За ўратаваньне Мэмарыялу - Сяргей Хоміч - Амнісціраванне і рэабілітацыі рэпрэсіраваных у Беларускай ССР (сакавік 1953-люты 1956 гг.)

Сяргей Хоміч - Амнісціраванне і рэабілітацыі рэпрэсіраваных у Беларускай ССР (сакавік 1953-люты 1956 гг.)

Субота, 01 Лістапад 2014. Чорная Кніга Сталінізму, Навіны

Першыя гады пасля смерці І.Сталіна (сакавік 1953 - люты 1956 г.) - час цікавы і важны ў многіх адносінах.

Тое, што са смерцю гэтага кіраўніка кампартыіі СССР канчалася адна эпоха ў гісторыі савецкай дзяржавы і пачыналася новая, разумелі нават сучаснікі. А вось аналіз трываласці рэжыму, існаваўшых на той час альтэрнатыў далейшага грамадска­палітычнага развіцця і верагоднасці ажыццяўлення кожнай з іх - задача, складаная нават для сучасных навукоўцаў. Перш за ўсё таму, што даводзіцца аперыраваць такімі цяжка вымяральнымі паняццямі як атмасфера ў грамадстве, настрой насельніцтва, погляды абноўленага партыйна­дзяржаўнага кіраўніцтва СССР на будучае краіны.

Адным з дзейсных спосабаў аналізу наступстваў сталінскага рэжыму, а таксама важнай падставай для таго, каб рабіць вывады аб ступені верагоднасці розных шляхоў развіцця краіны пасля 1953 г., могуць служыць адносіны грамадства і пэўных яго груп да людзей, якія сталі ахвярамі сталінскай рэпрэсіўнай машыны.

Успрыманне грамадствам рэпрэсіўнай палітыкі дзяржавы - тэма занадта шырокая для аднаго артыкула. Асабліва ўлічваючы яе слабую распрацаванасць у айчыннай гістарыяграфіі. На сённяшні дзень па гэтым пытанні мы маем толькі адзінкавыя працы. Не шмат могуць дапамагчы і архівы. Дакументы, на якія ніжэй спасылаецца аўтар, сабраны літаральна па адзінках з самых розных фондаў,  вопісаўі спраў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, дапоўнены матэрыяламіінтэрвью. На жаль, архіўныя матэрыялы па праблеме рэабілітацыі, якія знаходзяцца ў свабодным карыстанні, адрозніваюцца фрагментарнасцю, далёка няпоўна адлюстроўваюць працэсы таго часу і не даюць магчымасць весці размову аб адносінах грамадства ў цэлым да рэабілітацыйнага працэсу. Таму дадзены артыкул - гэта хутчэй пастаноўка праблемы, якая, безумоўна, патрабуе далейшага даследавання.

Асноўная ўвага засяроджана непасрэдна на пазіцыі правячай савецкай палітычнай эліты адносна рэпрэсій і распачатай пасля смерці Сталіна рэабілітацыі рэпрэсіраваных. Зрабіць гэта мэтазгодна па некалькіх прычынах. Па-першае, змены ў грамадскай свядомасці адносна рэпрэсій і рэпрэсіраваных у многім залежалі ад пазіцыі, якую займалі прадстаўнікі партыйнай і савецкай улады. Значная частка насельніцтва краіны давярала афіцыйнай прапагандзе і толькі змены ў поглядах на праблему рэпрэсій на "самым версе" маглі змяніць агульныя адносіны да рэпрэсіраваных у грамадстве. І то не адразу. Створаныя за некалькі дзесяткаў гадоў стэрэатыпы пераадольваліся вельмі марудна. Для прыкладу прывядзем, хоць і даволіўмоўныя, але, на наш погляд, цікавыя і рэпрэзентатыўныя дадзеныя сацыялагічнага апытання. Нават пасля таго як у канцы 1953 г. у цэнтральных газетах было заяўлена аб сфабрыкаванасці справы крамлёўскіх урачоў, больш за 20% апытаных працягвалі  лічыць іх вінаватымі. Толькі менш паловы рэспандэнтаў паверылі афіцыйнай інфармацыі. І тая акалічнасць, што апытанне праводзілася ў канцы 1990-х гг., на наш погляд, ніколькі не змяншае каштоўнасці яго вынікаў - за прайшоўшыя гады, пад уплывам новай інфармацыіўдзельнікі апытання маглі хутчэй пераканацца ў беспадстаўнасці судовай справы супраць урачоўі забыцца на свае ўласныя ўражанні. Між тым, з тых 20%, што і праз 55 год працягвалі лічыць урачоў у нечым вінаватымі, многія захавалі свае суменні на ўсё жыццё [1].

