчаннем гэтага з’яўляецца той факт, што з агульнага ліку выпускаемых часопісаў выданні грамадска-палітычнай тэматыкі ў 1946 годзе складалі: 4 назвы часопісаў гадавым тыражом 844 тыс. экзэмпляраў, а ў 1955 – 7 часопісаў з агульным гадавым тыражом ў 3 млн. 243 тыс. Экзэмпляраў [39].  Такім чынам іх удзельная вага ў агульным тыражы выпускаемых часопісаў павялічылася з 62% да 74%.

Статыстычныя дадзенныя сведчаць таксама пра павелічэнне выпуску ў БССР колькасці газет і часопісаў на рускай мове на працягу 1946-1955 гадоў. Так, у 1946 годзе выходзіла 158 газет і 8 часопісаў на беларускай і 38 газет і 2 часопісы на рускай мове. У 1955 г. іх суадносіны былі наступнымі: 177 газет і 14 часопісаў на беларускай мове і 41 газета і 25 часопісаў – на рускай мове. Калі параўнаць агульны гадавы тыраж, то ён сведчыць пра павелічэнне ўдзельнай вагі рускамоўнага друку. Калі ў 1946 годзе выпускалася газет на беларускай мове тыражом 95 млн. 685 тыс. экзэмпляраў і на рускай мове – 38 млн. 538 тыс., то ў 1955 годзе суадносіны былі: 140 млн. 624 тыс на беларускай мове, 123 млн. 133 тысячы – на рускай мове. Калі ў 1946 годзе гадавы тыраж часопісаў на рускай мове складаў крыху больш 1%, то ў 1955 годзе ён складаў больш 31% ад агульнага аб'ёму. У кастрычніку 1947 года прымаецца Пастанова ЦК ВКП(б) пра выданне ўсіх абласных газет рэспублікі на 2-х мовах: беларускай і рускай, у адпаведнасці з якой Брэсцкая , Гродзенская, Маладзечанская, Пінская і Полацкая абласныя газеты сталі двухмоўнымі [40]. Такім чынам,  прыведзеныя вышэй факты сведчылі пра набіраўшую моц тэндэнцыю на пашырэнне сферы ўплыву расійскай мовы ў БССР у пасляваеннае дзесяцігоддзе.

Сродкі масавай інфармацыі, і ў першую чаргу перыядычны друк, партыя трымала пад сваім пастаянным кантролем. 16 сакавіка 1946 года на Бюро ЦК КП(б)Б  была прынята пастанова “Пра меры паляпшэння работы рэспубліканскіх камсамольскіх і піянерскіх газет”, у адпаведнасці з якою аддзелы прапаганды ЦК КП(б)Б  і ЦК ЛКСМБ павінны былі ўзмацніць кіраўніцтва і кантроль за работаю камсамольскіх газет, забяспечыць рашучае паляпшэнне ідэйна-палітычнага зместу газет “Сталинская молодёжь” і “Чырвоная Змена” [41].

Аналізуючы работу рэспубліканскіх газет з 1-га красавіка да 15 мая 1947 года, загадчык сектару Друку аддзела Агітацыі і прапаганды ЦК КП(б)Б Л.Стэрын зрабіў выснову, што “Советская Белоруссия” і “Звязда” дрэнна асвятляюць пытанні партыйнага жыцця і палітычнай работы ў масах [42].  Кансультант упраўлення прапаганды і агітацыі ЦК КП(б)Б Г. Канавалаў быў незадаволены тым, што газеты “Советская Белоруссия” і “Звязда” не выступілі з артыкуламі, у якіх выкрываецца нізкапаклонства перад рэакцыйнай буржуазнай культурай Захаду [43]. У ліпені 1947 года, пасля абмеркавання ў ЦК КП(б)Б работы рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, быў зацверджаны новы склад рэдкалегіі, а таксама было падкрэслена, што на сваіх старонках газета “павінна весці непрымірымую барацьбу за чыстату савецкай ідэалогіі, супраць усіх праяваў нацыяналізму, апалітычнасці і безыдэйнасці ў беларускай культуры, літаратуры і мастацтва” [44].

