За ўратаваньне Мэмарыялу - Нона Васілеўская - Рэпрэсіі сярод інтэлектуальных слаеў грамадства г.Мінска ў 1920–1930

Нона Васілеўская - Рэпрэсіі сярод інтэлектуальных слаеў грамадства г.Мінска ў 1920–1930

Серада, 29 Кастрычнік 2014. Чорная Кніга Сталінізму, Навіны

Адной с самых трагічных старонак гісторыі Мінска з’явіліся палітычныя рэпрэсіі.

 

Тысячы жыхароў горада розных нацыянальностей і сацыяльнага паходжання беспадстаўна абвінавачваліся ў антысавецкай дзейнасці, прыгаворваліся да вышэйшай меры пакарання, альбо асуджваліся на доўгія гады знаволення ў лагерах, высылаліся за межы сваёй Радзімы.

Рэпрэсіўную палітыку савецкай улады адной з першых адчула на сабе невялікая па колькаснаму складу беларуская інтэлігенцыя, значная частка якой канцэнтравалася ў Мінску. Статус сталічнага горада прыцягваў адукаваныя кадры ва ўсе сферы жыцця ад органаў улады да культурных устаноў. Многія прадстаўнікі інтэлігенцыі Мінска працавалі ў Інстытуце беларускай культуры, Беларускім дзяржаўным універсітэце і іншых навучальных установах, у розных наркаматах, ведамствах, выдавецтвах.

У сваіх адносінах да інтэлігенцыі савецкая улада з аднаго боку падкрэслівала неабходнасць прыцягнення ўсіх яе прафесійных атрадаў да ўдзелу ў пабудове новага жыцця, з другога – ужывала рэпрэсіўныя меры да тых, хто не пагаджаўся з яе палітыкай, меў свае погляды на развіццё падзей. Суд над такімі праходзіў без асобнага разбірацельства і аналізу фактаў абвінавачвання і выносіў нават смяротныя прыгаворы тым, чые паводзіны не ўяўлялі небяспекі для бальшавіцкай улады. У верасні 1921 г. былі беспадстаўна прагавораны да расстрэлу з заменай на 5 гадоў турэмнага зняволення таленавіты кампазітар, галоўны хармайстар Беларускага дзяржаўнага тэатра У.В.Тэраўскі і тэатральны дзеяч У.С.Фальскі. Пасля датэрміновага вызвалення ў 1923 г. са Смаленскай катаржнай турмы У.В.Тэраўскі шмат зрабіў як фалькларыст, кампазітар, кіраўнік розных харавых калектываў Мінска. Аднак, пасля абвінавачвання ў прыхільнасці да “нацыянал-дэмакратызму” у пачатку 30-х гг. быў звольнены з працы і служыў у хоры адной з цэркваў Мінска. Па беспадстаўным абвінавачанні як “агент польскай разведкі” ён быў расстраляны ў 1938 г. (рэабілітаваны ў 1957 г.). У.С.Фальскі пасля адбыцця пакарання так і не змог вярнуцца ў БССР [1].

Працягам рэпрэсіўных мер супраць інтэлігенцыі з’яўлялася прынятае ў жніўні 1922 года УЦВК рашэнне “Аб адміністрацыйнай высылцы асоб, прзнаных сацыяльна небяспечнымі”. На яго падставе ўлада атрымала права без суда выслаць за мяжу абвінавачаных у гэтым асоб, альбо заключаць іх у лагеры. Падобныя рашэнні дзейнічалі і ў БССР. У верасні 1922 г. на прэзідыуме ЦБ КПБ разглядалася пытанне “Аб высяленні прафесараў і грамадскіх работнікаў Беларусі” [2]. Размова вялася пра тых асоб, якія ў тагачасны момант, альбо ў ранейшым лічыліся членамі партый, апазіцыйных бальшавіцкай. Нягледзячы на тое, што кваліфікаваных кадраў вельмі не хапала не толькі ў Мінску, але і па ўсёй рэспубліцы, вынікам абмеркавання стала рашэнне аб высылцы з БССР выкладчыцы БДУ Я.А.Гурвіч і прызначэнне да высылкі яшчэ 10 чалавек. Сярод іх значыліся выкладчыкі БДУ А.А.Савіч і прафесар В.В.Якунін, загадчык навукова-даследчага аддзела Наркамзема БССР, прафесар С.В.Скандракоў, рэктар Сельскагаспадарчага інстытута Н.К.Ярашэвіч і іншыя. Да некаторых з іх лёс быў літасцівы, і па розных абставінах яны засталіся на працы. Страціў званне прафесара, але прадоўжыў выкладанне В.В.Якунін, па хаданіцтве наркома земляробства БССР А.С.Славінскага застаўся на сваёй пасадзе С.В.Скандракоў (“пад асабістую адказнасць” наркома) [3].

Кантроль за інтэлігенцыяй, асабліва яе дарэвалюцыйнай часткай, не змяньшаўся – у  наступныя гады ён набываў ўсё больш шырокі размах. Была створана цэлая сістэма вышуку, даносаў, назіранняў, на основе якіх амаль на кожнага прадстаўніка інтэлігенцыі складаліся асобныя характарыстыкі. У іх адзначаўся не толькі жыццёвы шлях, але і палітычныя погляды, адносіны да савецкай улады, размовы аб яе палітыцы з сябрамі і супрацоўнікамі. Звесткі з такіх характарыстык выкарыстоўваліся пры звальненні і прыёме на працу, як падстава для рознага роду “чыстак”, разборы тых, хто, з пункту гледжання улады, меў якія-небудзь памылкі.