Пазіцыя кіраўніцтва СССР і Беларускай ССР адносна рэпрэсій патрабуе дакладнага вызначэння яшчэ і па той прычыне, што ў першыя гады пасля смерці Сталіна (ды і на многія гады пазней) рэабілітацыйны працэс стаў важнай складовай часткай грамадска-палітычнага жыцця ў краіне. Праблема рэпрэсій і наступная рэабілітацыя часта станавіліся важным фактарам у палітычнай барацьбе паміж рознымі групоўкамі ўнутры партыйнай эліты краіны, вызначалі характар адносін паміж рэспубліканскімі і цэнтральнымі органамі ўлады. Можна пагадзіцца з тымі расійскімі гісторыкамі, што параўноіваюць палітычную рэабілітацыю з лакмусавай паперай, што "выяўляла палітычныя настроі правячай эліты, сапраўдную скіраванасць і магчымасці ўлад па рэфармаванню грамадскага жыцця, захаванню канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян" [2]. У гэтым сэнсе даследванне працэсу амністыі і рэабілітацыі ў першыя гады пасля смерці Сталіна набывае выключную важнасць.

У беларускай гістарыяграфіі пачатак адыходу ад масавых рэпрэсій звязваецца з ліпеньскім 1953 г. Пленумам ЦК КПСС, на якім былі выкрыты антыпартыйныя і антыдзяржа·ныя дзеянні Л.Берыі [3]. Аднак, як гэта ні парадаксальна, менавіта Л.Берыя стаў ініцыятарам першых рэабілітацыйных актаў вясной 1953 г. Заняўшы пост міністра ўнутраных спраў, Л.Берыя пачаў з перагляду палітычных працэсаў, якія праводзіліся ў пасляваенны час. Многія яго прапановы і запіскі ў адрас Прэзідыума ЦК КПСС датычыліся родных і блізкіх вышэйшых партыйных кіраўнікоў. Напрыклад, адной з першых рэабілітацыйных пастаноў Прэзідыума ЦК стала рашэнне аб аднаўленні ў партыі П.Жамчужынай - жонкі У.Молатава [4].

Разам з тым, першыя праяўленні лібералізацыі ў грамадска-палітычным жыцці адчулі на сабе і іншыя жыхары савецкай краіны. І адбылося гэта ўжо праз некалькі тыдняў пасля смерці Сталіна. 27 сакавіка 1953 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прыняўуказ "Аб амністыі", які прадугледжваў палягчэнне лёсу для шырокага кола насельнікаў ГУЛАГа, у тым ліку і для людзей, асуджаных за так званыя контррэвалюцыйныя злачынствы. Праўда, прапанову Л.Берыі распаўсюдзіць дзеянне амністыіі на асуджаных пазасудовымі Асобымі нарадаміі тройкамі,  на так званых палітычных злачынцаў Прэзідыум ЦК КПСС не падтрымаў. Вызваляліся толькі тыя, чый тэрмін зняволення не перавышаў 5 гадоў. Для асуджаных па контррэвалюцыйных абвінавачваннях тэрмін зняволення, як вядома, звычайна быў большым. Тым не менш, дзякуючы амністыі, на волю выйшла каля паловы двухмільённага насельніцтва ГУЛАГа - 972.829 чалавек. З тых, хто заставаўся у месцах зняволення, "палітычныя" складалі амаль паўмільёна [5].

На працягу вясны 1953 г. Л.Берыя яшчэ не раз звяртаўся ў вышэйшыя партыйныя органы з прапановамі адмяніць бестэрміновую высылку для асабліва небяспечных дзяржаўных злачынцаў, абмежаваць правы Асобай нарады пры МУС СССР, перагледзець выданыя за пасляваенныя гады Указы і Пастановы ЦК ВКП(б), Прэзідыума Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў СССР, якія супярэчылі крымінальнаму савецкаму заканадаўству. 4 красавіка 1953г. Л.Берыя падпісаў загад, у якім забаранялася выкарыстанне ў адносінах да арыштаваных "ізуверскіх"метадаў допыту" [6].

Расійскія даследчыкі, якія займаюцца праблемай рэабілітацыі, лічаць, што такім чынам Л.Берыя імкну·ся ўзмацніць уласнае становішча ва ўладных структурах, падняць аўтарытэт, "выключыўшы сябе з ліку асоб, адказных за злачынствы сталінскага рэжыму" [7].

Адначасова міністр унутраных спраў імкнуўся ўзмацніць свой уплыў на іншыя бакі грамадска-палітычнага жыцця. Л.Берыя ўмешваўся і спрабаваў у той ці іншай ступені кантраляваць эканамічную, гаспадарчую, ваенную і нават нацыянальную палітыку КПСС. Ён быў адным з ініцыятараў пастаноўкі пытання аб больш шырокім прадстаўніцтве мясцовых дзеячоў у кіраўніцтве нацыянальных рэспублік. Л.Берыя ўласна адазваў рускага па паходжанню міністра ўнутраных спраў БССР і прызначыў кіраўніком МУС БССР і яго намеснікамі беларусаў. Адначасова ён настойліва дамагаўся замены першага сакратара КПБ М.Патолічава беларусам М.Зімяніным [8].