З мэтаю павышэння эфектыўнасці ідэалагічна-прапагадысцкай работы газет у лютым – сакавіку 1948 года праводзіліся 10-дзённыя  семінары для загадчыкаў аддзелаў партыйнага жыцця і савецкага будаўніцтва шэрагу  рэспубліканскіх і раённых газет у рэдакцыях газет “Правда” і “Известия”. У жніўні 1948 года ЦК КП(б)Б прымае пастанову “Аб рабоце газеты “Звязда”, у адпаведнасці з якой рэдакцыя газеты была абавязана павысіць ідэйны ўзровень публікуемых у газеце матэрыялаў па пытаннях ідэалагічнай работы партарганізацыі, звярнуўшы асаблівую ўвагу на прапаганду савецкага патрыятызму, на распаўсюджванне атэістычнага светапогляду [45].

У першае пасвяваеннае дзесяцігоддзе вялікая ідэалагічная работа праводзілася ў заходніх абласцях Беларусі. У 1947 годзе ў Маладзечанскай, Баранавіцкай, Пінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях выходзіла 5 абласных, 5 гарадскіх і 77 раённых газет, што былі важным сродкам ажыццяўлення палітыкі партыі. Паводле мерквання загадчыка Сектара  друку Л.Стэрына, многія газеты сталі баявымі памочнікамі партыйных і савецкіх арганізацый. Асаблівых  поспехаў у ідэалагічнай рабоце, на яго думку,  дасягнулі Ашмянская, Лунінецкая і Стаўбцоўская раённыя газеты. Разам з тым, паводле меркавання партыйнага функцыянера, не ўсе райкамы і абкамы КП(б)Б выкарыстоўвалі свае газеты як сродак палітычнай работы, не заўсёды ажыццяўлялі пастаяннае палітычнае кіраўніцтва газетамі, а рэдакцыі Гродзенскай і Брэсцкай абласных газет слаба праводзілі прапаганду савецкага ладу, савецкай сацыялістычнай ідэалогіі [46].

Рэдакцыі газет у абавязковым парадку складалі  тэматычныя планы работы, што павінны былі зацвярджацца адпаведнымі партыйнымі органамі. Аналіз тэматычных планаў работы дае падставу зрабіць выснову, што сродкі масавай інфармацыі выконвалі ў першую чаргу функцыю агітацыйна-прапагандысцкую, а не носьбіта інфармацыі. Так, тэматычным планам на сакавік – красавік 1949 года прадугледжвалася апублікаваць у газеце “Звязда” 26 перадавых артыкулаў прапагандысцкага зместу: “Палепшыць партыйную прапаганду”, “Наладзіць сістэматычную работу з прапагандыстамі” і г.д. У артыкуле “Друк і пытанні ідэалагічнай работы” (Звязда, 1952, 16 сакавіка.)  было адзначана: “Партыя патрабуе ад газет, каб яны з дня ў дзень узмацнялі сваю ўвагу ідэалагічнаму выхаванню мас.” У лістападзе 1952 года была арганізавана рэспубліканская нарада рэдактараў газет, прысвечаная пытанням паляпшэння зместу і ідэйна-палітычнага ўзроўню друку рэспублікі з удзелам 400 чалавек [47]. Раённыя і палітаддзельскія газеты былі абавязаныя “нястомна паляпшаць ідэалагічную работу” [48].

Пастановаю Бюро ЦК КПБ  ад 17 красавіка 1954 года “Аб правядзенні Дня друку” партыйным арганізацыям  на месцах было рэкамендавана арганізаваць выступленні агітатараў  пра ролю савецкага друку ў барацьбе за стварэнне ў дзяржаве багатых запасаў прадуктаў харчавання для насельніцтва і сыравіны для лёгкай і харчовай прамысловасці [49].

Дзеля падтрымання функцыі агітацыі і прапаганды на належным узроўні партыйныя органы праводзяць рэгулярныя праверкі работы рэдакцый. Так,  у пачатку 1950 года была падвергнута крытыцы работа рэдакцый газет “Чырвоная змена” і “Сталинская молодёжь”, а восенню 1950 года было прынятае рашэнне ЦК КП(б)Б “Аб рабоце рэдкалегіі газеты “Літаратура і мастацтва”. “Важнейшым абавязкам газеты, – падкрэсліваецца ў пастанове ЦК КП(б)Б,  –  з’яўляецца барацьба за стварэнне высокаідэйных і высокамастацкіх твораў у святле рашэнняў ЦК ВКП(б) па пытаннях ідэалогіі і ўказанняў тав. Сталіна І.В. адносна марксізма ў мовазнаўстве” [50]. 