Інфармацыя аб інтэлігенцыі збіралася Дзяржаўным палітычным упраўленнем (ДПУ) БССР, партыйнымі органамі на месцах і ў форме рознага роду інфармацый паступала ў ЦК КП(б)Б. Адзін з такіх дакументаў, падрыхтаваных для ЦК КП(б)Б на матэрыялах сакрэтнага аддзела ДПУ у кастрычніку 1925 г. даваў скажоныя характарыстыкі палітычных поглядаў прадстаўнікоў мінскай інтэлігенцыі з ярлыкамі “шавіністы”, “нацыяналісты”, а Я.Ю.Лёсік, на той час выкладчык БДУ, правадзейны член Інстытута беларускай культуры, наогул названы “ярым контррэвалюцыянерам” [4]. Сярод тых, хто трапіў ў дакумент, актыўныя будаўнікі беларускай культуры навукоўцы М.В.Азбукін і А.А.Смоліч, пісьменнік і паэт Якуб Колас, намеснік наркома асветы БССР А.В.Баліцкі, грамадскі дзеяч П.В.Ільючонак і іншыя. Многія з пералічаных у дакуменце на рубяжы 30-х гадоў былі асуджаны па справе “Саюза вызвалення Беларусі” (“СВБ”).

Адносная свабода першай паловы 20-х гадоў у выказванні думак, творчай і грамадскай дзейнасці была вельмі абмежаванай. Тое, што не ўкладалася ў рамкі партыйных пастулатаў, рэзка крытыкавалася з прымяненнем адміністратыўна-рэпрэсіўных мер. У кастрычніку 1925 г. быў рэзка асуджаны за несуадносіны з партыйнай лініяй па пытаннях інтэлігенцыі артыкул асістэнта медыцынскага факультэта БДУ П.В.Трамповіча “Шляхі беларускай інтэлігенцыі”, які быў надрукаваны у газеце “Савецкая Беларусь” 21 кастрычніка 1925 г. Тое, што аўтар пры асвятленні пытання не падкрэсліў класавы падыход, кіруючую ролю партыі ў рабоце з інтэлігенцыяй, мела неадкладныя вынікі. На другі дзень пасля публікацыі рашэннем бюро ЦК КП(б)Б рэдактар газеты І.І.Шыпіла быў зняты з пасады, а аўтару ў спецыяльным артыкуле той жа газеты пералічылі яго памылкі, падкрэсліўшы, што прызнанне беларускай інтэлігенцыяй сацыяльнай рэвалюцыі, дыктатуры пралетарыяту” адзначае не проста “сумесную працу з партыйнымі і савецкімі установамі” (Трамповіч), а сумесную працу пад кіраўніцтвам партыі” [5].

Моцнай крытыкі ў пачатку 1926 г. падверглася падрыхтаваная да друку кніга М.В.Доўнар-Запольскага “Гісторыя Беларусі”. Бюро ЦК КП(б)Б забараніла яе выданне, як “выражаючую пазіцыі беларускага нацыянал-дэмакратызма”. Яе аўтар, вядомы вучоны, доктар гістарычных навук, прафесар БДУ быў вымушаны пакінуць Беларусь у выніку пастановы гэтага ж партыйнага органа ад 2 красавіка 1926 г. “Аб выездзе М.В.Доўнар-Запольскага з БССР” [6].

З другой паловы 20-х гадоў шмат хто з прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі сталі абвінавачвацца ў нацыянал-дэмакратызме – плыні напачатку ХХ стагоддзя, накіраванай на сацыяльнае, нацыянальнае і культурнае адраджэнне беларускага народа.

У першыя гады савецкай улады нацыянал-дэмакратызм на расцэньваўся варожым да яе, аднак, у другой палове 20-х гадоў быў абвешчаны партыяй бальшавікоў контррэвалюцыйным, накіраваным супроць дыктатуры пралетарыяту. Яго носьбітамі  лічылася беларуская інтэлігенцыя, асабліва яе дарэвалюцыйная частка. У канцы 20-х гадоў канчаткова вызначыліся пазіцыі кіруючай партыі адносна гэтай плыні, як указвалася на ХІ з’езде КП(б)Б, неабходнасць рашучага змагання з варожымі нацыянальна-дэмакратычнымі элементамі”[7].

Абвастрыць абстаноўку вакол інтэлігенцыі, прыпісаць асобным яе прадстаўнікам антысавецкія погляды паспрыялі вывады камісіі ЦКК УКП(б), якая вясной 1929 г. на працягу 52 дзён абследавала практыку нацыянальнай работы ў БССР. Выступаючы ў чэрвені 1929 г. на бюро ЦК КП(б)Б з дакладам па матэрыялах камісіі, яе кіраўнік У.Н.Затонскі зрабіў безпадстаўны вывад аб тым, што  “вялізная большасць інтэлігенцкай вярхушкі… у рашучы момант створыць адзіны антысавецкі фронт” [8]. З пэўнымі характарыстыкамі У.П.Затонскі называў прозвішчы супрацоўнікаў розных устаноў Мінска, у хуткім часе знятых з працы, а праз некалькі месяцаў арыштаваных ДПУ па справе “СВБ”.