Акты·ныя дзеянні Л.Берыі выклікалі незадаволенасць і насцярожанасць з боку іншых членаў вышэйшага партыйнага і савецкага кіраўніцтва СССР. 26 чэрвеня 1953 г. міністр унутраных спраў СССР быў арыштаваны непасрэдна на пасяджэнні Прэзідыума ЦК КПСС. Матывы арышту і пакарання кіраўнік ураду СССР Г.Малянкоў выклаў у дакладзе "Аб злачынных антыпартыйных і антыдзяржаўных дзеяннях Л.П.Берыі" на Пленуме ЦК КПСС (2-7 ліпеня 1953 г.) Усю адказнасць за рэпрэсіі савецкая палітычныя эліта паспрабавала ўскласці на аднаго чалавека - Л.Берыю.

Пасля зняцця Л.Берыі інтарэс кіраўніцтва СССР да праблемы рэпрэсій і рэабілітацыі на некаторы час зменшыўся. За наступныя некалькі месяцаў не было прынята практычна ніводнага прынцыповага дакумента, які б датычыўся рэпрэсій. Сваеасаблівым выяўленнем удзячнасці ваенным, якія прынялі актыўны ўдзел у арышце Берыі, стала толькі рэабілітацыя 54 асуджаных генералаў і адміралаў Савецкай Арміі. Ды адначасова імклівымі тэмпамі адбываўся перагляд так званай "ленінградскай справы". Аднаўленне справядлівасці ў адносінах да ленінградцаў кампраметавала Г. Малянкова, які меў непасрэднае дачыненне да рэпрэсій супраць ленінградскіх партыйцаў. М.Хрушчоў разлічваў выкарыстаць гэты факт у барацьбе за ўладу, і ў будучым такі разлік сябе цалкам апраўдаў [9].

Абвінавачванне супернікаў у дачыненні да рэпрэсій з цягам часу станавілася ўсё больш важкім аргументам у барацьбе за палітычную ўладу. Аднак адзін раз выкарыстаўшы праблему рэабілітацый у якасці сродка палітычнай барацьбы, партыйнае кіраўніцтва павінна было зноў і зноў вяртацца да  гэтага пытання. У пачатку 1954 г., калі становішча М.Хрушчова ва ўладнай сістэме ўзмацнілася, рэабілітацыя пачала праводзіцца ў больш шырокіх маштабах. 19 красавіка 1954 г. Прэзідыум ЦК КПСС прымае пастанову "Аб вызваленні з ссылкі раней асуджаных за "антысавецкую дзейнасць" на тэрмін да 5 год". 24 красавіка  выдаецца сумесны загад міністра МУС СССР і Генеральнага пракурора СССР "Аб вызваленні з ссылкі на пасяленне асоб, асуджаных за контррэвалюцыйныя злачынствы да зняволення тэрмінам да 5 год". 15 чэрвеня - пастанова "Аб зняцці некаторых абмежаванняў у прававым становішчы спецперасяленцаў" [10].

Насельніцтва турмаў, лагераў, ссылак, пасяленняў адразу ж адчула змену палітычнага клімату ў краіне. Сям'я Соф'і Касцецкай-Ляхоўскай была выслана на Поўнач у 1944 г. як сям'я ворага народа - муж сястры пасля прыходу Чырвонай арміі знаходзіўся ў лесе і змагаўся супраць савецкай улады. Яна ўспамінае, што пасля смерці Сталіна жыць на высылцы стала значна лягчэй. Пачалі плаціць грошы за працу на лесанарыхтоўках, перасялілі з баракаў у добрую, вялікую хату [11].

Новыя магчымасці адаптацыі да жыцця ў грамадстве з'явіліся і ў тых, каму пашчасціла яшчэ да 1953 г. пакінуць месца зняволення. Напрыканцы вайны Таццяна Тарасевіч разам з дачкой Зінаідай сталі ці не першымі людзьмі, якія змаглі пакінуць Охтаму і прыехаць у Мінск да мужа, які двума гадамі штрафбату і стратай рукі здабыў сабе права не вяртацца на высылку і вызваліць з яе сям'ю. Зінаіда Тарасевіч успамінае, што толькі пасля смерці Сталіна яе маці змагла змяніць пашпарт і, пазбавіўшыся такім чынам адзнакі аб высылцы, уладкавацца на працу [12].

І ўсё ж, асноўная праца па перагляду спраў па контррэвалюцыйных злачынствах была звязана і адбывалася паводле пастановы Прэзідыума ЦК КПСС ад 4 мая 1954 г. "Аб стварэнні Цэнтральнай камісіі і мясцовых камісій па перагляду спраў асуджаных за "контррэвалюцыйныя злачынствы", якія ўтрымліваюцца ў лагерах, калоніях і турмах і знаходзяцца ў ссылцы і на пасяленні". У адпаведнасці з гэтым дакументам Цэнтральная камісія атрымала права пераглядваць справы на асобаў, асуджаных Асобай нарадай пры НКУС - МДБ ці Калегіяй АДПУ. Да кампетэнцыі мясцовых (абласнога ўзроўню) камісій адносіўся перагляд спраў на тых, хто быў асуджаны двойкамі і тройкамі [13].