У эфектыўнасці ідэалагічнай прапаганды важную ролю меў не толькі змест друкаванай прадукцыі, але і ступень ахопу насельніцтва. Разам з тым, падпіска на кастрычнік 1946 года пяці з 11 абласных газет не перавышала нават паловы ўстаноўленага тыражу. У сувязі з гэтым сакратары Абкамаў КП(б)Б атрымалі ўказанне з ЦК тэрмінова выканаць устаноўлены тыраж падпіскі [51]. Пытанне падпіскі на перыядычныя выданні паўставала даволі востра і ў далейшым. Так, напрыклад, у 1948 годзе ў Маладзечанскай вобласці тыраж выпісваемых насельніцтвам газет на працягу года зніжаўся. У сувязі з гэтым інструктар сектару друку, паліграфіі і выдавецтва Пучынскі прапануе запатрабаваць ад Маладзечанскага абкаму КП(б)Б бальшавіцкай адказнасці за работу і стан друку ў вобласці, умацаваць газеты палітычна ўстойлівымі і падрыхтаванымі людзьмі [52]. 1 снежня 1948 года“Звязда” у сваім перадавым артыкуле “Бальшавіцкі друк – у шырокія масы працоўных” заклікае больш актыўна арганізоўваць падпіску на перыядычныя выданні. 22 верасня 1951 года ЦК КП(б)Б  прынімае спецыяльную пастанову “Пра распаўсюджванне і дастаўку перыядычнага друку ў рэспубліцы”.  

Значную ўвагу ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе  ўдзялялі партыйныя органы не толькі перыядычнаму друку, але і радыёвяшчанню. Менавіта ў пасляваенны перыяд радыё становіцца сапраўды масавым сродкам інфармацыі. Па стану на 1 студзеня 1949 года ў БССР працавала 397 радыёвузлоў, што складала 202 % даваеннага ўзроўню. Былі  ўстаноўлены 163 тысячы 730 радыёкропак, з якіх – 33 тысячы 570 – у  сельскай мясцовасці [53].  У 1954 годзе працавала ўжо 398 тысяч радыёкропак [54].  Мясцовае вяшчанне ў рэспубліцы ажыццяўлялі 12 абласных і 79 раённых рэдакцый.

“Газета без паперы” павінна была ўзорна выконваць сваю задачу прапагандыста ідэяў марксізма-ленінізма, палітыкі Камуністычнай партыі і Савецкага ўрада. ЦК КП(б)Б у сваёй пастанове ад 16 снежня 1946 года па пытанню “Пра стан беларускага радыёвяшчання і мерах па яго паляпшэнню” выказаў незадавальненне станам радыёвяшчання і адзначыў неадпаведнасць яго ўзроўня новым задачам партыі ў галіне ідэалагічнай работы [55].   Грамадска-палітычныя перадачы, паводле меркавання  партыйных органаў, павінны былі займаць значную частку эфірнага часу. Аб’ём  палітычнага вяшчання павялічваўся штогод. Так, за другую палову 1947 года былі падрыхтаваны 153 перадачы грамадска-палітычнага зместу, а за адпаведны перыяд 1948 года – больш 500 перадач [56].  Быў наладжаны кантроль за зместам перадач з боку партыйных органаў   на ўсіх узроўнях радыёвяшчання. Усе перадачы, нават і адрасаваныя дзецям, за тры дні да выхаду ў эфір, павінны былі прайсці строгую цэнзуру. Перадачы, што трансліраваў абласны радыёкамітэт, візіравалі рэдактар, старшыня абласнога радыёкамітэту і ўпаўнаважаны Аблліту. У адпаведнасці з пастановаю ЦК КП(б)Б “Пра раённае вяшчанне Беларускай ССР” аддзелы прапаганды і агітацыі раённых партыйных камітэтаў павінны былі ажыццяўляць сістэматычны кантроль за дзейнасцю раённага вяшчання, дапамагаць у складанні планаў работы, у стварэнні шырокага аўтарскага калектыву з ліку партыйных і савецкіх работнікаў [57].

Такім чынам, сродкі масавай інфармацыі ў пасляваеннае дзесяцігоддзе  адлюстроўвалі ўсе працэсы, што адбываліся ў дзяржаве, выконвалі функцыю прапагандыста палітыкі партыі. Перыядычныя выданні  павінны былі ахапіць як мага большую колькасць насельніцтва, таму тыраж газет і часопісаў павялічваўся. СМІ па-ранейшаму знаходзіліся пад татальным кантролем з боку партыйных органаў.