У жніўні 1929 г. з пасады наркома асветы БССР быў зняты А.В.Баліцкі (з забаронай на 2 гады займаць кіруючыя адказныя пасады і ўказаннем уладкавацца на “нізавую работу”), а таксама многія іншыя прадстаўнікі мінскай інтэлігенцыі. На розных партыйных сходах, у друку разгарнулася шырокая дыскрэдытацыя іх дзейнасці з крытыкай надуманых памылак, быццам бы спланаваных шкодніцкіх дзеянняў.

У пачатку 1930 г. пачаліся арышты мінскай інтэлігенцыі па сфабрыкаванай ДПУ БССР справе “СВБ”. Адным з першых у лютым 1930 г. арыштаваны былы намеснік старшыні Белдзяржвыдавецтва П.В.Ільючонак, вясной–летам гэтага ж года – асноўная  частка тых, хто праходзіў па гэтай справе. У іх складзе – нарком  земляробства БССР Д.Ф.Прышчэпаў, былы намеснік наркома земляробства БССР А.Ф.Адамовіч, акадэмікі Беларускай акадэміі навук В.Ю.Ластоўскі, Я.Ю.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, навукоўцы М.В.Азбукін, М.І.Каспяровіч, М.В.Мялешка, С.В.Скандракоў, А.А.Смоліч, М.М.Шчакаціхін, выкладчык БДУ П.В.Трамповіч, пісьменнікі А.А.Бабарэка, У.М.Дубоўка, М.А.Грамыка, А.К.Гурло, Я.П.Плашчынкі (Пушча). У верасні 1930 г. арыштаваны былы нарком асветы БССР А.В.Баліцкі.

Толькі ў ноч з 18 на 19 ліпеня 1930 г. у Мінску арыштам падвергліся больш за 25 прадстаўнікоў інтэлігенцыі: пісьменнікі М.І.Гарэцкі, Я.Л.Дыла, рэжысёр, тэатральны дзеяч, акцер Ф.П.Ждановіч, супрацоўнікі Беларускай академіі навук У.М.Пракулевіч, І.І.Радзевіч, аспірант гэтай установы А.Я.Адзінец, рэдактар газеты “Звязда” П.Я.Жаўрыд і многія іншыя.

 Былога наркома асветы БССР А.В.Баліцкага арыштавалі 3 верасня 1930 г.. Сястра яго жонкі А.П.Высоцкая, якая жыла разам з яго сямьей, расказвала: “Ен быў у весцы з сямьей, і у кватэры знаходзілася я адна… Падехалі на машыне ноччу, каля апоўначы, спыталі Баліцкага. Я сказала дзе ён і яны паехалі. Праз пару гадзін прыехалі разам з ім. Ён сказаў мне: “Ты не палохайся, зараз у нас будуць рабіць вобыск. І пачалося… Перакапалі усё, асабіста кнігі. У сястры была вялікая медыцынская бібліятэка, дык разгортвалі кожную кнігу і кідалі на падлогу. І так да раніцы. Нічога не знайшлі, і раніцаю яго павезлі… Больш мы яго не бачылі” [9].

Паўліна Мядзелка, успамінаючы 1930 год, калі яна сядзела ў перапоўненых падвалах мінскага ДПУ, пісала: “Цікава, ці застаўся хто ў Менску на волі? Усе беларускія культурныя дзеячы – навукоўцы, пісьменнікі, акторы – усе  за кратамі. Што ж гэта робіцца на белым свеце?” [10]

Масавыя арышты інтэлігенцыі праходзілі, як правіла, ноччу з вобыскамі, пад час якіх канфіскоўваліся сямейныя каштоўныя рэчы, дакументы, рукапісы і іншае з хатняга архіва. Аб тых, каго забіралі, даведваліся ад іх сяброў, калег па працы, суседзяў.

Усяго па справе “СБВ” праходзілі 108 чалавек, усе яны з’яўляліся прадстаўнікамаі беларускай інтэлігенцыі з розным узростам і стажам працы. Самы старэйшы з іх, вядомы навуковец Б.Эпімах-Шыпіла меў узрост 71 год. Сярод арыштаваных – каля 70 чалавек працаўнікі розных устаноў Мінска.

Пасля некалькіх месяцаў следства, справы на 18 вязняў былі спынены, і яны былі вызвалены з турмы. Часовую свабоду атрымалі навукоўцы П.А.Бузук, М.Я.Байкоў, Б.Эпімах-Шыпіла (вымушаны восенню 1930 г. пакінуць Мінск), паэт А.Л.Дайлідовіч (Алесь Дудар), супрацоўнік Інстытута аховы працы Л.У.Дашкевіч і іншыя. Амаль усе яны былі зноў арыштаваны і асуджаны ў другой палове 30-х гадоў.

Амаль да ўсіх, хто апынуўся ў турме, следчымі прымяняліся фізічныя і маральна-псіхалагічныя меры ўздзеяння, каб атрымаць ад іх патрэбныя паказанні. Арыштаваныя абвінавачваліся ў тым, што з’яўляліся членамі контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі “СВБ” і “ажыццяўлялі арганізаванае шкодніцтва на культурным, ідэалагічным і іншых участках сацыялістачнага будаўніцтва, праводзілі антысавецкую нацыяналістычную агітацыю, накіраваную на запавольванне тэмпаў развіцця Беларусі” [11] і г.д.

Нягледзячы на тое, што ў працэсе следства органы АДПУ не атрымалі канкрэтных доказаў існавання “СВБ”, 90 чалавек суд прыгаварыў да розных тэрмінаў знаволення ў лагерах і высылкі ў аддаленыя раёны Савецкага Саюза.