Вывучэнне працы мясцовых камісій, што былі ўтвораны і дзейнічалі ў БССР, уяўляе пэўныя цяжкасц?. На жаль, мы пакуль не змаглі знайсціў Нацыянальным архіве дадзеныя аб дзейнасціўсіх абласных камісій у Беларускай ССР. Тым не менш, агульныя вывады аб характары і выніках функцыянавання мясцовых камісій можна зрабіць і на аснове выяўленых матэрыялаў. Так, даволі поўнае ўяўленне аб дзейнасці мясцовых камісій можна атрымаць са справаздачы Гродзенскай абласной камісіі, якая распачала сваю працу 28 чэрвеня 1954 г. За год працы - да 1 чэрвеня 1955 г. было праведзена 48 пасяджэнняў, на якіх разгледжана 2412 спраў на 4771 чалавек, у дачыненні да якіх былі прыняты наступныя рашэнні:

-- адменена рашэнне суда з поўнай рэабілітацыяй асуджаных - 37 спраў на 51 чалавека (1,06% адносна агульнай колькасці спраў);

-- перакваліфіцыраваны склад злачынства са зніжэннем тэрмінупакарання - 154 спраў - 268 чалавек (5,6%);

-- скарочаны тэрмін пакарання - 712 спраў - 11005 чалавек (23,14%);

-- прыменены указ "Аб амністыі" ад 27.03 1953 - 512 спраў– 665чалавек  (13,9%);

-- адмоўлена ў пераглядзе рашэнняў  - 987 спраў - 2670 чалавек (55,71%);

-- адменена ссылка на пасяленне - 5 спраў - 5 чалавек  (0,3%);

-- вернута на даследванне - 5 спраў - 7 чалавек  (0,3%)  [14].

Як бачым, больш чым у палове выпадкаў Гродзенская абласная камісіяпакінула папярэдняе рашэнне суда без зменаў. Можна меркаваць, што іў іншых камісіях, што працаваліў Беларусі, сітуацыя была даволі падобнай. Ва ўсялякмм выпадку, у зводнай справаздачы аб дзейнасці мясцовых камісій паБССР суадносіны амаль супадаюць. Так, па стану на 1 красавіка 1955 г. у Беларускай ССР было разгледжана 19136 спраў. Адмоўлена ў пераглядзе -10410. Адменены рашэнні і справы спынены толькіў дачыненні 265 спраў [15].

Такім чынам, у адзначаны перыяд (1953-люты 1956 гг.) у большасці выпадкаў мела месца амністыя ў адносінах да рэпрэсіраваных, а не іх рэабілітацыя. Пад час перагляду судовых спраў  па контррэвалюцыйных злачынствах прызнанне людзей беспадстаўна асуджанымі адбывалася толькі ў адзінкавых выпадках. Па асно·най масе спраў пераглядалася ступень вінаватасці асуджанага і пакаранне змяншалася. Часцей за ўсё асуджанаму залічваўся тэрмін, які ён ужо фактычна адбыў у лагеры ці турме. Аб гэтым сведчыць і аналіз судовай практыкі Прэзідыума Вярхоўнага Суда БССР па разгляду крымінальных спраў аб контррэвалюцыйных злачынствах у 1954 г. З 806 асуджаных у розныя гады толькі 30 былі цалкам рэабілітаваны. У дачыненні ж да 538 чалавек Вярхоўны Суд абмежаваўся зніжэннем пакарання да пяці год і па Указу "Аб амністыі" вызваленнем [16].

Трэба адзначыць, што ў цэлым перагляд спраў адносна рэпрэсіраваных адбываўся даволі марудна. Сам механізм прыняцця рашэнняў быў вельмі складаным. Шмат часу займала перапіска супрацоўнікаў пракуратуры, следчых работнікаў, ваенных юрыстаў з КДБ, заказ неабходных дакументаў, апытанне сведкаў і г.д. На пачатак 1956 г. колькасць неразгледжаных спраў заставалася велізарнай. Каб хоць неяк паскорыць працэс вызвалення з лагераў кіраўніцтва краіны пайшло на стварэнне спецыяльных выяздных камісій, якія маглі на месцы, не чакаючы перагляду судовых спраў, прымаць рашэнне аб вызваленні асуджаных [17].

На рашэнне камисий па перагляду спращ асуджаных па контррэвалюцыйных злачынствах аказваў уплыў цэлы шэраг суб'ектыўных і аб'ектыўных фактараў - уласныя адносіны членаў камісіі да працэсу рэабілітацыі, характар абвінавачвання, мінулае членства асуджанага ў кампартыі альбо яго ўдзел у трацкістскім руху, дзейнасць ў складзе іншых партыйных і грамадскіх арганізацыях. Кожны з гэтых фактараў мог быць вызначальным у пэўных абставінах. На практыцы гэта прыводзіла да таго, што камісіі ў амаль падобных выпадках прымалі рашэнні, якія адрозніваліся да супрацьлегласці. Наступныя прыклады з'яўляюцца характэрнымі і даволі дакладна ілюструюць адзначаную тэндэнцыю.