Мэты і задачы сродкаў масавай інфармацыі ў наступныя гады істотна не змяніліся. Іх абавязкам была прапаганда ідэяў марксізма-ленінізма, а важнейшай задачай – выхаванне ў савецкіх людзей яснага разумення неабходнасці барацьбы за пабудову камунізма. Усімі сваімі выступленнямі газеты павінны былі дапамагаць партарганізацыям, прапагандыстам, агітатарам у праводзімай імі выхаваўчай рабоце, садзейнічаць хутчэйшаму пераадоленню перажыткаў мінулага ў свядомасці людзей, весці непрымірымую барацьбу супраць усялякіх праяваў буржуазнай ідэалогіі. Дадзеная задача магла быць выкананая толькі пры ўмове “павышэння ўзроўню партыйнага кіраўніцтва газетамі, часопісамі, выдавецтвамі, узмацнення кантролю за іх работай”.  15 – 16  студзеня 1956 года  рэдакцыі рэспубліканскіх газет “Звязда”, “Советская Белоруссия” і “Колхозная правда” апублікавалі праект Дырэктываў ХХ з’езду КПСС, а 18 студзеня змясцілі карэспандэнцыі  з паведамленнямі пра ўсеагульную падтрымку праекта працоўнымі рэспублікі. Аўтарамі гэтых карэспандэнцый былі ў асноўным уласныя карэспандэнты газет [58].  Публікацыя вялікай колькасці афіцыйных партыйных матэрыялаў істотна звужала магчымасці рэдакцый газет усебакова асвятляць пытанні грамадска-палітычнага і культурнага жыцця рэспублікі.

У адпаведнасці з прапановаю  аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ была вызначана адказнасць работнікаў аддзелаў ЦК  за змест адпаведных перыядычных выданняў. Работнікі  адміністрацыйнага аддзела павінны былі кантраляваць змест часопіса “Здравоохранение Белоруссии” і газеты “Фізкультурнік Беларусі”, работнікі аддзела школ – “Настаўніцкай газеты” і часопісаў “Савецкая школа” і “У дапамогу настаўніку”, работнікі аддзела навукі і ВНУ – шматтыражак ВНУ. Уводзілася  і   персанальнае размеркаванне абавязкаў супрацоўнікаў сектару друку і выдавецтваў ЦК па кантролю за зместам адпаведных выданняў. Г.В.Канавалаў  ажыццяўляў кантроль за газетамі “Звязда”  і “ЛіМ”, часопісам “Беларусь”,  яму таксама даручалася займацца выдавецтвамі і кніжным гандлем. В.Е. Цітавец  назіраў за газетамі “Звязда” і “Советская Белорусия”,  часопісамі “Полымя” і “Вожык”, займаўся паліграфіяй і распаўсюджваннем друку. С.В. Марцалеў  ажыццяўляў кантроль за газетамі “Советская Белоруссия” і газетамі Гродзенскай, Маладзечанскай і Віцебскай абласцей,  часопісам “Работніца і сялянка”, а А.Н. Мацко  – за работай БелТА, упраўленнем радыёінфармацыі, за газетамі “Мінская праўда”, “Чырвоная змена”, “Знамя юности”, часопісам “Советская Отчизна”. Г.Л. Напрэеў кантраляваў змест часопіса “Маладосць газеты “Калгасная праўда”, перыядычных выданняў Гомельскай, Брэсцкай і Магілеўскай абласцей” [59].  Акрамя гэтага, інструктар аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ А. Толсцік зрабіў шэраг заўваг і прапановаў Галоўліту:

1)Мала мерапрыемстваў па прафілактыцы, па папярэджванню парушэнняў у друку. Было б мэтазгодна ўстанавіць афіцыйна час і дзень для газет, часопісаў, выдавецтваў (па чарзе) для правядзення кансультацый па матэрыялах, якія рыхтуюцца да друку.