У другой     палове 30-х гадоў, асуджаным па справе “СВБ”, тым, хто адбыў пакаранне і хто знаходзіўся яшчэ за кратамі, прадоўжвалі тэрмін высылкі, паўторна прыцягвалі да суда па ранейшых абвінавачваннях. Асноўная частка іх  расстраляна, альбо загінула ў лагерах. Адзінкі, перанёсшыя ўсе пакуты, у трэці раз і ўжо пасля вайны,  зноў асуджаны карнымі органамі па былых справах. Безпадстаўнасць абвінавачванняў усіх прайшоўшых па справе “СВБ”, падцвердзілі працэсы іх поўнай рэабілітацыі, распачатыя з другой паловы 1950-х гадоў.

Першая масавая хваля рэпрэсій супроць інтэлігенцыі нанесла непапраўны ўдар беларускай гаспадарцы, навуцы, культуры. Лепшыя прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі гвалтоўна пазбаўляліся магчымасці не толькі займацца творчай дзейнасцю, але і спакойна жыць. Неаднаразова выклікаўся на допыты па справе “СВБ” народны паэт Янка Купала. Адначасова разгарнулася яго рэзкая крытыка за прынадлежнасць да “нацдэмаў”. Паэта нават імкнуліся зрабіць кіраўніком “СВБ”, патрабуя публічна пакаяцца ў грахах. Даведзены да адчаю, Я.Купала 22 лістапада 1930 г. пытаўся скончыць жыццё самагубствам, а калі падлячыўся, вымушаны быў пад моцным ціскам ідэалагічных службаў усё ж напісаць пакаяльны ліст,  надрукаваны ў “Звяздзе”. Раней такі ж ліст вымусілі напісаць Я.Коласа. На старонках друку выступалі з крытыкай сваіх памылак С.Я.Вальфсон, З.Х.Жылуновіч, У.М.Ігнатоўскі і іншыя.

Не ўсе маглі вытрымаць палітычнае цкаванне, зневажанне сваёй чалавечай годнасці: 4 лютага 1931 г. пасля чарговага допыту скончыў жыццё самагубствам першы прэзідэнт Беларускай академіі навук У.М.Ігнатоўскі; 16 ліпеня 1937 г. застраліўся старшыня ЦБК БССР А.Р.Чарвякоў.

Справа “СВБ” адкрыла вялікі пералік розных “контррэвалюцыйных, шпіёнскіх, шкодніцкіх” арганізацый, што дало падставу працягваць знішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі не толькі ў Мінску, але і па ўсёй рэспубліцы. У 1931–1932 гг. узніклі справы “Беларускага філіяла працоўнай сялянскай партый”, “Белтрактарацэнтра”, “Ветэрынарных урачоў”. Шмат хто з працаўнікоў Народнага камісарыята земляробства БССР, навукова-даследчага інстытута сельскай гаспадаркі, Дзяржплана БССР і іншых устаноў Мінска трапілі ў турму. Асуджаны і высланы ў лагеры загадчык сельска-гаспадарчай секцыі Дзяржплана БССР Р.А.Бонч-Асмалоўскі, дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі акадэмік Г.І.Гарэцкі, арыштаваны і пазбаўлены звання акадэміка навуковец А.Д.Дубах, апынуліся ў зняволенні  іншыя супрацоўнікі мінскіх дзяржаўных устаноў.

У 1933 г. АДПУ БССР сфабрыкавала справу па дзейнасці яшчэ адной контррэвалюцыйнай арганізацыі “Беларускі нацыянальны цэнтр”. Па версіі следчых, яна быццам бы мела намер звергнуць савецкую ўладу шляхам узброенага паўстання пры ваеннай падтрымцы Польшчы.

Выкарыстоўваючы незаконныя метады вядзення следства, катаванні, маральны здзек над падсуднымі, следчыя прымушалі іх да лжывых паказанняў. Па новых звестках выяўлялі шкоднікаў у Беларускай акадэміі навук, народных камісарыятах асветы, аховы здароўя, сувязі, рэдакцыях, грамадскіх арганізаціях. З 97 чалавек, асуджаных па гэтай справе ў 1934 г., суд вынес смяротны прыгавор 26 зняволеным [12]. Кіраўніцтва арганізацыяй прыпісалі вядомым дзеячам нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі С.А.Рак-Міхайлоўскаму, П.В.Мятле, М.Т.Бурсевічу, І.С.Дварчаніну, Ф.І.Валынцу, П.П.Валошыну, Я.Е.Гаўрыліку. Асуджаныя польскім урадам у 1930 г., яны на падставе абмену палітзняволенымі пераехалі ў Мінск і на момант арышту органамі АДПУ БССР працавалі на адказных пасадах розных дзяржаўных устаноў Мінска. У 1934 г. рашэннем судовай калегіі АДПУ іх прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання з заменай на 10 гадоў канцлагераў і адправілі на Салаўкі. Праз тры гады пасля паўторнага асуджэння іх прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання і  расстралялі [13].

У 30-я гады набыла іншы накірунак характарыстыка спраў, якія АДПУ групавала ўжо не па нацдэмаўскіх альбо трацкісцкіх арганізаціях, а шпіёнска-дыверсійных, фашысцкіх і іншых. Значна больш жорсткай стала расправа над тымі, хто праходзіў па гэтых справах, узмацніліся катаванні арыштаваных, вельмі ўзрасла колькасць асуджаных да расстрэлу.