Летам 1955 г. у міністэрства юстыцыі БССР звярнулася Х. Кавалёва са скаргай аб беспадстаўным яе асуджэнні. Прысудам Вярхоўнага суда БССР ад 27 верасня 1947 г. яна атрымала 8 гадоў лагераў за тое, што "працуючы ў бібліятэцы, яна распаўсюджвала антысавецкія анекдоты, узводзіла паклёп на савецкую рэчаіснасць, кіраўнікоў і ўрад." Пад час следства і суда жанчына цалкам прызнала сваю віну. Цалкам надуманае абвінавачванне, следства, заснаванае на ўласнаручным прызнанні віны і, нарэшце, прысуд былі тыповымі для таго часу. Зімой 1954 г., ва ўжо новых палітычных умовах, справа была разгледжана паўторна. Прэзідыум Вярхоўнага суда БССР перагледзеў прыгавор, знізіўшы тэрмін пакарання да шасці гадоў турмы - як раз столькі Х.Кавалёва і правяла ў турме на момант перагляду яе справы. Такім чынам, рашэнне Прэзідыума Вярхоўнага суда БССР фактычна падцвердзіла вінаватасць жанчыны.

Спроба Х.Кавалёвай паставіць пытанне аб больш дэталёвым пераглядзе справы, даказаць сваю нявінаватасць і, такім чынам, адмяніць прыгавор, была сустрэта халодна і падыход быў чыста бюракратычны. Фармальным повадам для адмоўнага адказу з боку міністэрства юстыцыі стаў той факт, што справа была разгледжана Прэзідыумам Вярхоўнага Суда БССР, які з'яўляўся вышэйшым судовым органам рэспублікі [18].

А вось яшчэ адзін вельмі падобны прыклад, але зусім з іншым вынікам. Справа датычыцца У.Адамушка, арыштаванага ў 1938 г. органамі НКУС. У.Адамушка быў абвінавачаны ў тым, што ў час навучання ў Мінскім педагагічным інстытуце, ён займаўся трацкісцкай дзейнасцю. Асобай нарадай У.Адамушка ў 1940 г. быў асуджаны да 5 гадоў заключэння ў папраўча-працоўных лагерах. Потым быў новы арышт т высылка на пасяленне ў Краснаярскі край.  Перагляд справы У.Адамушка ў Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР меў вынікам прызнанне яго нявінаватым. Што дала магчымасць аднавіць членства ў партыі і заняць кіруючую пасаду. Больш таго, бюро ЦК КПБ, якое разглядала пытанне аб аднаўленні членства У.Адамушка ў партыі прыняла дадатковае пастанаўленне, у якім загадвала прыцягнуць да адказнасці былога супрацоўніка НКУС БССР за парушэнне савецкай законнасці пры правядзенні следства па справе Адамушкі  [19]. Відавочна, што ў дадзеным выпадку сваю ролю адыграла членства У.Адамушкі ў кампартыі, хаця ў іншых абставінах абвінавачванне ў трацкістскім руху магло стаць вызначальным. Партыйнае кіраўніцтва СССР адмаўлялася рэабілітаваць трацкістаў і пераглядаць вынікі ўнутрыпартыйнай барацьбы. У любым выпадку, адзначым, што праблема перагляду судовых рашэнняў у дачыненні да асобных катэгорый грамадзян СССР патрабуе асобнага даследвання і разгляду.

Важна таксама засяродзіцца яшчэ на адным фактары, які істотна ўскладняў і замаруджваў працэс рэабілітацыі і перагляду рашэнняў судоў па контррэвалюцыйных абвінавачваннях. Маецца на ўвазе пазіцыя па гэтым пытанні мясцовых органаў улады. Увогуле, трэба адзначыць, што смерць Сталіна і наступная лібералізацыя падзялілі краіну, і ў тым ліку яе палітычную эліту, на два лагеры. Першы лагер складалі праціўнікі кардынальных перамен, выступаўшыя супраць крытыкі былога палітычнага курсу. У другім знаходзіліся прыхільнікі абнаўлення і перагляду існаваўшай палітыкі. Нават пры абмежаванасці архіўных крыніц можна прасачыць пастаянную барацьбу паміж першыміі другімі. Як мы адзначалі раней, вышэйшае партыйнае кіраўніцтва было вымушана распачаць рэабілітацыйны працэс - для павышэння ўласнага аўтарытэту і як сродак палітычнай барацьбы.