2)Заняткі цэнзары павінны праводзіць не па рэдакцыях, а з групамі работнікаў газет, часопісаў, выдавецтваў па асобных галінах [60].                                                                                                

 Дзеля выканання  загаду Галоўліта СССР  ад 16 чэрвеня 1960 года і з мэтаю паляпшэння палітыка-ідэалагічнага кантролю і кантролю навукова-тэхнічнай літаратуры і запаўнення даведачнай картатэкі Галоўліт БССР  павінен быў сачыць за выступленнямі, крытычнымі артыкуламі, якія ўяўлялі інтарэс з пункту погляду цэнзуры і сістэматычна, па панядзелках, рабіць абзорныя інфармацыі гэтых матэрыялаў на цэнзарскіх занятках [61].    Толькі ў маі 1959 года было праверана папярэднім кантролем 390 нумароў абласных і рэспубліканскіх, 113 раённых і гарадскіх газет.

Празмерная цэнзура, асабліва на месцах, нават парушала  “Адзіныя правілы друку і выпуску адкрытых твораў друку”. Магілёўскі Аблліт забараніў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі друкаваць усю вучэбна-метадычную літаратуру, нават пісьмы з заданнямі студэнтам-завочнікам [62].

Паводле дадзеных статыстычнага зборніка, у 1956 годзе выходзіла 215 газет агульным тыражом 236 млн. 436 тыс. экзэмпляраў. У 1962 годзе, пасля праведзенай рэарганізацыі (замест раённых газет пачалі выходзіць міжраённыя) колькасць газет зменшылася да 133, але тыраж павялічыўся і склаў 366 млн. 491 тыс. экз. У 1965 годзе тыраж 137 газет дасягнуў 441 млн. 447 тыс. экз., а ў 1985 годзе выходзіла 212 газет тыражом 839 млн. экз.  Выпуск перыядычных выданняў з’яўляўся яскравым паказчыкам тэндэнцыі пашырэння дэнацыяналізацыі. Пачынаючы з 1959 года гадавы тыраж газет на рускай мове перавышаў тыраж беларускамоўных перыядычных выданняў. Калі ў 1958 годзе выдавалася 213 газет тыражом 140 млн. 941 тысяча экз. на беларускай мове і 47 газет тыражом 139 млн. 332 тысячы экз. на рускай мове, то ў 1959 годзе выходзіла 214 газет тыражом 144 млн. 65 тысяч на беларускай мове і 46 газет  тыражом 147 млн. 353 тысячы экз. на рускай мове. Павелічэнне памеру тыражу газет на рускай мове адбывалася верагодней за усё, за кошт рэспубліканскіх і шматтыражных выданняў.  У 1956 годзе выходзіла 7 рэспубліканскіх газет на беларускай і 6 – на рускай мове, пасля рэарганізацыі ў 1963 годзе – 5 на беларускай і 5 на рускай мове.

У 1962 годзе,  пасля праведзеннай у адпаведнасці з пастановай ЦК КПБ ад 21 красавіка 1962 года рэарганізацыяй, суадносіны беларускамоўных і рускамоўных газет у абласцях былі наступныя. У Гомельскай вобласці ўсе 26 міжраённых газет выходзілі на беларускай мове, у Магілёўскай было 17 беларускіх і 1 руская, у Мінскай – 23 беларуская і 2 рускіх, у Віцебскай – 2 гарадскіх і 11 міжраённых на беларускай мове, у Брэсцкай – 5 беларускіх і 4 рускія міжраённыя газеты, у Гродзенскай – 5 беларускіх і 4 рускіх міжраённых газеты. Асабліва значнымі былі тэмпы русіфікацыі гродзенскай абласной газеты, якая фармальна лічылася 2-х моўнай. Калі ў 1955 г. тыраж “Гродненскай правды” складаў 18 600 экземпляраў, а “Гродзенскай праўды” – 5 тысяч экз., то ў 1960 годзе суадносіны былі наступнымі: 38 тысяч 800 экз. – на рускай мове і 1 тысяча на беларускай мове, 45 тысяч 896 гродзенскай абласной газеты, на рускай мове – 45 тысяч 523 экзэмпляры [63]. 

Пашырэнне русіфікацыі выклікала асобныя пратэсты з боку нацыянальна свядомых людзей. Так, у пачатку 1964 года ў рэдакцыю газеты “Літаратура і мастацтва” звярнуліся жыхары в. Гарадзечна Навагрудскага раёна. У сваім пісьме яны падкрэслівалі, што “пры поўнай свабодзе друку і агромных магчымасцях развіцця роднага друкаванага слова мы ніяк  ня можам (ужо каторы год!) знайсці і купіць насценны або настольны беларускі каляндар. Многія людзі хацелі б выясніць: што за чужакі заселі ў беларускім выдавецтве ў Мінску? І хто ім даў права вясьці дэнацыяналізатарскую палітыку? Хіба яны ніколі ня чыталі твораў Леніна аб нацыянальным пытанні?” [64].