У другой палове 30-х гг. пачаўся новы віток рэпрэсій – самы  масавы і жорсткі, 1937–1938 гг., ўвайшоў у гісторыю беларускага народа адзнакам самага масавага знішчэння інтэлігенцыі, сялянства, рабочых. Узмацніліся новыя “чысткі” ўстаноў ад “ворагаў”, пачаліся новыя працэсы, а таксама паўторныя над тымі, хто адбыў пакаранне.

Новыя беспадстаўныя рэпрэсіі абрушыліся на навукоўцаў, выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных устаноў. Яшчэ ў 1930 г. быў арыштаваны і сасланы ў г.Вятка першы рэктар БДУ У.І.Пічэта. Масавыя арышты па справе “СВБ” значна абяскровілі выкладчыцкія кадры навучальных устаноў Мінска. У лютым 1931 г. – першы сакратар ЦК КП(б)Б К.В.Гай і загадчык культурна-прапагандысцкага аддзела ЦК КП(б)Б А.А.Чарнушэвіч накіравалі ў г. Маскву ліст с просьбай “неадкладна прыслаць у БССР навуковых работнікаў па эканамічным дысцыплінам для выкладчыцкай і навуковай працы”. Яны адзначалі, што ў выніку арыштаў “шэраг вузаў і ў першую чаргу БДУ апынуліся ў катастрафічным стане, стаялі перад зрывам заняткаў і нават закрыццём шэрагу аддзяленняў”.

БДУ больш за іншыя навучальныя ўстановы пакутаваў ад рэпрэсій. У 1937–1938 гг. імі падвергліся выкладчыкі гістарычныга факультэта А.М.Ляўданскі, У.І.Кернажыцкі, М.А.Поташ, фізік Я.К.Успенскі, хімікі Э.В.Змачынскі, Н.В.Ярмоленка і іншыя. З сямі рэктараў, якія ўзначальвалі універсітэт у даваенныя гады, падвергліся рэпрэсіям шэсць: У.І.Пічэта, Я.П.Каранеўскі, І.Ф.Ярмакоў, А.І.Дзякаў, Н.М.Бладыка, У.С.Бабраўніцкі. Пад падазрэннем знаходзіліся многія выкладчыкі не толькі БДУ, але  Мінскага педагагічнага і Беларускага палітэхнічнага інстытутаў, Інстытута народнай гаспадаркі і іншых. У ліпені 1938 г. на 49 супрацоўнікаў Мінскага педагагічнага інстытута і  266 настаўнікаў Мінска меліся кампраметуючыя звесткі.

Асабліва вялікія страты ад рэпрэсій 30-х гадоў панесла Беларуская акадэмія навук. У дакладной запісцы наркома ўнутраных спраў БССР А.А.Наседкіна “Аб шкодніцтве ў Беларускай Акадэіміі навук” адзначалася, што ў 1937–1938 гг. органамі НКУС БССР арыштавана 57 агентаў з іншаземных разведак, трацкістаў і іншых,  пакуль што працуюць “распрацаваныя намі 22 удзельнікі антысавецкага падполля, 80 блізкіх сваякоў рэпрэсаваных і 40 навуковых супрацоўнікаў – ураджэнцаў  замежных краін” [14]. Многія з іх неўзабаве былі зняты з працы, або арыштаваны.

У 1937–1938 гг. асуджаны і расстраляны прэзідэнты Беларускай акадэміі навук П.В.Горын і П.В.Сурта, акадэмікі Я.Н.Афанасьеў, Т.Ф.Домбаль, П.Я.Панкевіч, І.А.Пятровіч, Б.А.Тарашкевіч, В.К.Шчарбакоў; паўторна асуджаны і расстраляны,  раней высланы па справе “СВБ” С.М.Некрашэвіч; памерлі ў лагерах Ц.Л.Бурсцін і І.І.Замоцін; загінуў у бальніцы З.Х.Жылуновіч. З арыштаваных у гэтыя гады членаў-карэспандэнтаў БАН расстраляны Я.А.Бранштэйн, С.П.Мельнік, І.Д.Харык, Б.М.Шпэнцер [15]. Па падліках гісторыка М.У.Токарава, за 1930–40-я гады было рэпрэсавана каля 150 супрацоўнікаў Акадэміі навук рэспублікі. З іх звыш 50 чалавек  расстраляны ў Мінску і 10 у іншых раёнах Савецкага Саюза [16]. Фактычна навуковыя кадры рэспублікі аказаліся разгромленымі, спыніліся даследаванні па многіх навуковых праблемах.

За 30-я гады панесла вялікія страты культурнае асяроддзе Мінска. Больш паловы сваіх членаў страціў Саюз пісьменнікаў БССР. Прайшлі праз турэмныя катаванні і прысуджаны да вышэйшай меры пакарання А.У.Ажгірэй (А.Вольны), А.А.Бабарэка, П.Р.Галавач, М.І.Гарэцкі, А.А.Дайлідовіч (А.Дудар), В.П.Кавалёў, К.П.Вышына (Л.Калюга),  Т.Т.Кляшторны, М.С.Кудзелька (М.Чарот), В.Д.Маракоў і іншыя. Рэпрэсіі не абмінулі рэжысёраў, тэатральных дзеячоў У.І.Галубка,  М.Ф.Рафальскага, Ф.П.Ждановіча і многіх іншых творчых дзеячоў беларускай культуры. Па сутнасці, ішло знішчэнне тых здабыткаў, якія набыла беларуская культура, навука, кадравая палітыка ў 20-я гады. Адначасова са знішчэннем людзей забараняліся, вычышчаліся з бібліятэк, музеяў, сховішчаў Мінска і іншых гарадоў рэспублікі творы рэпрэсіраваных. Значная частка іх была ліквідавана і назаўжды страчана для патомкаў.