Працэс рэабілітацыі ў Беларусі, як адзначаюць беларускія даследчыкі гэтага пытання, быў цалкам звязаны і вызначаўся дырэктывамі з Масквы [20]. Аднак гэта зусім не значыць, што на месцах ініцыятыва партыйнага кіраўніцтва была сустрэта станоўча і падтрымана. Наадварот, рэакцыя была, мякка кажучы,  стрыманай. Пры гэтым, чым ніжэй на ўладнай лесвіцы знаходзіўся чыноўнік, тым больш негатыўнымі былі яго адносіны да рэабілітацыі. Патлумачыць гэты фенамен не складана. Мясцовы чыноўнік быў на віду, яго рукаміўсё гэта рабілася, і, перш за ўсё, з ім сустракаліся нявінна асуджаныя ахвяры рэпрэсій, калі яны вярталіся дамоў. Што датычыць прадстаўнікоў уладных органаў раённага ці абласнога ўзроўню, то для іх былыя рэпрэсіраваныя, якія вярталіся з месцаў зняволення былі дадатковым фактарам дэстабілізацыі грамадска-палітычнага жыцця. Непрыхільныя, а часта і адкрыта адмоўныя адносіны да ахвяр рэпрэсій з боку прадстаўнікоў мясцовых органаў улады можна таксама патлумачыць асаблівасцю фарміравання тагачаснай палітычнай эліты. Зрабіўшы кар'еру ў абставінах сістэмы, свае высокія пасады іўласны дабрабыт яна звязвалі са Сталіным і яго палітыкай. Перагляд мінулага, выкрыццё ўім памылак і злачынстваў кідалі цень на ўсіх, хто так ціінакш меў дачыненне да ўлады. Таму няма нічога незвычайнага, што многія прадстаўнікіўлады - кожны на сваім ўзроўні - імкнуліся абмежаваць нават тую адносную лібералізацыю, што адбывалася ў краіне. Сродкіі метады ўжываліся самыя розныя. Даволі распаўсюджаным метадам былі звароты да вышэйшага кіраўніцтва.

Так, напрыклад, сакратар Гродзенскага абласнога камітэта партыі ў дакладной запісцы ў ЦК КПБ вясной 1955 г. звяртаў увагу рэспубліканскага кіраўніцтва на сур'ёзную небяспеку, якую, на яго погляд, уяўляла амністыя асуджаных за контррэвалюцыйныя злачынствы. У прыватнасці, у запісцы адзначалася: "За апошні час на тэрыторыю Гродзенскай вобласці вярнуліся з месцаў зняволення 1356 чалавек, раней асуджаных за розныя контррэвалюцыйныя злачынствы. Некаторыя з тых, хто вярнуўся з лагераў і турмаў спрабуюць аднавіць антысавецкую дзейнасць, вядуць антыкамуністычную агітацыю, распаўсюджваюць правакацыі..., пагражаюць расправай сведкам, якія выкрывалі іх злачынствы на судзе. Усе гэта адмоўным чынам сказваецца на правядзенні гаспадарча-палітычных мерапрыемстваў у вобласці...".Вось некалькі прыкладаў з запіскі.

Асуджаная ў 1949 г. на 25 год лагераў за сувязь з Арміяй Краёвай А.Апановіч пасля вяртання ў 1954 г. на радзіму "адкрыта заяўляла пра сваю адданасць буржуазнай Польшчы і нацыянальнаму падполлю, выгнала сваю дачку з хаты за тое, што тая ўступіла ў калгас."

А С.Мартынюк, які атрымаў тры гады турэмнага зняволення за сабатаж лесанарыхтовак у 1951 г., у лістападзе 1954 г., праз паўгода пасля вызвалення ў лісце да свайго сябра па лагеры выказваў намер "зарубіць двух савецкіх работнікаў (у лісце - двух чырвоных фашыстаў), пасля чаго ці трапіць зноў у лагер, ці пайсці ў Польшчу" [21]. Паколькі вяртанне рэпрэсіраваных у горад, вёску, раён, вобласць было дадатковым галаўным болем для кіраўніцтва, то яно імкнулася зрабіць усё магчымае, каб адцягнуць працэс перагляду спраў і вызвалення амнісціраваных ці рэабілітаваных людзей. Нярэдка з боку мясцовых уладаў выказваліся нараканні ў адрас органаў пракуратуры і судоў за тое, што яны няправільна прымяняюць указ "Аб амністыі". Так, ва ўжо цытаванай запісцы кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі называе канкрэтныя прозвішчы работнікаў пракуратуры Беларускай ваеннай акругі, якія, на яго думку, займаюць няправільную пазіцыю і вышукваюць фармальныя довады для змякчэння віны "дзяржа·ных злачынцаў", асуджаных за антысавецкую дзейнасць. Сакратар Гродзенскага абкома партыі скардзіцца партыйнаму кіраўніцтву рэспублікі на тое, што пракуратура Беларускай ваеннай акругі насуперак абласным уладам пераглядае прыгаворы судоў і вызваляе дзяржаўных злачынцаў [22]. Звернем увагу, што адзначаныя разыходжанні ў пазіцыі пракуратуры і уладных органаў былі хутчэй выключэннем, чым правілам. Часцей і мясцовае кіраўніцтва, і супрацоўнікі праваахоўных органаў імкнуліся замарудзіць амнісціраванне людзей, знаходзячы для гэтага шматлікія фармальныя падставы. Нярэдка справа зрушвалася з мёртвай кропкі толькі пасля

ўмяшання цэнтральных уладаў [23].

Архіўныя дакументы сведчаць, што саюзныя органы дзейнічалі больш смела ў пытаннях перагляду крымінальных спраў адносна асуджаных за контррэвалюцыйныя злачынствы і падштурхоўвалі да адпаведных дзеянняў рэспубліканскія і мясцовыя органы. Так, у красавіку 1955 г. Міністэрства юстыцыі і Міністэрства  унутраных спраў СССР выказвалі незадаволенасць тым, што ў выніку дрэннага кантроля за выкананнем рашэнняў судоў, у шэрагу выпадкаў вызваленне людзей, адносна якіх прыгаворы былі перагледжаны, адбываецца несвоечасова [24].

Прызнанне таго, што праблема замаруджвання рэабілітацыйнага працэсу існавала на самой справе і ў маштабе рэспублікі, а не з'яўлялася з'явай аднаго нейкага раёна ці вобласці, можна знайсці ў выступленнях некаторых прадстаўнікоў кіраўніцтва рэспублікі. Так, на нарадзе кіраўнікоў упраўленняў Міністэрства юстыцыі БССР пры абласных саветах, намеснік Міністра юстыцыі БССР Кудраўцаў звяртаў увагу прысутных на той факт, што за апошнія два гады ЦК КПСС і Савет Міністраў СССР прынялі больш за 30 пастаноў, скіраваных на аднаўленне законнасці і рэабілітацыю нявінна асуджаных. Аднак, адзначаў ён, суды "вельмі нерашуча" прымянялі новыя законы і ў прыватнасці, Указ "Аб амністыі". Адмена на працягу 1954 г. 3500 рашэнняў і 1057 прысудаў уяўлялася яму даволі сціплым вынікам. [25].

З другога боку, само партыйнае кіраўнітцтва рэспублікі не было зацікаўлена ў тым, каб амнісціраванне і вяртанне рэпрэсіраванных адбываліся больш хуткімі тэмпамі. Аб гэтым, напрыклад, сведчыць інфармацыяная запіска ЦК КПБ у ЦК КПСС, накіраваная ў Маскву ў снежні 1956 г. і падпісаная сакратаром ЦК КПБ К.Мазуравым. У запісцы беларускія ўлады асабліва падкрэслівалі тую акалічнасць, што "многія з грамадзян Беларусі, якія вярнуліся з месцаў зняволення, зноў вяртаюцца да злачыннай дзейнасці, спрабуюць аднавіць варожую дзейнасць супраць нашай дзяржавы, адкрыта выказваюць антысавецкія настроі, пагражаюць людзям, якія прымалі актыўны ўдзел у іх выкрыцці, і нават здзяйсняюць забойствы на глебе помсты" [26].

Пазіцыя партыйнага кіраўніцтва рэспублікі не вельмі адрознівалася ад пазіцыі абласных партыйных арганізацый. Грунтуючыся на дакладах з месцаў, ЦК КПБ прасіў ЦК КПСС разгледзець пытанне аб мэтазгоднасці датэрміновага вызвалення асоб, асуджаных за антысавецкую дзейнасць, і па­другое, аб забароне асобам, асуджаным за антысавецкую дзейнасць і адбыўшым пакаранне, пражываць у пагранічных абласцях рэспублікі [27].

Усе разам вышэй пералічаныя фактары прыводзілі да таго, што пры той вялікай колькасці жыхароў Беларусі, якія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій, за першыя тры гады пасля смерці Сталіна з месцаў зняволення ў БССР вярнуліся толькі 17 тысяч чалавек, асуджаных за антысавецкую дзейнасць. З іх 127 чалавек былі асуджаны як агенты іншаземных разведак, 60 - як удзельнікі антысавецкіх арганізацый, 704 - як нацыяналісты, 11 - як тэрарысты, 6304 - як здраднікі і пасобнікі, служыўыя ў нямецкіх карных атрадах, 1147 - як бандыты і іх пасобнікі і 60 ксяндзоў [28]. Людзі, якія вярталіся з месцаў зняволення, заставаліся пад пільным наглядам. Органы дзяржаўнай бяспекі адсочвалі іх сувязі, кантралявалі перапіску, імкнуліся вызначыць погляды.

Палітычная рэабілітацыя 1950-х гадоў, а менавіта 1953-лютага 1956 г., не насіла паслядоўнага і планамернага характару. Наадварот, мела месца вялікая супярэчлівасць ва ўсім - пазіцыі партыйных іўрадавых органаў, паводзінах людзей, ацэнках рэпрэсій і адносінах да распачатай рэабілітацыі. Так, з аднаго боку, адбываўся перагляд спраў па надуманых абвінавачваннях у контррэвалюцы?. З другога боку, такія справы зноў узнікаліі даволі часта. Практыка беспадстаўнага прыцягнення да крымінальнай адказнасціі асуджэння працягвалася іў першыя гады пасля смерціІ.Сталіна. Як адзначаў у адным з дакладаў міністр юстыцыі БССР І.Ветраў, у 1953 г. толькі па справах з папярэднім следствам па прыгаворах, якія ўступіліў законную сілу, было беспадстаўна прыцягнута да крымінальнай адказнасці 584 чалавекі. У 1954 г. - 471 чалавек. А па ўсіх крымінальных справах, якія разглядаліся народныміі абласнымі судаміў 1954 г., было незаконна асуджана амаль 1200 чалавек. На жаль, у дакуменце асобна не адзначаны працэнт спраў з беспадстаўным абвінавачваннем у контррэвалюцыйнай дзейнасці, аднак паколькі сам міністр юстыцыіў дакладзе прыводзмць менавмта такмя прыклады, можна меркаваць, што такіх выпадкаў было нямала. Напрыклад, брыгадзір калгаса Л.Васько быў асуджаны да выпраўленча-працоўных работ толькі за тое, што на нарадзе калгаснікаў выступіў з крытычнымі заўвагаміў адрас інструктара раённага камітэта партыіі заявіў, што інструктар толькі займаецца размовамі, а калгасу не дапамагае. Прыгавор быў адменены пасля разгляду судом Мінскай вобласці [29].

Значныя змены адбываліся ў дзейнасці органаў КДБ рэспублікі. Напрыклад, скарачалася кола асоб, адносна якіх вялася агентурная распрацоўка. Па стану на 1 сакавіка 1954 г. з аператыўна-справачнага ўліку было знята больш за 36.000 чалавек, адначасова знішчаны як непатрэбныя больш за 50 % спраў агентурнай распрацоўкі [30]. Разам з тым, прынцыпы функцыянавання савецкай дзяржавы, поўны кантроль кампартыі за ўсімі бакамі жыцця грамадства, заставаліся нязменнымі. Наяўнасць адзначаных супярэчнасцей сведчыць аб тым, што распачаўшы работу па аднаўленні гістарычнай справядлівасці, кампартыя, яе мясцовыя органы аказаліся не гатовымі да правядзення і лагічнага завяршэння рэабілітацыйнага працэсу.

Літаратура

1. Аксютин Ю. Хрущевская  “оттепель” и общественные настроения вСССР в 1953-1964 гг. М., 2004, с.35-36.

2. Артизов А., Сигачев Ю. // Родина. 2003. №2, с.68.

3. Рэабілітацыя. Зб.дакументаў і нарматыўных актаў па рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1920-1980-х гадоў у Беларусі. Мн., 2001. Т.ІІІ., с.25

4. Реабилитация: как это было. Документы Президиума ЦК КПСС и другие материалы. Март 1953 - февраль 1956. М., 2000, с.15.

5. Аксютин Ю. Указ. Соч., с. 35.

6. Охотин Н.Г., Петров Н.В., Рогинский А.Б., Мироненко С.В. Экспертное заключение к заседанию Конституционного суда РФ 26 мая 1992 г. М.,1992, с.15.

7. Реабилитация: как это было. С.15.

8. Кокурин А.И., Пожаров А.И. “Новый курс” Л.П.Берии // Исторический архив. 1996. №4, с.158.

9. Реабилитация: как это было. С. 58, 74.

10. Там же, сс. 112, 114, 158.

11. Успаміны С.Касцецкай-Ляхоўскай. З архіву аўтара.

12. Успаміны З.Тарасевіч. З архіву аўтара.

13. Реабилитация: как это было. С. 116.

14. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ) Ф.4-п, воп.62, спр.427, а.269-270.

15. Реабилитация: как это было. С. 213.

16. НАРБ. Ф. 99, воп. 6, спр. 232, а. 2-25.

17. Реабилитация: как это было. С. 10.

18. НАРБ. Ф.99, воп.6, спр.240, а. 80-81.

19. Там жа. Ф.4, воп.81, спр.1037, а. 12. 

20. Рэабілітацыя. Зб. Дакументаў...  С. 25.

21. НАРБ. Ф.4-п, воп. 62, спр. 427, а. 255-260.

22. Там жа. С .265.

23. Там жа. Ф.99, воп.6, спр.239, а. 23.

24. Тамжа. Ф. 99, воп.6, спр.226, а.14.

25. Тамжа. Ф.99, воп.6, спр.228, а. 112.

26. Тамжа. Ф.4-п, воп.62, спр.444, а.512.

27. Там жа, а. 514.

28. Там жа, а. 512.

29. Там жа. Ф.99, воп.6, спр. 228, а. 127.

30. Тамжа. Ф. 4, воп.62, спр.428, а.149.

Дадатковая інфармацыя