Важнае значэнне для эфектыўнасці ўплыву на насельніцтва перыядычнага друку мела яго рэалізацыя: па падпісцы і ў рознічным  гандлі. Распаўсюджванне перыядычнага друку сярод насельніцтва разглядалася партыйнымі органамі як выключна важная справа. У 1956 годзе крытыцы былі падвергнуты партарганізацыі Маладзечанскай вобласці, дзе быў нізкі ўзровень падпіскі [65]. На працягу 1957 года зацверджаны ЦК КПБ тыраж часопісаў, за выключэннем часопіса “Беларусь”, не быў асвоены. Гэта было вынікам таго, што “Саюздрук” настолькі застрахаваўся, што амаль не браў на рэалізацыю ў рознічны гандаль нават невялікай колькасці часопісаў. У выніку нездавальняючага распаўсюджвання газет і часопісаў у 1957 годзе дзяржаве былі нанесены незапланаваныя страты ў памеры 911 тысяч рублёў. Дзеля выпраўлення гэтых хібаў у распаўсюджванні газет і часопісаў у рэспубліцы ЦК КПБ сваёй пастановаю ад 30 верасня 1958 года абавязаў гаркамы і райкамы стварыць групы пазаштатных інструктараў для распаўсюджвання перыядычнага друку. Інструктары павінны былі кантраляваць работу пунктаў прыёму індывідуальнай падпіскі і дапамагаць праводзіць падпіску на месцах [66]. Прынятыя меры давалі некаторае  паляпшэнне ў справе падпіскі. Так, калі ў 1960 годзе на кожную тысячу насельніцтва рэспублікі выпісвалася 510 экз. перыядычных выданняў, то ў 1962 годзе – 630 экз.

У пачатку 1968 года была прынятая пастанова ЦК КПСС “Пра павышэнне адказнасці кіраўнікоў органаў друку, радыё, тэлебачання, кінематаграфіі, установаў культуры і мастацтва за ідэйна-палітычны ўзровень публікуемых матэрыялаў і рэпертуару”. Меры яе рэалізацыі прадугледжваліся пастановаю Бюро ЦК КПБ ад 28 сакавіка 1969 года.

Прапаганда камуністычнага будаўніцтва, фарміраванне марксісцкага светапогляду ў працоўных знаходзіліся ў цэнтры ўвагі беларускага радыё і тэлебачання. З 1955 года пачаў працаваць Мінскі тэлецэнтр, рэтрансляцыйныя станцыі ў Баранавічах, Бабруйску і Гродна. У 1959 годзе ў насельніцтва рэспублікі было каля 30 тысяч тэлевізараў, што дазваляла глядзець тэлепраграмы больш 1 мільёну чалавек.. Да 1967 года было радыёфікаваны больш 95% усіх населеных пунктаў Беларусі. Радыё- і тэлевяшчанне з’яўляліся важным участкам ідэалагічнай дзейнасці партыі. У лістападзе 1958 года Бюро ЦК КПБ у сваёй пастанове адзначае шэраг істотных недахопаў у рабоце Мінскай студыі тэлебачання: нізкі ўзровень перадач на грамадска-палітычныя тэмы, недастатковы ўзровень мастацкіх перадач. Трансляцыю запісаных на плёнку музычных перадач можна было ажыццяўляць на радыё толькі з дазволу Галоўліта. У адпаведнасці з цэнзурнымі правіламі рэдакцыі тэлеперадач былі абавязаныя складаць тэматычныя перспектыўныя планы работы.   У  маі 1962 года Камітэт па радыёвяшчанні і тэлебачанні пры Савеце Міністраў БССР прапанаваў на разгляд ЦК КПБ перспектыўны план мерапрыемстваў па ўзмацненню камуністычнага выхавання моладзі”, якім было прадугледжана наступнае:       

1. Серыя прапагандысцкіх гутарак: “Камсамол – верны памочнік партыі”, “Камсамолец не шукае лёгкіх шляхоў”, “Бяры з камуністаў прыклад”;

2. Цыкл перадачаў “Працаваць і жыць,  як Ільіч”, “Ленін – чалавек, таварыш і сябар”;

3. Рэгулярна перадаваць папулярныя радыёкампазіцыі або гутаркі пра выдатных дзеячоў Камуністычнай партыі і Савецкай дзяржавы;

4. Арганізаваць цыкл перадач для дзяцей і моладзі “Ты будзеш жыць і працаваць у камуністычным грамадстве”.