Рэпрэсіі закранулі ўсе прафесійныя катэгорыі інтэлігенцыі Мінска. На матэрыялах “Вынікаў разгрома антысавецкага падполля ў БССР” за 1937–1938 гг. сярод арыштаваных і асуджаных лічылася 23 працаўніка цэнтральных, партыйных і савецкіх устаноў, 16 супрацоўнікаў ЦВК і Саўнаркома, 40 наркамаў і іх намеснікаў, 41 выкладчык вышэйшых навучальных устаноў, 20 пісьменнікаў і літаратурных работнікаў [17].

Не пазбеглі рэпрэсій самыя высокія па пасадах партыйныя дзеячы. Да вышэйшай меры пакарання прысуджаны першыя сакратары ЦК КП(б)Б М.Ф.Гікала, К.В.Гей, А.І.Крыніцкі, В.Ф.Шаранговіч, сакратар ЦК КП(б)Б В.Г.Кнорын, рэпрэсаваны многія наркамы, кіраўнікі народнай гаспадаркі. Толькі па Народнаму камісарыяту асветы БССР расстраляны ўсе наркамы, якія працавалі ў 1920–1930-я гады: А.В.Баліцкі, А.М.Платун, А.А.Чарнушэвіч, А.І.Дзякаў, М.Л.Арабей, А.А.Варончанка, У.І.Півавараў. Загінулі наркамы лёгкай прамысловасці БССР – Г.П.Грысевіч, фінансаў – А.Г.Хацкевіч, А.Ф.Кудзелька, земляробства – Д.Ф.Прышчапаў, К.Ф.Бенек, М.Ф.Нізоўцаў і многія іншыя.

Прайшлі праз суд і тыя, хто ўзначальваў рэпрэсіўны апарат – кіраўнікі органаў дзяржаўнай бяспекі БССР. З 15 старшынь ЧК, ДНУ і НКУС БССР, працаваўшых на гэтых пасадах з 1918 па 1941 гг., расстраляны 13 чалавек – В.І.Яркін, Я.К.Ольскі (Кулікоўскі), С.Ф.Пінталь, Ф.Д.Мядзведзь, Р.А.Піляр, Р.Я.Папапорт, С.Ф.Рэдэнс, Г.П.Матсон, Л.М.Закоўскі, І.М.Ляплеўскі, Г.А.Малчанаў, Б.Д.Берман, А.А.Наседкін. Нарком унутраных спраў у 1938–1941 гг. Л.Ф.Цанава (Джанджава), арыштаваны ў 1953 г. [18].

Трагічныя наступствы рэпрэсіўнай палітыкі ў поўнай меры зведала на сабе мінскае духавенства, сярод якога знаходзілася  нямала высокаадукаваных асоб, якія адыгрывалі значную ролю ў духоўным жыцці насельніцтва горада.

Антырэлігійная палітыка савецкай улады, разбурэнне і рабаванне культавых храмаў саправаджаліся арыштамі, зняволеннямі і расстрэламі духавенства розных канфесійных узроўняў. Рэпрэсіі супраць іх ужываліся з пачатку 20-х, але самыя масавыя выпалі на долю 30-х гадоў.

Ад беспадстаўных абвінавачванняў не абараняў нават высокі сан свяшчэннаслужыцеляў. У 1922 г. за выступленне супраць канфіскацыі маёмасці касцёлаў быў арыштаваны і прысуджаны да рассрэлу з заменай на 5 гадоў турэмнага зняволення генеральны вікарый Мінскай дыяцэзіі А.Я.Лісоўскі. Па такой жа прычыне ў наступным годзе органы АДПУ БССР асудзілі на тры гады зняволення ксяндза Мінскага кафедральнага касцёла Яна Васілеўскага [19].

Арышты служыцеляў каталіцкага веравызнання, іх расстрэлы сталі масавымі ў 30-х гадах. Вялікая група ксяндзоў праходзіла ў якасці абвінавачваемых па справе “Польскай арганізацыі вайсковай” (“ПАВ”), сфабрыкаванай ДПУ у 1933 г. Паводле версіі ДПУ, кіраўніком арганізацыі лічыўся пробашч Мінскага кафедральнага касцела А.І.Пучкар-Хмялеўскі, арыштаваны ў 1933 г. і расстраляны па паўторнай справе гэтай арганізацыі летам 1937 г [20]. Арыштам у сувязі з новымі абвінавачваннямі па справе “ПАВ” падвергліся пробашч Мінскага кафедральнага касцёла Ян Баравік і ксёндз Канстанцін Адрэкус. Калегія НКУС БССР у жніўні 1937 г. прыгаварыла іх да вышэйшай меры пакарання [21].

Не меншыя страты ад рэпрэсій панесла праваслаўная царква. З пачатку 20-х гадоў арышты святароў, іх адлучэнне ад царквы ішлі па нарастаючай. Цяжкія выпрабаванні перанесла праваслаўнае духавенства Мінска ў 1925 г. Па лжывым абвінавачванні ў “раскраданні царкоўнай маёмасці”, “контррэвалюцыйнай прапагандзе” ДПУ БССР  арыштавала і асудзіла на 3 гады ўмоўнага зняволення мітрапаліта Мінскага і беларускага Мелхіседэка (М.Л.Паеўскага), які карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод вернікаў. На наступны год выкліканы ў Маскву, ён усё ж апынуўся за кратамі і быў сасланы на пасяленне ў Краснаярскі край [22].