Усеагульны і сістэмны кантроль партыйных органаў , слабая аператыўнасць савецкіх СМІ ў асвятленні падзеяў  павышалі інтарэс насельніцтва да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. Таму пытанні, звязаныя з глушэннем замежных радыёстанцый, знаходзіліся ў цэнтры ўвагі партыйнага кіраўніцтва. У сакавіку 1959 года пастановаю Бюро ЦК КПБ  Міністэрству сувязі было выдзелена 2 міліёны рублёў на ўстанаўленне спецыяльнай апаратуры для глушэння антысавецкіх перадач.  У 1966 годзе ў структуры Дзяржаўнага камітэту па радыёвяшчанню і тэлебачанню быў створаны аддзел радыёперахопу, які  павінен быў рыхтаваць спецыяльныя бюлетэні для абмежаванага кола асобаў.

У наступныя дзесяцігоддзі функцыянавання адміністрацыйна-каманднай сістэмы ў БССР функцыі СМІ істотным чынам не змяніліся. Так, у матэрыялах ХХYІ з’езда КПБ адзначалася патрэба “забяспечыць далейшае павышэнне арганізатарскай і прапагандысцкай ролі друку, радыё і тэлебачання. Важнейшая іх задача – глыбока асвятляць тэорыю і практыку камуністычнага будаўніцтва, актыўна фарміраваць ідэйныя і маральныя якасці нашых людзей, мабілізоўваць працоўных на паспяховае ажыццяўленне народнагаспадарчых планаў, шырэй прапагандаваць дасягненні навукі і перадавога вопыту” [67]. У пачатку 80-х гг. у сувязі з нарастаннем сацыяльна-эканамічнага крызісу партыйнае кіраўніцтва імкнецца ўзмацніць ідэалагічную работу. Пра гэта сведчыць шэраг пастановаў ЦК КПСС: “Аб мерах па ўзмацненню абароны насельніцтва ад антысавецкага радыёвяшчання” (снежань 1983); “Пра далейшае развіццё і ўдасканальванне перыядычнага друку для дзяцей і моладзі”(кастрычнік 1985), “ Пра работу з кадрамі ў ТАСС”(снежань 1985).

Разам з тым, новаю з’яваю грамадскага-палітычнага жыцця Беларусі ў 70-я – 80-я гады ХХстагоддзя быў пазацэнзурны друк. Паводле звестак складальнікаў каталёга “Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971 – 1990), (Менск, 1998), у 70-я – 1990 гады выходзіла больш 100 пазацэнзурных выданняў. Пры гэтым, нягледзячы на спробы партыйных органаў захаваць цэнзуру, роля Галоўліта ў 80-я гады паступова змяншаецца. Так, у 1988 г. штат Галоўліта рэспублікі быў скарочаны на 41%, функцыі яго былі абмежаваныя. У 1991 годзе Галоўліт быў скасаваны. 30 лістапада 1988 года было спынена глушэнне перадач замежных радыёстанцый.

Такім чынам, перыядычны друк  і іншыя сродкі масавай інфармацыі  садзейнічалі станаўленню  і ўмацаванню камандна-адміністрацыйнай сістэмы ў БССР, сталі неад’емнай часткай гэтай сістэмы і ў руках дзяржаўна-партыйнага кіраўніцтва былі адносна эфектыўным сродкам маніпуляцыі грамадскай свядомасцю.

1.  НАРБ. Ф. 238, воп. 1, спр. 4, арк. 26.

2.       Там жа,  воп. 2, спр. 8, арк. 24.

3.       Там жа. Ф.4, воп. 1, спр. 674, арк. 8.

4.       Там жа. Ф. 17, воп. 1, спр. 25, арк. 45.

5.       Там жа, спр. 6, арк. 120.

6.       Там жа. Ф.4, воп. 7, спр. 262, арк. 28-35.

7.       Там жа,  воп.3, спр.38, арк. 27.

8.       Там жа, арк. 1005-1006.

9.       Звязда, 1930, 16 лютага.

10.    Там жа, 14 лютага.

11.    Там жа, 28 студзеня.

12.    Шчарбакоў В. Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі.- Мн., 1934, с.88.

13.    У няволі буржуазнага нацыяналізма // Большэвік Беларусі, 1928, №3; Барацьба супраць ухілаў на гістарычным фронце // Там сама, 1929, №9; Сянкевіч А. Клясавая барацьба ў беларускай літаратуры; Якаўлеў Л. Клясавы твар беларускага нацыянал-дэмократа // Там сама, 1930, №8-9. Данільчык і Карнейчык у артыкуле “Супраць нацыянал-дэмократычных выпраўленняў гісторыі Савецкай Беларусі” выступаюць з правакацыйным заклікам: “Хутчэй варушыцеся з прызнаньнем і асуджэньнем сваіх нацыянал-дэмакратычных памылак,- скажам мы і ў заключэнне іншым нацыянал-дэмократычным ухілістым” // Большэвік Беларусі, 1930, №1-2, с. 143.

14.     Большэвік Беларусі, 1930, №1-2,  с.143.

15.     Савецкая краіна, 1931, №№ 1-3.

16.     НАРБ, Ф.4, воп. 21, спр. 364, арк. 14.

17.     Там жа, арк.26.

18.     Там жа, арк. 41.

19.     Там жа, воп. 3, спр.100, арк. 45-46.

20.     Большэвіцкі друк, 1934, № 7,

21.     НАРБ. Ф.4, воп.21, спр. 884, арк. 17-18.

22.    Друк Беларускай ССР. 1918-1980: Статыстычны зборнік (Склад. Л.П.Рабушка).- Мн., 1983, с. 144-157.

23.    Звязда, 1938, 5 мая.

24.    Там жа.

25.    Там жа, 15 лістапада.

26.    НАРБ. Ф.4, воп. 47, спр. 51, арк. 162.

27.    Там жа, арк. 165-178.

28.    Там жа,  арк. 251,

29.    Там жа, арк. 254.

30.    Там жа, арк. 261.

31.    Там жа, арк. 11.

32.    Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996, с. 346.

33.    НАРБ. Ф.4, воп. 47, спр.112, арк. 269.

34.    Там жа,  спр. 111, арк. 32.

35.    Там жа,  спр. 163, арк. 317.

36.    Там жа,  спр. 164, арк. 1.

37.    Там жа,  арк. 10.

38.    Друк Беларускай ССР, с. 146-147.

39.    Там жа, с. 150-151.

40.    НАРБ. Ф.4, воп. 47,   спр. 111, арк. 378.

41.    Там жа,  спр. 51, арк. 207.

42.    Там жа, спр. 112, арк. 149.

43.    Там жа,  спр. 163, арк. 99.

44.    Літаратура і мастацтва, 1947, 2 жніўня.

45.    НАРБ. Ф. 4, воп. 47, спр. 164, арк. 70.

46.    Там жа,  спр. 112, арк. 78.

47.    Там жа,  спр. 369, арк. 90.

48.    Звязда, 1953, 15 сакавіка.

49.    НАРБ. Ф. 4, воп. 81, спр. 852, арк. 6.

50.    Літаратура і мастацтва, 1950, 18 лістапада.

51.    НАРБ. Ф. 4, воп. 47, спр. 111, арк. 64.

52.    Там жа, спр. 164, арк. 56.

53.    Там жа, спр. 156, арк. 14.

54.    Звязда,  1954, 7 мая.

55.    НАРБ. Ф. 4, воп. 47, спр. 156, арк. 39.

56.    Там жа, спр. 155, арк. 62; спр. 156, арк. 112.

57.    Там жа,  спр. 156, арк. 264.

58.    Там жа, спр. 426, арк. 76.

59.    Там жа, спр. 440, арк. 66.

60.    Там жа, спр. 447, арк. 162.

61.    Там жа, спр. 477, арк. 164.

62.    Там жа, спр. 526, арк. 14.

63.    Там жа, спр. 506, арк. 88.

64.    Там жа, спр. 525, арк. 153.

65.    Звязда, 1956, 16 лістапада.

66.    НАРБ. Ф.4, воп. 47, спр. 492, арк. 135.

67.    КПБ  в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК, т.6.- Мн., 1987, с. 22. 

Дадатковая інфармацыя