На 1925 год прыходзяцца арышты і іншых служыцеляў праваслаўнай царквы Мінскай епархіі. Сярод іх – настаяцель  Мінскай царквы ў гонар іконы Божай Маці Ўсіх Тужлівых Радасць У.Р.Хіраска. Месцам высылкі яго на тры гады стаў г.Арол, а пасля паўторнага арышту праз 4 гады – Сібір [23].

Асабліва пацярпела праваслаўная царква ў 30-я гады. Па адной толькі справе шпіёнска-паўстанцкай арганізацыі “Беларуская аўтакефальная царква”, сфабрыкаванай НКУС БССР, летам–восенню 1937 г. было арыштавана больш 200 чалавек. Сярод 12 кіраўнікоў арганізацыі лічыліся святары Мінскай аўтакефальнай царквы Марыі Магдаліны А.П.Кіркевіч, С.І.Кульчыцкі, М.С.Рубановіч, рэгент П.П.Вяршынскі і іншыя,  11 з кіраўнікоў рашэннем Асобай тройкі НКУС БССР расстраляны ў лістападзе 1937 г. [24]

Рэпрэсіі не абышлі прадстаўнікоў іншых канфесій. У сакавіку 1930 г. у Мінску разам з 14 прадстаўнікамі духавенства ДПУ БССР арыштавала галоўнага рабіна Беларускі М.Глускіна. Толькі дзякуючы моцнаму замежнаму пратэсту, Глускіну і яго адзінаверцам удалося пазбегнуць судовай расправы [25].

Дзяржаўная палітыка, накіраваная на ліквідацыю рэлігіі, прывяла да амаль поўнага знішчэння служыцеляў розных канфесій, закрыцця, альбо разбурэння касцёлаў, цэркваў, сінагог, мячэцей.

Прыведзены вышэй далёка ня поўны пералік сфабрыкаваных спраў, прозвішчаў вязняў, асуджаных да расстрэлу, зняволенню ў канцлагерах, сведчыць, што рэпрэсіі былі накіраваны ня толькі супраць беларусаў, пацярпеўшых больш за ўсіх, але і прадстаўнікоў розных этнічных супольнасцяў, якія пражывалі ў Мінску. З іх найбольшыя страты ад рэпрэсій панеслі яўрэі, самая вялікая пасля беларусаў частка жыхароў горада. Паводле перапісу 1926 г., яўрэі складалі 40,8% ад агульнай колькасці гараджан і займалі многія кіруючыя пасады ў дзяржаўных органах улады, наркаматах, Дзяржплане БССР, розных рэдакцыях і г.д. Трагічна склаліся лёсы многіх вядомых на той час навукоўцаў яўрэйскага паходжання, спецыялістаў гаспадарчых устаноў, выкладчыкаў, пісьменнікаў і іншых творчых работнікаў.

Рэпрэсіям падвергліся акадэмікі БелАН матэматык Ц.Л.Бурсцін і гісторык Е.І.Рыўлін, члены-карэспандэнты – гісторык С.Х.Агурскі, літаратуразнавец Я.А.Бранштэйн, хімік Б.М.Шпэнцэр, навуковыя супрацоўнікі акадэміі – гісторыкі І.П.Ашэровіч і Ш.М.Гольдберг, філосаф Р.М.Выдра, глебазнаўца Э.Е.Магорам, эканаміст І.І.Равун, супрацоўніца акадэміі Д.Р.Трубовіч і іншыя. Па розных беспадстаўных абвінавачваннях былі арыштаваны і асуджаны яўрэі, якія працавалі ў вышэйшых навучальных установах Мінска. У іх ліку гісторык, выкладчык Мінскага педагагічнага інстытута У.Ю.Гесен, эканаміст, дацэнт БДУ А.І.Шэйнін. Былі рэпрэсіраваны пісьменнікі і паэты З.М.Аксельрод, М.С.Кульбак, З.Р.Півавараў, І.Д.Харык і іншыя. Загінуў ад рэпрэсій дырэктар Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР М.Ф.Рафальскі [26].

Значная частка кваліфікаваных спецыялістаў праходзіла па сфабрыкаванай летам 1931 г. справе “Беларускага філіяла Прампартыі” - “контррэвалюцыйнай, шкодніцкай, дыверсійна-шпіёнскай арганізацыі”. У выніку палітычнага працэса над інтэлігенцыяй, якая працавала ў кіраўніцтве прамысловасцю БССР, праз суд прайшлі 30 чалавек. Сярод іх - загадчык прамысловай секцыі Дзяржплана БССР А.М.Каплан, кансультант гэтай секцыі М.М.Масткоў, намеснік старшыні камітэта па хімізацыі народнай гаспадаркі БССР пры СНК В.С.Натансон, загадчык планавага аддзела Белторфа І.Э.Рагацкі, інжынер апарата ВСНХ БССР М.Я.Эпштэйн [27].

Сярод ахвяр палітычных рэпрэсій апынулася нямала рускай інтэлігенцыі, якая актыўна працавала на карысць навукі, культуры, гаспадаркі Беларусі. Загінуў у выніку рэпрэсій вядомы вучоны-мастацтвазнавец, педагог М.М.Шчакаціхін, які выдаў рад твораў па гісторыі мастацтва Беларусі; расстраляны акадэмікі БелАН філолаг-славіст М.М.Дурнаво і даследчык глебы БССР Я.М.Афанасьеў; памёр у турме акадэмік БелАН, літаратуразнаўца І.І.Замоцін; 8 гадоў правёў у лагерах і ссылцы акадэмік, даследчык хімічных працэсаў М.С.Казлоў.

Пацярпелі ад рэпрэсій у БССР прадстаўнікі польскай дыяспары і сярод іх – адукаваныя кадры розных устаноў Мінска. Па беспадстаўнаму абвінавачванню ў шпіянажы расстраляны нарком земляробства, член ЦВК БССР, паляк па паходжанню К.Ф.Бенек, акадэмік БелАН эканаміст Т.Ф.Домбаль, партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР А.С.Славінскі, пісьменнік Генрык Жарскі і іншыя.

Рэпрэсаваны ў 30-я гады і загінулі прадстаўнікі мінскай інтэлігенцыі іншых нацыянальнасцяў: украінцы – доктар філалагічных навук П.А.Бузук, член-карэспандэнт БелАН, дырэктар Батанічнага сада АН БССР С.П.Мельнік і іншыя; літоўцы – акадэмік БелАН, гісторык С.Ю.Матулайціс, празаік і публіцыст Б.К.Паўлюкявічюс, паэтэса, празаік і публіцыст А.А.Меркітэ; больш за 10 гадоў канцлагераў адбыў акадэмік БелАН, гісторык і філосаф В.А.Сербента; расстраляны латыш па нацыянальнасці, партыйны дзеяч БССР, доктар гістарычных навук В.Г.Кнорын (Кнорыньш) і многія іншыя.

Трагічным вынікам масавых рэпрэсій у БССР з’явілася амаль поўнае знішчэнне дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі і значнай часткі новай, савецкай, падрыхтаванай за 20–30-я гады вышэйшымі навучальнымі установамі. Усе яны былі рэпрэсаваны бязвінна. Падцверджанне таму – іх рэабілітацыя па матэрыялах адказных дзяржаўных камісій у складзе юрыстаў, прававедаў і іншых спецыялістаў, працаваўшых пад кантролем дзяржаўных і судовых органаў.

Масавы тэрор супраць інтэлігенцыі адгуктуўся вялікімі стратамі ва ўсіх галінах жыцця не толькі г.Мінска, але і усей рэспублікі, згортваннем нацыянальна-культурнага будаўніцтва, навуковых даследаванняў,  вытворчых распрацовак. Была перарвана сувязь пакаленняў, страчаны многія духоўныя каштоўнасці і прыгнечана нацыянальная самасвядомасць народа, неабходныя для яго далейшага ўсебаковага развіцця.

Літаратура, крыніцы

1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.6. Кн.1. Мн., 2001. С.558.

2. А.Гесь. Выслаць за межы Беларусі // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі. Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі. Мн., 1998. С.38.

3. Там жа. С.40.

4. Перед крутым поворотом. Тенденции в политической и духовной жизни Беларуси (1925–1928 гг.). Мн., 2001, с.42, 45, 46.

5. Савецкая Беларусь. 1925. 29 кастрычніка.

6. Перед крутым поворотом… С.167.

7. Стэнаграфічная справаздача ХІІ з’езда КП(б)Б. (5–14 лютага 1929). Мн., 1929. С.179.

8. НА РБ. Ф.4. Воп.21. С.350. Л.132.

9. Н.У.Васілеўская. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме. (Нарком асветы БССР А.В.Баліцкі). Мінск, 1995. С.47.

10. Паўліна Мядзелка. Сцежкамі жыцця // Полымя. 1993, №3. С.219.

11. У.Міхнюк. Захоўваць вечна // Маладосць. 1992, №6. С.111.

12. У.Адамушка. Палітычныя рэпрэсіі 20–50-х гадоў на Беларусі. Мінск, 1994. С.62.

13. У.Адамушка. Справа №233771. Беларускі нацыянальны цэнтр // Беларуская мінуўшчына. 1993, №3–4. С.46; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.1. Мінск, 1993. С.450.

14. НА РБ. Ф.4. Воп.21. Спр.1400. Л.17.

15. Возвращенные имена. Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий. Минск, 1992,. С. 35, 79,102.

16. Н.Токарев. Ученые Академии наук – жертвы политических репрессий 30–40-х годов// Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі… С.151, 152.

17.У.Адамушка. Палітычныя рэпрэсіі… С.54.

18. Т.С.Протько. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917–1941 гг.). Минск, 2002. С.198.

19. У.Навіцкі, У.Завальнюк. Рэпрэсіі духавенства рымска-каталіцкай царквы ў БССР (20–30-я гг.) // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі… С.123.

20. Т.С.Протько. Указ. тв. С.674.

21. У.Навіцкі, У.Завальнюк. Указ. тв. С.129.

22. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С.110.

23. Федор Кривонос. Жития священномучеников Минской епархии. І-ая половина ХХ века. Минск, 2002. С.21.

24. В.В.Грыгор’ева, У.М.Завальнюк і інш. Канфесіі на Беларусі (к.ХУІІІ–ХХ ст.). Мінск, 1998. С.178.

25. Там жа. С.198.

26 Возвращенные имена… С.15, 24, 25, 30, 70 и инш.; Леанід Лыч. Нацменаўскія “нацдэмы” // Мінская праўда. 1998. 6, 11, 13, 15, 18 жніўня.

27. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1. Мінск, 1993.. С.455–456; Т.С.Протько. Указ. тв. С.642.

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя