За ўратаваньне Мэмарыялу - Успаміны Зінаіды Антонаўны Тарасевіч

Мой родны кут! Ці ж ты мне мілы!?

Пятніца, 29 Май 2015. Чорная Кніга Сталінізму, Навіны

Успаміны Зінаіды Антонаўны Тарасевіч, якая нарадзілася ў Архангельскай вобласьці, куды выслалі яе бацькоў у 1930 годзе

Мой родны кут! Ці ж ты мне мілы!?

Бацькоў, кажуць, не выбіраюць. Радзіму таксама. Мая радзіма - адна з кропак ГУЛАГу, гэты магільнік для вялікай колькасці беларусаў - Архангельская вобласць, Верхнятомскі раён, Охтама, 4-ы пасёлак. Можа, мае продкі выбралі такое месца, ці мае бацькі?..

...Засценак Чыжоўка Мінскага раёна Папярнянскага сельсавета. Тры хаты ўсяго ў засценку. Цяпер гэта вёска Чыжоўка, побач вёскі Цнянка і Якубавічы. Спрадвеку жылі людзі ў гэтых мясцінах: нараджаліся, жаніліся, дзяцей гадавалі, хаты будавалі, аралі, баранавалі, сеялі, жывёлу даглядалі, у Мінск на конях ездзілі або пешшу дабіраліся, каб прадаць потам здабытыя прадукты харчавання і купіць запалкі, соль, прамысловыя вырабы. Купяць - і хутчэй, шчаслівыя, дахаты, памучыўшыся ў горадзе. Лічылі, што ў горадзе людзям цяжка жыць, у іх нічога свайго няма, а ў вёсцы - і хаты, і жывёлы многа, і заўсёды пад’еўшыя. Як падрасталі дзеці, то галоўнай мэтай бацькоў было купіць зямлі, бо лічылася, што зямля - гэта карміліца. А каб перабрацца ў горад? Не, гэтай думкі не было ні ў аднаго селяніна. Аднойчы да дачкі майго дзеда Івана (да маёй цёткі) пасватаўся жаніх з Мінска, то дзед паехаў, каб паглядзець, як жа той жыве ў Мінску. Прыехаўшы дадому, дзед і расказвае: “ Цьфу, хваліцца жаніх, што ў яго кватэра вялікая, мэбля прыгожая, чаравікаў многа, і ўсе французскія, паліто, посуд і ўсё прыгожае! Ён жа нішчы! Во ў мяне дык каровы, свінні, гаспадарка вялікая, коні. А навошта мне яго кватэра, мэбля?” Не ведаў дзед, што неўзабаве пачнуць гінуць яго дзеткі на Поўначы ад голаду, непасільнай працы, ад здзекаў НКВД, а ўся яго гаспадарка, хата, пабудовы застануцца чужым людзям, што ніколі ў гэтую хату ніхто з яго дзяцей не вернецца, што ўсе яны навечна застануцца ў вечнай мерзлаце, тамсама застанецца і жонка яго. А твая дачушка, дзед, да якой сватаўся той мінскі хлопец, у 1932 годзе пойдзе ў агульную магілу разам з іншымі шаснаццаццю мучанікамі, без трунаў, на адной з лесабазаў Архангельскай вобласці. Памыляўся дзед. Але гэта не ў віну яму. А пакуль дзед толькі і ведае, што працуе, каб дзеці былі пад’еўшыя, каб зямлі яшчэ прыкупіць. Вельмі працавіты быў дзед. Прыйшоўшы ў прымы да маёй бабулі Анастасіі, ён атрымаў спраўную гаспадарку ад Царлюкевіча Паўла (майго прадзеда) і Царлюкевіч Веры (маёй прабабулі). У той час было заведзена, каб сем’і былі вялікія, то і мой дзед Іван і бабуля Анастасія нарадзілі 12 дзяцей, выгадавалі 10. Але мець шмат дзяцей - трэба мець шмат зямлі, трэба мець лес свой, каб жыллё збудаваць, а таму - трэба шмат працаваць. Бацькоўскіх рук не хапала, то дапамагалі дзеці. Працавалі ўсе змалку. Уставалі - цёмна і клаліся спаць - цёмна. І ўвесь дзень у працы. А каб, дзед, падумаць ды вывучыць якое дзіця на швачку хоць бы ці на шаўца, а каб даць адукацыю? Не думаў дзед, але пра гэта клапацілася бабуля. Паедзе бабуля ў Мінск на базар, на Траецкую гару, бывала, - адтуль прывязе настаўніка. Гэты настаўнік кватаруецца па хатах па чарзе, вучыць дзяцей, яму добра плацяць. Калі, бывала, каторае дзіця чытае лемантар, то ты, дзед, што казаў? Маўляў, што ты ўсё чытаеш: “Са-ла ма-ла” - і зноў: “Са-ла ма-ла”? “Што, - кажа дзед, - ці ж мала сала? Еш, хоць лопні!” Не ведаў дзед, што праз пару гадочкаў дзеткі яго не толькі забудуцца на смак свойскага сала, але і не ўбачаць яго ніколі, хіба што ў сне ці галодным трызненні, а твая адзіная ўнучачка будзе вельмі рада есці… печку. Так - так, не здзіўляйцеся - печку. Але пра гэта потым.

А пакуль усяго досыць. Памагала весці гаспадарку і гадаваць дзяцей (сваіх унукаў) мая прабабка, якая з імі жыла. Тады пенсію старым не давалі, і яны жылі пры дзецях і рабілі на сябе.

Жылі, і, як бы ні было цяжка, радаваліся жыццю, увечары часцяком хадзілі на вячоркі. Увесь дзень былі занятыя. Ніхто не скардзіўся, што моладзі трэба чым-небудзь заняцца - не было праблемы моладзі ў дзяржаве. Занятку было - хоць адбаўляй.

Падраслі дзеці, глядзіць дзед: хата ўжо старая стала ды цесная. Хату ж гэтую будаваў яшчэ цесць. І ты, дзед, вырашаеш таксама пабудаваць хату… для сваіх дзяцей, а іх 10 - трэба вялікая хата і лепшая, чым у суседзяў. Ведаў бы ты, дзядуля, што новая хата - гэта першая прычына гібелі тваёй сям’і, каб толькі ты гэта ведаў… Ды яшчэ якой страшэннай гібелі - у вялікіх муках і не ў роднай хаце.

А пакуль дзед развёў вялікую будоўлю. Гэта гады 1927-28. Валіць лес (свой), возіць на сваіх конях бярвёны - тыя бярвёны, што зберагаў, не дазваляў секчы на паліва для абагрэву ўзімку. Не дазваляў дзед - мерзлі твае дзеткі, а бярвёначкі бераглі: спатрэбяцца, маўляў, на хатку. На хатку? Толькі не тваім дзеткам, дзед. Памыляўся дзед. Але падрыхтаваў усе матэрыялы для будоўлі. Цяпер трэба вырашыць, у якім месцы будаваць хату. Бегае дзед па агародзе, разгубіўся (мусіць, нешта нядобрае прарочыла яго душа) і ніяк не можа вырашыць. І ўсё бегае: то ў адзін бок кінецца, то ў другі - ніяк не наважыцца. Тады бабуля кінулася выручаць дзеда. Узяла з рук яго сякеру ды калкі і адразу вызначыла: зрабіла некалькі крокаў - забіла калок, адмерала крокамі - зноў калок. І так было вырашана, дзе будзе хата. Колькі тая хата займае кв. метраў? Можа, 120 ці больш. Пабудаваць хату не хапала сваіх сілаў, дык два гады жылі па двое рабочых. Іх добра кармілі, плацілі грошы. Дзед, бывала, казаў бабулі: “Добра расплачвайся з імі, каб хаця яны не спалілі часам”. А каб усім карміцца, апранацца ды хату будаваць, то як трэба было працаваць? Грошы ж ніхто не даваў, а трэба было вырасціць агародніну ці жывёліну для сябе і для людзей, прадаць - вось толькі тады… і грошыкі. Стараўся дзед. Дарма ўсё ж стараўся - каму стараўся? Памыляўся дзед. Выбіваў свае сілы дарэмна. Нарэшце душа, мусіць, не пагадзілася з дзеяннямі дзеда, і ў 1928 годзе, робячы ўжо страху, зваліўся дзед зверху і моцна пабіўся. Захварэў адразу - мусіць, адбіў нутро. Праз невялікі час, у кастрычніку 1928 г., дзеда не стала. А як хата? Хату дабудоўвала бабуля і яе дзеткі. Позна ўвосень 1929 года ўвайшлі яны ў новую хату - апошнюю ўласную хату ў іхнім такім кароткім жыцці. Не, не ведалі яны, што гэта будзе не іхняя хата, што пабудавалі яны яе не для сябе. Памылялася і бабуля, шпарка забіваючы калкі, намячаючы новабудоўлю. Тады ты яшчэ не ведала, мая родная бабуля, што загубіла сябе і сваіх васьмярых дзяцей, унучку і нявестку сваім адважным дзеяннем - пабудовай вялікай прыгожай хаты. На гэтую хату ўжо вастрылі зуб. Аказалася так, што расплаціліся дзеці і ўнукі за мары сваіх бацькоў. А ў новай хаце пражылі не больш як чатыры месяцы. 1929 год - апошні год шчаслівага цяжкага жыцця для многіх сялянскіх сем’яў. Наступіў 1930 год - страшэнны, ракавы год для сям’і маёй бабулі ў складзе: Зенчык Анастасія Паўлаўна (яна сама), 55 гадоў; дзеці: Уладзімір, Антаніна, Іван, Кацярына, Таццяна, Вікенцій, Вера, Павел, нявестка Вера, унучка Алена.

Трагедыя прыйшла ў ноч з 3 на 4 сакавіка 1930 г. Вечарам, можа ноччу, як усе палеглі спаць, раптам забрахалі сабакі, крык “открывай”. Увайшло чалавек 20 ці больш. Адзін з іх, самы старшы, па нацыянальнасці яўрэй, астатнія - камсамольцы з навакольных вёсак. Яўрэй кінуўся да бабулі з паперамі: “Подписывайся, что добровольно едешь на высылку!”. Бабуля лямантуе: “Куды вы мяне забіраеце з малымі дзецьмі? Пішыце мяне ў калгас”.

- Ты чуждый элемент в колхозе, - крычыць яўрэй і кідаецца да бабулі.

Бабуля гэтых слоў не зразумела: не ведала, што азначаюць словы “элемент” і “чуждый”, таму і паглядзела недаўменна на камуністычнага функцыянера. У адказ атрымала непрыстойную лаянку і загад: “Подписывайся, сука!”

Бабуля распісвацца не ўмела, але пад націскам, калі кідаліся ледзь не з нажом, паставіла крыжык на месцы подпісу і тым самым пасведчыла, што добраахвотна едзе на смерць, - паставіла крыж на сабе і сваіх дзетках. Гэта і быў пачатак іх гібелі. З адзення не дазволілі ўзяць нічога - трохі накінулі на плечы якія-ніякія апраткі. Адно з дзяцей маёй бабулі хацела ўзяць боты, што стаялі на шафе, - не дазволілі. Гэтыя боты яно зарабіла, цягаючы пясок, калі ў Мінску праводзілі трамвайную лінію. Грошай якраз у той час было толькі 3 руб. 77 кап., дык не паверылі, што так мала, і паднялі ўсю салому на ложку бабулі.

Пайшлі, выгнаныя з сваёй хаты, не ўзяўшы нічога з вопраткі, абутку і харчоў. Выйшлі… і больш ніхто з іх ніколі не зойдзе ў яе. Тую ноч з 3 на 4 сакавіка 1930 года правялі ў турме на вул. Валадарскага ў Мінску. Раніцай 4 сакавіка з турмы пачалася дарога смерці. Павялі на вакзал, пагрузілі у “цялятнікі”, і наперад - у горад Вялікі Усцюг.

У горадзе 23 прыгожыя царквы былі падрыхтаваныя для “ворагаў народа”. Былі пароблены чатырохпавярховыя нары, на падлозе - конскі гной для ацяплення, калі-нікалі ўдзень - міска баланды. Голад, холад. Першымі ў царкве сталі паміраць дзеці. Плач, енк. Хто крычыць, хто на каленях стаіць, моліцца. Раптоўна памірае аднагадовая ўнучка маёй бабулі Алена. Не дазваляюць на могілках хаваць, а толькі ў канаве каля могілак. Побач на нарах паміраюць у адзін дзень дзве дачушкі Грамовічыхі, назаўтра - другія дзве. А іх у яе і было чацвёра. Яна кідаецца да гэтых мёртвых дзетак і крычыць: “А мая дачушка, а да якой мне перш кінуцца?” Больш у яе дзяцей ніколі не было. Зямное жыццё скончылася ў адзіноце ў г. Бабруйску.

Побач з другога боку памірае трохгадовы хлопчык у Шалічыхі. Потым у яе пачалася галюцынацыя: яна не плакала, але ўвесь час ёй здавалася, што ён прабягае каля яе, і яна з усёй сілай старалася яго злавіць, усё бегла за ім. Колькі дзетак беларускіх сялян засталося ў Вялікім Усцюгу - ведаюць толькі сосны, што шумяць над іх магіламі. А ў г. Вялікі Усцюг быў дадзены загад мясцоваму насельніцтву, каб яны нават вады не давалі “врагам народа”.

Увосень “ворагаў народа” на баржах пачалі вывозіць па рацэ. Маіх родзічаў высадзілі разам з іншымі “ворагамі” ў лесе ў Верхнятоймскім раёне Архангельскай вобласці. Далі пілы і сякеры і загадалі будаваць баракі...

Пачалося выміранне народу. Голад страшэнны, холад страшэнны. Першую магілу заклала на будучых могілках 18-гадовая сястра будучага старшыні калгаса Вайцяховіча Івана Іванавіча - гэта 1930 год; а ў 1948 годзе на гэтых могілках апошнюю магілу зойме ён сам ва ўзросце прыблізна 38 гадоў. Сам жа з “ворагаў народа”, але з загаду НКВД ён катаваў такіх жа, як і сам, людзей па-зверску. Гад з гадаў быў: памятаю, як крычаў, выдаваў сваіх лепшых землякоў для НКВД і марыў голадам. Баракі будавалі галодныя людзі наспех, бо трэба было ўправіцца да маразоў. А чаму ўсё лета трымалі ва Усцюгу? На галодным пайку? Чаму ж не прывезці было раней, каб людзі ў цяпле працавалі? Мая думка: трэба было фізічна адсеяць малых, старых, слабых, а толькі астатніх, больш яшчэ трывалых, вывезці ўсё роўна на смерць, толькі пазней. І гэта з мэтай эканоміі транспартных расходаў. Нерабочая сіла бальшавікам не патрэбная. Людзі, маладыя мужчыны і жанчыны, выміралі. Частку рабочых пасартавалі паводле ўзросту і полу і пагналі лесам на іншыя лесабазы. Разлучылі сем’і. Сястра не ведала, дзе брат, жонка не ведала, дзе муж. Хто з іх, калі і дзе памёр - даведваліся праз працяглы час або не даведваліся ніколі. Да зімы 1930 г. баракі сяк-так былі складзеныя… але могілкі пашырыліся. Хавалі без трунаў. Як назваць гэтае месца? Назвалі 4-ы пасёлак Охтамы. А ўсяго было такіх 6 пасёлкаў на Охтаме. І ўсе, хто там знаходзіўся, - беларусы. Пабудавалі і камендатуру - такую страшную будыніну, з якой, калі каго выклікалі ў яе зайсці, мала хто вяртаўся ў барак. А ў яе ўвайшлі аднойчы і навечна мой дзядзька Павел, два браты Ермалінскія, Лявіцкая з дачкой, Ржэўскі (застаўся жывым пасля 10 гадоў турмы). Гэта каго я запомніла. За што, напрыклад, забрала НКВД майго дзядзьку Паўла? Аказваецца, за “поджог завода им. Молотова”. Які завод можа быць у лесе, за 98 км ад Верхняй Тоймы? Братоў Ермалінскіх - за “сувязь з Амерыкай”. А якая сувязь? Не было на чым лісты напісаць, дзе папера, дзе аловак? З сям’і Лявіцкіх усе загінулі, і таму я не даведалася, за што яе знішчылі. Дачушка цёткі Лявіцкай засталася адна (гадоў 6-8 ёй было). Яе замкнулі ў бараку адну ў катушку, яна плакала і дзень і ноч, есці не прасіла. Ужо энкавэдыст не вытрымаў, прынёс ёй паесці, а яна сказала: “Буду есці, толькі калі мама дасць”. Пражыла, галодная, дзён прыблізна 7 і памерла. Бацьку яе забралі раней. Такім чынам, уся сям’я загінула. Такіх сем’яў, што ніхто не выжыў, была не адна. Сям’я Уласевічаў (7 чалавек) уся засталася навечна ў Верхнятоймскіх лясах. З сям’і Шалікаў (13 чалавек) засталіся жывымі 3 чалавекі, з сям’і Грамовічаў (6 чал.) у жывых - 1 чал., з сям’і Зенчыкаў (11 чал.) у жывых - 1 чал. Прывяла прыклады тых сем’яў, якія знаходзіліся паблізу ў бараку і я іх добра ведаю. Вось такая, прыкладна, статыстыка.

Дык вось, 4-ы пасёлак - гэта месца, дзе мне суджана было нарадзіцца. Для большай часткі беларусаў, высланых у 1930 годзе, Чацвёрты пасёлак - гэта могілкі. Там, за тысячы кіламетраў ад родных хат, знайшлі сваё апошняе прыстанішча мужчыны і жанчыны, старыя і малыя, і ніхто ніколі не знойдзе іх магілаў, ніколі не пакладзе на іх кветкі.

Дакладны адрас:

Архангельская вобл., Верхнятоймскі р-н, пас. Охтама.

Гэта месца, дзе мая мама атрымала спецыяльнасць “рубщик”, а з прыладаў для працы - сякеру і пілу. І ўсе гады душыў план вырубкі соснаў і елак векавых, а зімой - мароз -40 градусаў і больш, улетку камары сякуць у твар, апухае цела ад укусаў машкары. Не выканаеш план - не атрымаеш пайку хлеба. Не атрымаеш пайку хлеба - знясіленне, не выканаеш план. Захварэеш - бальнічнага не дадуць. Таму з запаленнем лёгкіх, пры тэмпературы цела 40 градусаў у мароз мусіш ісці на лесапавал, інакш памрэш з голаду. Зусім дахадзягаў, якія не маглі рухацца, сцягвалі ў лазню (яна не абагравалася) і праз ноч выцягвалі скарчанелыя трупы. А летам яны даходзілі ў лазні той з голаду.

Так здарылася, што адна з дачок маёй бабулі, у будучым мая маці, цяжка захварэла, і энкавэдысты заўважылі, што яна не выконвае план. Увечары яны заходзяць у барак з пытаннем, дзе Зенчык Таццяна, каб выкінуць яе ў лазню. Але яе палажылі паміж сабой два родныя браты, і ніхто не падказаў. Шукаць яны не сталі. Так удалося ўцалець на той момант. У хуткім часе братоў не стане. Аднаго выклікалі ў камендатуру, як я пісала вышэй, а другі не вынес здзекаў. Асабліва паміралі мужчыны - намнога больш, чым жанчыны. З 1930 да 1941 (пачатку вайны) асноўная праца - лесапавал на розных лесабазах. На лесабазах былі баракі на 80 чалавек, у канцы барака печ, і вечарам запальвалі газнічку. Дахадзягаў мучыла курыная слепата. Днём пілуюць лес, а як пачне марэць неба (прыцемкі), то чалавек слепне. Тады энкавэдыст усіх збірае, яны, трымаючыся адзін за аднаго і за вяроўку, ідуць за ім у барак. Энкавэдыст разводзіць іх па нарах. Калі знойдзецца дахадзяга, які хоць крышачку бачыць, то заварыць кіпень і кожнаму паднясе кубачак гарачай пустой вады (без цукру, безумоўна). І гэтаму людзі ўдзячны, бо хоць душу трошкі пагрэюць. Калі відушчага не знаходзіцца, то так і лажыліся спаць. А зранку мая маці кожны раз дзівілася: “Як гэта чалавек яшчэ прачнуўся жывы, як гэта яшчэ б’ецца сэрца?” Калі выканаеш норму, то атрымаеш 400 г хлеба, і ўсё - на цэлы дзень. І непасільная праца. Чалавек памірае - ніхто не плача. У Надзеі Вязовіч памёр хлопчык гадоў 14 - не плакала. У такіх выпадках людзі толькі казалі: “Дзякуй Богу, скончыліся яго мукі!” Нельга сказаць, што родзічы з Беларусі не стараліся дапамагчы. Пасылкі ўсё ж прыходзілі, але імі карысталася камендатура і Вайцяховіч Іван карміў імі сваіх сваякоў, жонку, дзяцей. Яны ў 1992-93 гадах таксама атрымалі рэабілітацыю...

Змучаных “ворагаў”, галодных, яшчэ часта ноччу паднімалі, загадвалі выйсці на мароз як быццам на пераклічку. Чаму гэтую пераклічку не зрабіць увечары? Во дзе дурнота. Але гэта не таму, што дурні камандавалі. А таму, што трэба было трымаць у страху, трэба рабіць чалавека рабом, трэба фармаваць рабскую псіхалогію, ператварыць яго ў пакорную жывёліну. І ператварылі, гэтага дабіліся. Яшчэ я не напісала, як гэтага дабіваліся ў лесе. Прывяду прыклад: “ворагі” пілуюць дрэвы, а наглядчык ездзіць на кані, правярае і перыядычна падскоквае да каго-небудзь - лупіць яго зверху пугаю, што каня паганяе, з усяго размаху. Той аж паваліцца каля дрэва, але не скажа ні слова... Падлятае да другога, да трэцяга… і гэтак далей. Але мая маці расказвала мне: “Падлятае наглядчык да Тарасевіча Антона, а Антон як падняўся з тапаром, размахнуўся, выгляд на твары - нянавісць і злосць. І… конь раптоўна спыніўся. І не закрануў наглядчык яго пугаю. А потым наглядчык расказвае ў камендатуры: “О, Антошка паря-то ярой”. Ён больш Тарасевіча ніколі не чапаў”. Праз гады я пыталася ў Тарасевіча Антона, ці не баяўся ён, замахнуўшыся. Ён сказаў, што была адна думка тады - зарубаць таго падонка, бо ўсё роўна ўжо прыходзілі канцы жыцця. Толькі Бог ратаваў майго бацьку.

Нават калі ліў дождж, работа на лесапавале не прыпынялася ні на хвілінку. Ватоўка мокрая наскрозь. Вечарам у бараку ля адной печкі трэба пасушыць 80 ватовак. Не прасыхалі - апраналі мокрыя, і зноў у лес. І галодныя, і змораныя. Адсюль - вялікая смяротнасць. Засталіся ў жывых адзінкі з тых, хто працаваў на лесапавале, засталіся ў жывых родзічы Вайцяховіча Івана. Яны працавалі на пякарні, у кароўніку або зусім не працавалі; лавілі рыбу, ім было дазволена гэта. Акрамя іх, ніхто ніколі не лавіў рыбы. На гэта не было вольнага часу: хаця б як-небудзь уначы трохі адпачыць.

Каб рэпрэсаваным была дадзена свабода, яны б выжылі ўсе, нягледзячы на цяжкія прыродныя ўмовы. Якія цудоўныя там лясы! Грыбоў навалам, чарніц, малінаў, марошкаў, чорных і чырвоных парэчак уздоўж рэк. Можна было б набраць на зіму журавінаў, брусніцаў, лекавых траваў. А ў рацэ - меева (дробная рыба, мусіць, мойва па-нашаму). Нічога з гэтага, што я пералічыла, людцы не мелі ні летам, ні зімой. Усе гады - лесапавал, сплаў лесу, кавалак хлеба калі-нікалі, гнілы турнэпс, перагон з малака. Варылі пахлёбку з чарвівых грыбоў - чэрві зверху плавалі, трэба было разграбаць іх лыжкай і так есці. Жанчыны былі каторыя худыя, як шкілеты, а некаторыя, як мая маці - апухлыя, налітыя вадой і выглядалі тоўстымі. Я запомніла, як Сянькевічыха памірала… У яе з-пад скуры цякла вада - як хвароба называецца, я не ведаю. Заставаўся яе адзін сынок гадоў 14-і (бацька яго памёр раней). Гэтаму дзіцятку пагражала смерць. Але яму маці перад смерцю тлумачыла, тлумачыла нешта, тлумачыла... Пасля яе смерці знік гэты хлопчык Санька. Ніхто не цікавіўся, дзе ён дзеўся. Потым у 1947 годзе мая маці ў Мінску на Суражскім базары яго ўбачыла. Аказваецца, ягоная маці яму расказала, як дабрацца да бацькаўшчыны, і ён уцякаў 98 км лесам да Верхняй Тоймы, да парахода, галодны. Карміўся ягадамі. Потым (а ён быў маленькага расточку) яму ўдалося ў параход прашмыгнуць і, схаваўшыся, праехаць да Котласа. Потым на цягнік (на даху прыходзілася ехаць). І з вялікімі цяжкасцямі, крадучыся, каб не сагналі з цягніка, усё ж дабраўся да Беларусі, потым да сваёй вёскі, адкуль іх забіралі. Невядомы далейшы лёс яго. Пасля вайны ён мог ізноў загрымець у ГУЛАГ, бо людзей забірала НКВД пасля яшчэ даволі працяглы час, хоць рухавік тэрору і пачаў паволі збаўляць ход... А людзі працягвалі знікаць... І цяпер знікаюць!

На 1937 год з сям’і маёй маці (11 чал.) у жывых заставаліся двое, але ў 1937 годзе аднаго з іх арыштавалі і адправілі на Варкуту. Засталася адна мая маці. Я нарадзілася ў гэтым страшным 1937 годзе. Не было ні пялёнак, ні якой анучкі. Выручылі ватоўка майго дзядзькі Паўла, што быў ужо ў Варкуце, і ватоўка майго бацькі: з іх мама пашыла коўдру, каб было ў што закруціць дзіця. Месяц даваўся жанчынам для догляду немаўляці. Потым зноў лесапавал, а немаўлятак даглядала старая жанчына. Мая маці павінна была перад сабой несці дзіця, калі пераганялі катаржнікаў на другую лесабазу. Жанчыны цягнулі і дзяцей. Калі гэта адбывалася зімой, то было намнога цяжэй. Быў і выпадак, калі Снітчыха так укруціла ў фуфайку дзіця, што яно задушылася.

Зімой снег глыбокі, але пушысты. Так што правальваліся па пахі, выкараскваліся і зноў кіламетраў 10-50 трэба з дзіцем вымахаць. На лесабазах, у бараках невыносныя ўмовы былі для дзяцей. Не ўсе дзеці выжывалі. У Кулакоўскай Яніны ў такіх умовах памерлі чацвёра дзяцей, а засталося жыць толькі адзінае, пятае дзіця. Выжыла таму, што нарадзілася перад вайной. Вайна ўратавала.

На адной з лесабазаў маё цела стала пакрывацца струпамі, ужо не магла сядзець. Маці адчувала ўдушша. Што рабіць? Прыходзіць пагібель, маці адчувае, што будзе канец. І яна, не пытаючыся дазволу, кідае мяне ў мяшок, там прарывае дзірку, каб не задыхнулася, мяшок за плечы, і ўцякаць з лесабазы на 4-ы пасёлак. Ішла дзень, ішла ноч, дабралася да куточка ў пустым бараку, прапаліла барак. Пашчасціла: выратавала ад пакарання за гэты ўчынак толькі тое, што праз непрацяглы час пачалася вайна. Камендатура пайшла на фронт, і некаторы час быў перапалох. І ўжо было ім не да маёй маці.

Мужчын пачалі забіраць на вайну, а жанчыны з дзецьмі прыбылі з лесабазы на 4-ы пасёлак. Пачалася работа ў калгасе. Работа цяжкая, але ўжо не на лесапавалах. Можа, добра плацілі за такую работу? Год робіць маці ў калгасе, а позна ўвосень разлік - за плячыма ў мяшку прынесла турнэпс. Аднойчы ўвечары прыходзіць з лесапавалу, з лесабазы, мой бацька. Ён такі быў усохлы, што суседка, убачыўшы яго, сашчапіла рукі і выгукнула: “О, Езус Мар’я!” - і перажагналася. І вось такі - скура ды косці - мой бацька пайшоў на фронт абараняць свае правы гулагаўца, каб немцы не адабралі такое “цудоўнае” жыццё. На 4-м пасёлку 1 раз на месяц (калі 2, калі 3) палілі лазню. Памяшканне маленькае, жанчыны з дзецьмі стараюцца памыцца, там цесната, плач. Мая маці як магла ратавала мяне. Мы хадзілі ў лазню, калі мыліся мужчыны. Мужчын было мала наогул перад вайною, ды і з тых частку забралі на фронт, то ў лазні было памыцца свабодна. Але так рабіла толькі мая маці.

Гады з 1941 па 1944 былі трохі лягчэйшыя. Энкавэдысты заглохлі, уся ўвага нялюдскага рэжыму сканцэнтраваная была на вонкавага ворага. Хоць голад, але менш жаху. Я паціху ела печку. Аб’еўшы комін, ела сцены: паслюняўлю пальчык, намачу і выскобліваю ногцікам гліну. Вельмі было смачна. Асабліва гліна смачна пахла. Вялікія дзіркі праела. Балазе што маці не сварылася. Яшчэ выручала, што насупраць нашага барака жыў старшыня калгаса Вайцяховіч Іван Іванавіч. Ён лавіў мойву і саліў яе ў цэбрах, якія стаялі ў сенцах. То я ў тыя цэбры часта заглядала. Ухвачу трошкі рыбкі і ўсё ж трошкі голад пераб’ю. Фактычна я крала, але тады гэтага не разумела, проста хацелася есці. І гэтым самым уразнастайвалася яда, бо ад турнэпсавай баланды часта гарэлі кішкі. Летам то яшчэ можна было зварыць на вадзе траву такую, яна называлася вобаратнік. Але яе прыходзілася нам, дзецям, крадучыся рваць, бо Вайцяховіч сварыўся: “Чаго вобаратнік збіраеш, чаму траву топчаш?”

У 1939 годзе прыгналі на Охтаму новае папаўненне беларусаў з заходніх раёнаў Беларусі, якія знаходзіліся пад Польшчай. Але гэтым людзям прыйшлося крышачку лягчэй у тым сэнсе, што іх размясцілі ва ўжо пабудаваныя ў 1930 годзе баракі, ім давалі за працу штодзённа па 1 кг хлеба. Яшчэ ў іх быў лярд, і нашыя людзі зайздросцілі ім, убачыўшы, як яны елі хлеб, намазаны лярдам. А яны ў адказ, бывала, казалі: “Нігды Польшча не згінэла!” На пачатак вайны (1941год) іх неяк на Охтаме не стала, і ніхто з нас не ведаў, дзе іх падзелі.

Не прамінула савецкая ўлада паздзекавацца з гулагаўцаў, даўшы ім права голасу, права галасаваць на выбарах. Першыя ў саветы выбары. Куды, каго выбіраць? Для чаго выбіраць і навошта кудысьці выбіраць, не ведаў, не мог уцяміць ніводзін охтамец. Замест таго каб даць адпачыць дахадзягам, загадваюць ім прагаласаваць. Ды дзе, як? Аказваецца, трэба прайсці ў адзін бок 15 км і ў той самы дзень вярнуцца назад, бо заўтра зноў у лес. Не пройдзеш - заставайся ў лесе, не выйдзеш заўтра на працу - асудзяць, дадуць зняволенне, турма. А дарога якая? Прасека - гэта табе не асфальт. Ужо каторыя даходзілі і не маглі рухацца, то, напрыклад, Фадзеева старога, налітага вадою ад голаду чалавека, энкавэдысты за рукі і ногі раскачалі, як парсюка, і ўскінулі на воз - толькі было чуваць, як ён чмякнуўся. І павезлі па калдобінах 30 км. Во дзе дзікунства! Чаму ж не арганізаваць выбары ў камендатуры на 4-м пасёлку? Маці і бацька пракліналі гэтае права голасу, не трэба ім такія правы. Правы, каб і тут паздзекавацца. А беларус маўчаў. Адзін аднаму - ні слова пра здзекі. Наступныя гады на выбары хадзілі, праўда, бліжэй - за кіламетраў 5 у адзін бок. Так да канца сваіх дзён бацькі і не зразумелі, навошта, для чаго выбары, але ўкідвалі выбарчыя бюлетэні ў скрыню штогод спраўна і вельмі былі задаволеныя, што не трэба спацыраваць па 30 км для гэтага.

Лёс майго бацькі Тарасевіча Антона падобны да лёсу маёй маці. Яны жылі да 1930 г. у вёсцы Ванікоўшчына Мінскага раёна. Уноч з 4 на 5 сакавіка іх таксама схапілі і вывезлі ў Архангельскую вобласць. Але за месяцы 2 перад гэтым арыштавалі старэйшага бацькавага брата Стафана Тарасевіча, і ніхто ў сям’і не ведаў, што з ім зрабілі. Толькі ў 1992 годзе я даведалася, што быў асуджаны “за агитацию против колхозов”. Другі брат у 1930 годзе працаваў настаўнікам гісторыі - расстраляны ў 1937 годзе. Трэці брат Мікалай Тарасевіч у тую ноч быў у Мінску, нешта не змог выехаць дамоў і заначаваў у дзяўчыны (Бог уратаваў). Мой дзед Тарасевіч Міхаіл памёр перад высылкай у 1928 годзе. Так што аказаліся ў Архангельскім лесе мая бабуля і два яе сыны. Адзін у турме, чацвёрты быў таксама спачатку высланы, потым расстраляны.

Пасля знясільнага, поўнага адчаю і чакання хуткага канца падарожжа сям’я майго бацькі восенню 1930 г. таксама апынулася ў “магільніку” пад назвай Макарыха. Макарыха - гэта яшчэ адзін востраў людаедаў у ГУЛАГу. Расповед кароткі - усе загінулі, сведкаў не засталося. А было, па расказах бацькі, так. Баракі, у якія змясцілі людзей, былі пабудаваныя наспех, столь была зроблена з яловага галля, наверх насыпаны пясок. Пясок прасыпаўся ўніз і засыпаў няшчасным вочы. Есці не давалі. Хутка людзей пасартавалі паводле ўзросту і полу і працаздольных адправілі на лесабазы. У бараках засталіся дзеці і старыя, у тым ліку і мая бабуля. Маці і бацькі дзяцей - на лесабазах. Колькі працавалі, бацька мой не памятае. Прычым ён не ведаў, дзе яго брат, у якой брыгадзе, што з яго маці. Аднойчы праз, можа, год бацькаву брыгаду пераганялі на іншую лесабазу, і дарога ішла паблізу Макарыхі. Жанчыны кінуліся ў барак паглядзець на сваіх дзяцей, а тата - даведацца, як маці. Барак быў пусты. Ніводнага чалавека. І няма ў каго запытаць. Глянулі - каля барака магілы. Усё зразумела. Толькі сосны - сведкі расправы над ахвярамі. Як кажа З.Пазняк: “Шумяць над магіламі сосны”. Во каб калі там правялі раскопкі, каб даведацца, колькі людзей, дзетак там засталося навечна. Хто закопваў апошняга? Як загінулі ўсе? Колькі было? За што такая кара?

Я напісала на помніку, што бабуля загінула ў 1932 г., а на самой справе, можа, у 1931 ці 1930 - не ведае ніхто.

Сталінская камуністычная сістэма рашуча, па-звярынаму распраўлялася з непрацаздольнымі. Яны былі абузай для дзяржавы. Іх трэба карміць. А навошта? Якую яны даюць карысць? Значыць - знішчыць, каб не заміналі... Працаздольныя павінны былі таксама неўзабаве вымерці, але з іх трэба яшчэ выцягнуць сокі, каб яны папрацавалі дзеля магутнасці СССР і памерлі, каб не раскрываліся злачынствы бальшавікоў.

Дагэтуль гулагаўцы не разумеюць, што яны былі закладнікамі сістэмы, і ўсе былі асуджаны на смерць. Напрыклад, кулакоў так, без суду, завезлі на пажыццёвае зняволенне. А тых, каго асудзілі на 10 гадоў? Можна на лесапавале ў нечалавечых умовах вынесці 10 гадоў? Выжылі толькі тыя, каму пашчасціла працаваць хоць колькі гадоў на лягчэйшых работах.

Так, на Охтаме перад вайной застаюцца па адным - два чалавекі з сям’і. Але некаторыя сем’і знішчаны да апошняга чалавека. Гады з 1941 па 1945 - аддушына для ўцалелых. Пацішэла, НКВД з камендатуры - на вайне. Здзекі пакуль спыніліся. Маю маці не ганяюць на лесапавал - яна папрасілася працаваць у гэтак званай бальніцы. Яна ўжо даходзіла, бацька на вайне - дазволілі, інакш бы не выжыла. На 4-м пасёлку жывем я і мая маці - уся радня. Гэта з 11 чалавек, што забіралі ў 1930 годзе. Бацька на вайне. Лістоў ад яго няма. Голад не канчаецца. Тое, што здабывалі катаржнікі ў калгасе, - усё для фронту. Але балазе, што хоць не знішчаюць на лесабазах. Так жылі 4 гады. Прыйшоў дзень перамогі - 9 траўня 1945 года. Абвясцілі. Людзі сабраліся, плачуць. Ніхто не гаворыць, чаму ён плача. Толькі праз гады, сустракаючыся з тымі, хто выжыў, яны гаварылі, што плакалі з тае прычыны, што людзі на волі вярнуліся да нармальнага чалавечага жыцця, а для іх катарга не скончылася, для іх вайна працягвалася. Тыя толькі чатыры гады гаравалі, а яны тут мусяць заставацца навечна. Плакалі наўзрыд, што рабіць? Калі скончацца мукі? Як далей будзе распраўляцца камендатура? І так для гулагаўцаў наперадзе нічога, ніякага прасвятлення. Людзі выміраюць. Мая маці ўжо дабітая зусім. Бацька напісаў, што застаўся жывым, але без рукі, прастрэлены грудзі, у галаве асколкі і ў нагах. Карацей - інвалід. Так ваяваў за сонца пад небам ГУЛАГу, абараняў гулагаўскае жыццё, так даваяваўся, што ледзь жывы застаўся. Але ўсё ж такі жывы. А чатырох гэтых гадоў ГУЛАГу на лесапавале ён бы не перанёс. Аднойчы перад вайной ён прасіўся ў энкавэдыстаў: “Забярыце мяне ў турму. Я не хачу на волі”. Але на вайне кармілі яго, як і іншых салдатаў. Застаўшыся без рукі, ён атрымаў дазвол ехаць, куды захоча. Бацька на Охтаму не вярнуўся і правільна зрабіў, бо непрацаздольнаму там - толькі смерць. А паехаў у Мінск з надзеяй, што знойдзе брата Мікалая, які, можа, ацалеў.

Так і было: адшукаў брата і адразу - у Дом Ураду ў Мінску прасіць вызвалення для мяне і сваёй жонкі, з якой не быў распісаны, бо пад елкамі ЗАГСа не было. Колькі ні ходзіць, ні просіць, у адказ - “не положено”, і ўсё. Ён напісаў пісьмо Калініну ў Маскву. Праз некаторы час прыйшоў на Охтаму нам дазвол на выезд. Маці маю выклікаюць у камендатуру. Яна, нічога не ведаўшы, думала, што на расстрэл, інакш чаго ў камендатуру? Яна развіталася са мной, як думала, назаўжды, а ёй - дакументы на выезд. А гэта 1945 год. Аднаму чалавеку - на выезд. Астатнія яшчэ жывыя застаюцца ў ГУЛАГу. Страшна. Як выехаць: 98 кіламетраў да парахода? На чым? Старшыня калгаса Вайцяховіч Іван Іванавіч ухмыльнуўся, даў знаць: не выедзеш. Заставацца - немінучая смерць, сілы пакідаюць. Усё лета і восень не можа маці прыдумаць, як пакінуць ГУЛАГ, каб уцалець. І вось позна восенню, хаця б толькі не замерзла Паўночная Дзвіна (мы ўжо адпраўляліся апошнім параходам), маці дагаворваецца з паштаркай з 3-га пасёлка, каб яна нас падабрала па дарозе. Маці зварыла ці то каструлю, ці то бітончык буракоў, і ўноч адправіліся мы ў лес. Днём нагнала нас паштарка на падводзе. Мяне пасадзілі, а самі ішлі часцяком пешшу, бо конь па бездарожжы не цягнуў. Дабітыя былі і коні. Трое сутак дабіраліся да Верхняй Тоймы. Двое сутак сядзелі на прыстані, чакаючы парахода. У Верхняй Тойме маці мелася атрымаць пашпарт. На Охтаме ж усе гулагаўцы былі без пашпартоў. Пашпарт, якога ніколі ў жыцці не мела, не бачыла, у 34 гады павінна атрымаць упершыню. Гэты дакумент даваў ёй нібыта свабоду, яе ўжо не будуць ганяць, як жывёліну, па лесабазах. Яна ўжо будзе свабодны чалавек - жыві дзе захочаш, працуй дзе хочаш. Гэтае доўгачаканае слова - свабода.

Падае дакументы ў акенца на атрыманне пашпарта. Трасуцца ногі. Дадуць свабоду ці не дадуць? Не верыцца, што гэта можа быць. А можа, закамандуюць назад на Охтаму, на смерць? А як хочацца жыць! Разглядаюць моўчкі дакументы, пішуць. Маўчанне. Сэрца зараз выскачыць з грудзей… Працягваюць кніжачку: “Распишитесь!” Маці бялее, ногі падкасіліся, садзіцца каля акенца. Крык: “Пишите свою фамилию, женщина!” Маці да мяне: “Дзіцятка, а як гэта мая фамілія?” А я не ведаю, мая-то Тарасевіч. Цішыня… “Во, каб цябе пярун! Забылася сваю фамілію”, - ціха шэпча маці… Пачала ўсё ж такі пісаць. Ужо як не рада пашпарту, выгляд стомлены. У Мінску жывучы, маці часта ўспамінала, як забылася прозвішча сваё. Нічога дзіўнага. 16 гадоў ГУЛАГу ты не чалавек, і прозвішча табе не патрэбнае. Глядзяць на цябе, як на жывёліну, якая не прыносіць карысці.

І вось прыйшоў параход, якога я ў вочы ніколі не бачыла... Елі мы па дарозе калі-нікалі патрошку цукровыя буракі і так даехалі да г. Котласа. Там на цягнік, які я таксама першы раз у жыцці ўбачыла. Параходам ішлі двое сутак, цягнікамі - 16 сутак. У цягніках нас трохі падкормлівалі пасажыры, ды такімі прысмакамі, што я не ведала, што з імі рабіць, бо бачыла ўпершыню. Напрыклад, яблык: я не ведала, як гэта яго есці, а вінаград - во нясмачным здаўся, яго есці не змагла, паклала ў кішэню, і ён у кішэні высах. Людзі давалі і хлеб. Я ела вельмі мала, апетыту ніколі не было - не хацела ніколі есці, а маці ўсе 16 сутак толькі і рабіла, што спала. Як прачнецца, то не можа адразу апамятацца, не можа разабрацца, дзе яна, што з ёй. Але як дойдзе да яе, то ўскрыквае: “Ой, Беларусь мая, Беларусь!” І так усю дарогу. Людзі не маглі разабрацца, пра што яна ўсё гаворыць, што гэта за Беларусь. І, канешне, не ведала і я...

Радзіма бацькоў, мая Бацькаўшчына! Ты сыноў і дачок ці чакала?.. Не, не чакала...

Калі мой бацька прыехаў пасля ГУЛАГу ды вайны ў Мінск да брата, то прыйшлося ім абодвум дзяліць пакойчык метраў на 12 па вул. Шчорса, 31-8, туды ж прыехалі і мы з мамай. Потым дзядзька мой адшукаў сваю жонку, і стала нас ужо пяцёра. Жыць цяжка, бацьку выгналі з работы, як дазналіся, што быў у ГУЛАГу (ён рабіў у райвыканкаме). Дапамагаў брат, хаця і сам жыў не ў раскошы. Бацька ўладкаваўся касірам. Аклад 260 руб. - булка хлеба каштавала 80 руб, асьміна бульбы - 400 руб. Маці ўжо фізічна не магла працаваць - забіваў кашаль, не было здароўя ані. Усё цела балела. Я вучылася ў школе старанна. Урокі рабіла вечарам, стоячы на каленях каля венскага стула, на якім гарэла газнічка. У хаце электрычнасці не было. Спала пад сталом. Летам жылі ў хлевушку. Другі клас скончыць не змагла - пакінулі на другі год. Але як ні было цяжка - усё ж такі не Охтама: няма наглядчыка, ніхто за табою не сочыць. Што значыць свабода! Гэта сапраўды вялікае слова - с в а б о д а. Да мяне даходзіць стала, што такое Беларусь, пра якую маці ўскрыквала ў цягніку. Гэта значыць - вечарам бацька з намі, маці са мной, а не тое, што ў ГУЛАГу: маці на адной лесабазе, бацька на другой, я - на трэцяй. Не, далёка не так. Охтама - гэта пекла, гэта горш за фашыстоўскае гета. Бацькі мае ніколі не гаварылі людзям, адкуль яны прыехалі, а між сабой успаміналі, як яны былі на “сталінскім курорце”. Але чым лепш станавілася жыццё, тым больш уздыхае маці, тым цяжэй ёй. Сядзе есці, і доўга не можа пачаць есці, думае, успамінае, як браты і сёстры памерлі з голаду. І яда не йдзе, і ў грудзях коле. Гэтак працягвалася доўга. На вуліцах хадзіла яна не па тратуары, а па праезнай частцы. Ёй здавалася, што яна не такая, як усе, яна замінае людзям, ёй не месца з людзьмі, яна - не чалавек. Убачыць міліцыянта - перабягае на другі бок вуліцы, каб хаця ён яе не схапіў ды зноў у ГУЛАГ не адправіў. Убачыць праз вакно міліцыянера - збялее: значыць, па яе ён ідзе.

А ўсё ж людзей забіралі: то з кватэр, то з работы, але не так масава, як у 30-я гады. Дзе-нідзе было чуваць пра гэта. Перазімаваўшы зіму 1945 года, маці стала адшукваць сваіх родзічаў. У 1930 годзе павінны былі застацца дзве сястры яе маці, г.зн. яе цёткі, з сем’ямі. Ідзе спачатку ў вёску Малінаўка, каля Мінска, ляском (тады яшчэ не ведала, што гэты лясок і ёсць Курапаты). Аказваецца, мужа цёткі забралі (арыштавалі) у лютым 1930 г. (расстралялі 6 сакавіка 1930 г.), а цётку з сынам (15 гадоў было яму) вывезлі ў Ніжнюю Салду Свярдлоўскай вобласці (нікога не засталося - род спыніўся). Ідзе шукаць другую цётку ў вёску Трасянец. І жах. Цётку, яе мужа і траіх дзяцей у 1930 годзе выслалі. Цётка ў дарозе на высылку памерла, а муж тады ў той жа дарозе зарэзаўся. Дзе дзеці? Невядома па сённяшні дзень. Цяпер толькі зразумела мая маці, чаму ніхто не толькі пасылачкі, але пісьма не прыслаў на Охтаму - не было каму пісаць. Іх ужо не было на свеце. Род, мусіць, спыніўся. Такім чынам, засталася маці адна з сваёй радні. Але ж яшчэ павінна быць хата, з якой выводзілі ў ноч з 3 на 4 сакавіка 1930 года… на смерць.

…Пайшла ў вёску Чыжоўка. З усіх пабудоў стаіць толькі адна хата. У ёй школа ў адным канцы, у другім канцы настаўніца жыве. Яна ідзе ў сельсавет, у аблана, у КГБ, па некалькі разоў звяртаецца, просіць, моліць Бога, а ў адказ толькі: “Не положено”. Мала таго, яшчэ пастрашылі: будзеш прасіць - паедзеш туды, адкуль прыехала. Потым маці будзе прасіць, каб дазволілі хаця памерці ў роднай хаце, гэта ўжо 80-я гады. І зноў: “Не положено, это было ваше, теперь наше”. Ніяк не можа зразумець, уцяміць мая маці: як гэта- немец аддаў хату, а саветы не аддаюць.

А выпадак быў такі. З вёскі Ванікоўшчына ў 1930 годзе забралі і вывезлі ў Архангельскую вобласць Грыбіху з чатырма дзецьмі, пятым яна была цяжарная. Грыбіха пад елкай нарадзіла дзіця, і сама памерла. І дзіця памерла. Самага меншага з дзяцей, дзяўчынку, НКВД адпусціла на радзіму. Тая дзяўчынка гадавалася ў Мінску ў сваёй цёткі. Падчас вайны ёй было ўжо 15 гадоў. Цётка навучыла яе ісці ў сваю вёску, расказаць немцу, як яе выгналі з хаты; дзе яна апынулася, дзе засталася навечна яе маці, дзе сёстры яе і браты. Немец уважліва выслухаў і праз некалькі хвілін яна аказалася ў роднай хаце, дзе і жыве па сённяшні дзень. І ўсе гады дзякуе таму немцу, інакш бы не бачыць бы ёй было роднай хаты ніколі. Уратавала вайна. Лічаныя выпадкі былі, што той-сёй гулагавец вярнуўся ў сваю хату, але праз вялікія цяжкасці.

Так, напрыклад, адбылося з Вязовіч Надзеяй. Вярнуўшыся ў Беларусь - дзе жыць? Адразу на радзіму - на хутар Брумараўшчына. Пачалася барацьба за хату. Калгас у хату не пускае. Яна тады займае былы свой свіран (муж загінуў на вайне) і жыве там да позняй восені. Печы няма, пачынаецца холад, хутка зіма. У калгасе працуе. Прыходзіць пагібель - як перазімаваць? Старшыня кажа: “Выкупляй хату”. Дзе грошы? Добра, што пашкадавала стрыечная сястра - пазычыла грошы. Выкупіла Надзя родную хату, з якой высылалі, улезла ў яе і жыве ў ёй па сённяшні дзень. Думаю, такія выпадкі, калі сям’я вярнулася ў сваю родную хату, можна пералічыць па пальцах. І ў цяперашні час гулагаўцы ходзяць каля сваіх родных хат, каля бацькоўскіх дамоў і не могуць зайсці, узяцца за ручку дзвярэй, якія зачынялі апошні раз… не па сваёй віне.

Вайна скончылася, людзі ўладкоўваюцца, а з Охтамы пішуць, што ўсё так, як і было. Значыць, Масква чакае, каб усе вымерлі. Маці і я разумеем, што мы знаходзімся на свабодзе толькі таму, што была вайна, што бацька застаўся жывы на вайне, што адразу пачаў ратаваць нас, што выратаваў. Я выказала падзяку яму і родным маім на помніку: шчыры дзякуй Вам, мае родныя, за падараванае мне і выратаванае жыццё.

Вярнуўшыся з ГУЛАГу, здавалася б, трэба было жыць і радавацца, што застаўся жывы, што няма лесапавалу, што машкара ўжо не сячэ ў твар, што няма побач наглядчыка, што можна хадзіць па вуліцах у любым кірунку, а не туды, куды папіхае энкавэдзісты. Вырваўся з кіпцюроў сталінскіх катаў - здавалася б, дыхай свабодна.

Аж не, не так усё проста. 16 гадоў ГУЛАГу так змянілі чалавечую істоту, што ўсё далейшае жыццё аказалася пеклам. Чаму такая трагедыя? Чаго ж недастае яшчэ? Цяпер усё жыццё, здаецца, залежыць толькі ад цябе самога. Але ж не, не так усё проста. Прычына, як пазней высветлілася, заключалася ў тым, што н е х а п а л а Г У Л А Г у! Так, не дзівіцеся. Гэта трагедыя чалавека, яго асабовасці.

Мы з мамай прыехалі з Охтамы ў Мінск, можна сказаць, голыя і босыя. Бацька вярнуўся з вайны ў такім самым стане. Жыццё трэба было пачынаць з нуля - з міскі, лыжкі, чыгунка.

Дні праходзілі ў турботах, у клопатах пра хлеб штодзённы. Я ніколі не чула, каб бацькі скардзіліся на цяжкасці. Працавалі, абжываліся на новым месцы, прывыкалі, прыстасоўваліся да новага ўкладу жыцця ў горадзе, ды яшчэ ў якім горадзе - у сталіцы Беларусі! Бацькі ж мае нарадзіліся й жылі ў вёсцы, потым - ГУЛАГ і, нарэшце, сталіца. Не патрэбная была маёй маці гэтая сталіца - хадзіла яна ў сельсавет, каб аддалі ёй родную хату ў Чыжоўцы, прасіла, аж на калені станавілася - не аддалі: “не положено”. Гэта быў першы ўдар па сэрцы, бо мама ехала ў Беларусь, маючы ў думках вярнуцца ў родную хату. Беларусь для яе ўтаесамлялася з роднай хатай, і не больш таго. Нічога больш ёй не трэба было. Сэрца балела па родным кутку да самай смерці, да апошняга глытка паветра. Рана гэтая не загойвалася ў яе душы ніколі. За што? Чаму ўсіх і ўсё адабралі навечна, чаму сагналі з роднай мясціны? Гэтыя пытанні мучылі яе, бо не атрымала яна адказу на іх да самай смерці.

Па інэрцыі, не разважаючы, маці і бацька клапоцяцца, набываюць неабходныя ў доме рэчы, адзежу, абутак. Чалавек на свабодзе хутка абжываецца. А з гадамі, успамінаючы, з чаго пачынаў, і паглядаючы, чаго дасягнуў, ён часта адчувае задавальненне. Матэрыяльныя цяжкасці не пакідаюць рубцоў на сэрцы, калі яны пераадоленыя, наадварот, у гэтым выпадку яны ўмацоўваюць веру чалавека ў сябе і ў жыццё.

Незарубцаваныя раны - пагібель для чалавека. А іх у маіх бацькоў было зашмат. Чым болей часу аддзяляе маіх бацькоў ад ГУЛАГу, тым неспакойней становіцца на душы, тым балючай нешта сціскае ім грудзі і не дае дыхаць.

Ужо ж хапае і паесці, і адзецца, ужо ў кватэры правялі ваду халодную і гарачую, ёсць газ, ёсць паравое ацяпленне. Карацей, яны маюць тое, пра што мая маці некалі і марыць не магла. Але пакутуюць. Чым лепшым робіцца жыццё, тым горш становіцца маім бацькам. Чаму?

Аказваецца, душа не задаволена. Не, яна не прагне помсты. Яна проста скалечана і не можа пазбавіцца гэтага калецтва. У вялікім горадзе паміж большай часткай добрых і спагадных людзей бацькі мае знаходзяцца ў адзіноце. Людзі вакол не разумеюць іх, з людзьмі нельга падзяліцца перажытым, яны не могуць аблегчыць той гнятлівы боль, што так прыціскае да зямлі бацькоў. Маці спрабуе расказаць пра ГУЛАГ, пра знішчэнне людзей, а суседзі кажуць: “Гэта хіба няпраўда, не можа ж такога быць. Чаму ж маіх бацькоў не забралі?” Вось так. Адначасова бацькі не разумеюць суседзяў. Іх здзіўляе, што тыя ўсё нешта купляюць, без чаго можна лёгка абыходзіцца: нейкія секцыі, журнальныя столікі, гарнітуры, крэслы, дываны на падлогу і нават на сцены, моднае адзенне... Не ляжыць у іх душа да суседскіх зборышчаў-застолляў на кожныя выхадныя, да іх вясёлых п’яных песняў. Як можна весяліцца, здзіўляюцца бацькі, калі зусім нядаўна было такое невымернае гора, калі каналі нявінныя людзі, просячы аб дапамозе, а ты быў бяссільны ім дапамагчы? Калі стралялі ў патыліцы ў зусім блізкіх Курапатах?.. На погляд маіх бацькоў, народ дзічэе, бо не ведае, што творыць, не ведае, чаго хоча.

Не знайшоўшы паразумення, застаўшыся ў духоўнай адзіноце, бацькі прызнаюцца адзін аднаму: “Трэба было заставацца на Охтаме. Там усе такія, як мы, там бы душа спакойная была. Там усё ўсім зразумелае. Можа лепш было б там загінуць сярод сваіх, чым жыць паміж дзікуноў”. Перад маці паўстае пытанне: а ці мае яна права быць вясёлай і добра жыць: яе блізкія гінулі з голаду на нарах у халодным і цёмным бараку, а яна, наеўшыся, спіць у чыстым і цёплым пакоі ў ложку на белай прасціне. Ці ж яна лепшая за іх? Гляджу, маці зняла ўсё белае з ложка і засцілае яго нейкімі каляровымі анучамі, прыгаворваючы сама да сябе: “Як ува мне, так хай будзе і на мне”.

Адзінае, што ратавала ад духоўнай і адпаведна ад фізічнай гібелі - гэта вялікая надзея. Надзея на тое, што павінна ўлада ўспомніць злачынствы ГУЛАГу, павінна разабрацца. Не можа ж быць, каб мільёны палеглых зніклі з гісторыі бясследна. Не павінна гэтага быць! Маці з бацькам ходзяць у кінатэатры, праглядаюць кожную кінастужку з надзеяй убачыць што-небудзь пра ГУЛАГ - міма. Маці ходзіць у кніжныя магазіны, углядаецца ў кнігі: можа што пра ГУЛАГ - міма. Маці праглядае ўсе тэлевізійныя навіны - міма. Не прапускае ніводнага “Клуба кінападарожнікаў” - амаль што міма; адзін раз, праўда, паказалі горад Вялікі Усцюг. Углядаецца маці ў твар Брэжнева на тэлевізійным экране, хоча разабрацца, што ён за чалавек. Здаецца, добры, але хаткі не аддае. Мусіць, не такі ўжо і добры. Толькі той кіраўнік, кажа, будзе сапраўдны чалавек, які хаткі пакрыўджаным аддасць.

Па ўсім відаць, што матчына душа змагаецца, шукае выйсця, шукае адказу на пытанне: “За што быў той ГУЛАГ?” І дзясяткі гадоў, што былі ёй яшчэ адпушчаныя нядобрым лёсам, не можа яна знайсці адказу. Гэта ўжо пасля смерці маці Сяргей Грахоўскі напіша радкі:

“Мы тут жылі, касілі і аралі. А нас невінаватых пакаралі За тое, што зямлю і вас любілі...”

О, каб мая маці пачытала гэтыя радкі! Яны ж - адказ на тое пытанне, якое яе мучыла столькі гадоў. Не дачакалася. Не дачакалася пакуль і я. Гэтыя радкі дагэтуль не прагучалі з вуснаў нашых самых важных дзяржаўных асобаў. У гэтым - трагедыя маёй краіны. Не можа народ, краіна рушыцца уперад, пакуль не ачысціцца ад бруду, у які іх папхнулі яшчэ ў 1917 годзе. Ачышчэнне неабходнае, і неадкладна. Яно патрэбна як паветра, каб дыхаць. Але яго, на жаль, як не было, так і няма. Чаму, што для гэтага трэба? Ізноў пытанні... Ці трэба на іх адказваць? А калі трэба, то каму?

Што гэта была за сіла, якая гнала людзей у Курапаты, тапіла іх у Паўночнай Дзвіне, кідала ў шахты ў Варкуце, душыла на рудніках у Нарыльску і г.д.? Можа, гэтая сіла - іншаземцы, што нахлынулі на Беларусь? Аказваецца, не, ніхто звонку ў тыя гады не нападаў... Можа, не трэба чапаць мінулае? Можа, не трэба пісаць праўдзівую гісторыю савецкага часу? Можа, трэба замоўчваць з’яву масавага знішчэння людзей у нашай краіне на працягу амаль усяго гэтага стагоддзя? Што будзе, калі гісторыкі ўтояць, выключаць з гісторыі гэты генацыд? Чаму ўзнікаюць гэтыя пытанні?

Можа стацца так, што скора не будзе каму адказаць на іх. Бо магло і так стацца, што ў выніку масавага знішчэння народа і планамернага вынішчэння ўсяго разумнага і сумленнага не засталося, не змаглі нарадзіцца (і выхавацца ў дзікунскіх умовах) дастаткова разумныя, сумленныя людзі, якія ўзвалілі б на свае плечы гэтую задачу ачышчэння, пакаяння і няспыннага напаміну пра тое, што адбылося.

Б’ецца і мая думка над гэтымі праблемамі, і дае яна мне толькі разуменне існавання нейкіх невядомых мне сілаў: добрай боскай, скіраванай на дабро, жыццё, мір, спакой і лад, і лютай сатанінскай, што імкнецца да разбурэння, смерці, вайны. Менавіта гэтая сатанінская сіла загнала мой род на Поўнач, дзе ён застаўся навечна. Гэта яна яшчэ і сёння не дае народу падняцца з каленяў. Але ўстаць яму трэба, каб ісці наперад, каб не замерла жыццё на Беларусі.

Усё тое, што я бачыла ў ГУЛАГу, усё тое, пра што расказалі мае бацькі, пазней я знайшла ў тамах Леніна. Ужо за многа гадоў да 1930-га было ж напісана Леніным: “уничтожить кулачество как класс”. Часта паўтараюцца словы “уничтожить”, “расстрелять”, што і было зроблена пазней. А стаўка Леніна на пралетарыят, быццам пралетарый - перадавы чалавек, ён можа пабудаваць новае грамадства? Не, гэта не так. Калі чалавек бедны, жыве ў галечы і не мае свабоды, дык ён жа не можа пабудаваць нічога людскага. Бедныя людзі - бедная і дзяржава. Прыродай чалавека дадзена, каб ён імкнуўся тварыць лепшае жыццё. А па Леніну - каб бедны быў. Нешта ненармальнае. Але адзін Ленін не змог бы перавярнуць свет. Якая ж гэта была кампанія: Ленін, Троцкі, Бухарын, Каменеў, Зіноўеў, Свярдлоў, Нафталій Фрэнкель, Сталін. Заўважце, большасць з іх выступаюць не пад сваім прозвішчам, а пабралі псеўданімы. Я ўключыла Нафталія Фрэнкеля - пра яго пісаў А.Салжаніцын, што гэта яго ідэя і задумка стварыць лагеры смерці - ГУЛАГ у тым выглядзе, у якім яны былі. У гэтым парадку я б іх размясціла паводле крытэрыя важкасці ўкладу ў справу рэвалюцыі і ў справу здзяйснення бальшавіцкага генацыду. Але злачынцы не толькі яны. Злачынцамі з’яўляюцца кіраўнікі былога Савецкага Саюза, і ў тым ліку нашай Беларусі, таму што арганізоўвалі і чынілі тыя злачынствы, таму што цягам дзесяцігоддзяў замоўчвалі бальшавіцкі генацыд, хавалі свае і сваіх аднадумцаў злачынствы. Утойванне злачынстваў - гэта таксама злачынства.

Дык колькі ж знішчана савецкай уладай нявінных людзей у былым Савецкім Саюзе, у Беларусі, у краінах Усходняй Еўропы за ўвесь час уладарання бальшавікоў?

А колькі было б знішчана бальшавікамі-людаедамі ў гады 1941-1945? Можа, за ваенныя гады фашыстамі знішчана меней, чым было б знішчана бальшавікамі за гэтыя ж гады?

Адказ на гэтае пытанне можна было б даць. Для гэтага патрэбна ведаць лічбу знішчэння за ўвесь перыяд з 1917 па 1941 год і зрабіць прагнозныя разлікі на перыяд 1941-1945. Гэта даўно б пара зрабіць гісторыкам разам з матэматыкамі.

Дык чаму ж увесь пасляваенны перыяд наракаць толькі на нашэсце немцаў на Савецкі Саюз? А пра нашэсце бальшавікоў-людаедаў замоўчваць? Вайна і паслужыла той перашкодай, якая прытармазіла рухавік бальшавіцкага тэрору. Адразу рухавік прыпыніцца не мог, занадта вялікая была хуткасць. Аб хуткасці гэтай можна здагадацца, калі ўлічыць, калі ён спыніўся (спыняўся з 1945 да 1991).

Хто і калі дачакаецца адказу на гэтыя пытанні?

Нашай дзяржавай усё робіцца так, каб адказу на пытанні не было. А гэта злавесна, бо жах можа паўтарыцца. Пакуль не пералічым пайменна ахвяраў бальшавіцкага генацыду, не супакоім іх душы, не будзе шчасця на нашай Зямлі, хаця жывем неяк, бо не ўсіх пакрыўдзіў Бог адсутнасцю памяці. Як напісала А.Ахматава:

“Опять поминальный приблизился час, Я вижу, я слышу, я чувствую Вас. Хотелось бы всех поименно назвать, Да отняли списки и негде узнать.”

Гэты рэквіем напісаны на помніку ахвярам генацыду, усталяваным Брэсцкай абласной і гарадской асацыяцыямі ахвяраў палітычных рэпрэсій.

Што да лёсу ўсяго роду Зенчыкаў і Тарасевічаў (роду маёй маці і роду майго бацькі), то ў жывых цяпер застаецца толькі адзін чалавек. Я ўшанавала памяць аб маіх блізкіх - ахвярах бальшавіцкага генацыду на двух помніках. Я хачу, каб імёны маіх родных, старых і пажылых, юнакоў і падлеткаў, бязгрэшных дзяцей і немаўлятак, якія загінулі пакутніцкай смерцю, былі занесены ў Кнігу Памяці. Загінулі ў 30-я гады ў ГУЛАГу (ва ўзросце):

1) Зенчык Анастасія Паўлаўна (50 г.);

2) Зенчык Алена Паўлаўна (1 г.);

3) Зенчык Вера Іванаўна (29 г.);

4) Зенчык Павел Іванавіч (27 г.);

5) Зенчык Вікенцій Іванавіч (19 г.);

6) Зенчык Уладзімір Іванавіч (5 г.);

7) Зенчык Антаніна Іванаўна (8 г.);

8) Зенчык Іван Іванавіч (10 г.);

9) Зенчык Кацярына Іванаўна (12 г.);

10) Зенчык Вера Міхайлаўна (27 г.);

11) Тарасевіч Ганна Васільеўна (67 г.);

12) Тарасевіч Сямён Міхайлавіч (39 г.);

13) Шаліма Фёдар Цімафеевіч (44 г.);

14) Шаліма Дзімітрый Фёдаравіч (15 г.);

15) Красуцкая Ганна Паўлаўна;

16) Красуцкі Ігнат;

Ахвярамі бальшавіцкага генацыду былі:

Зенчык Таццяна Іванаўна - мая маці;

Тарасевіч Антон Міхайлавіч - мой бацька;

Тарасевіч Сцяпан Міхайлавіч;

Тарасевіч Іосіф Міхайлавіч;

Шаліма Домна Паўлаўна;

Ахвярамі бальшавіцкага генацыду былі і трое дзетак Ганны і Ігната Красуцкіх. Аб іх лёсе я нічога не ведаю - ці загінулі ў ГУЛАГу, ці засталіся жывымі. Не ведаю таксама пра жонку Тарасевіча Сямёна і іх дваіх дзетак. Тарасевіча Сямёна расстралялі, а што зрабілі з сям’ёй - невядома. Так што і да майго роду падыходзяць словы А.Ахматавай: “Да отняли списки и негде узнать”.

Застаюся я адна з роду маёй маці і майго бацькі. Не дай Бог нікому яшчэ такое пабачыць.

Я ўпэўнена, што цёмныя сілы вельмі баяцца святла. Пад святлом праўды яны адчуваюць сябе няўтульна і могуць нават загінуць. Таму імкнуцца не дапусціць у нашае жыццё святло праўды. Так яны змагаюцца за сваё існаванне.

Каб не вярнулася іх былая моц,

Я ПАТРАБУЮ!

1. Міжнароднаму суду выправіць гістарычную памылку: Нюрнбергскі працэс павінен быў адбыцца пасля Міжнароднага суду над бальшавікамі, г. зн. спачатку “Нюрнберг І” за бальшавіцкі генацыд, за ўнутраную і міжнародную палітыку бальшавікоў, якая прывяла да ІІ сусветнай вайны; а потым “Нюрнберг ІІ” над нямецкім фашызмам. Трэба спачатку ліквідаваць прычыну, затым яе наступствы. А зроблена наадварот.

2. Назваць рэчы сваімі імёнамі: масавае знішчэнне людзей былога СССР у перыяд 20-50-х гадоў называць генацыдам, а не палітычнымі рэпрэсіямі, бо якія ж палітычныя злачынцы - мільёны знішчаных дзяцей!

3. Каб Расія, папрасіла прабачэння перад усімі сілаю далучанымі да яе народамі, у тым ліку і перад Беларуссю, за учынены рускасавецкім камуністычным рэжымам генацыд. Каб яна абавязалася выплаціць гэтым народам кампенсацыю.

4. Каб вышэйшыя асобы цяперашняга ўладнага рэжыму на Беларусі, як пераемнікі былога камуністычнага рэжыму, пакаяліся за ўчынены генацыд у 20-50-я гады.

5. Вярнуць ахвярам ці іх нашчадкам усё некалі адабранае ў іх і прысвоенае бальшавікамі-людаедамі. Кампенсаваць ахвярам усе іх пакуты, каб яны жылі як людзі, а не як сабакі. Цяпер жа наадварот: бальшавіцкія нашчадкі, карыстаючыся нарабаваным, усё яшчэ моцныя і пры ўладзе, а ахвяры, зломленыя, прыдушаныя, ледзь цягаюць свае ногі.

Пішу і хачу спадзявацца, што, можа, мой расповед спрычыніцца да ўсталявання праўды і справядлівасці на Беларусі; можа, ён з’явіцца тым кволым праменьчыкам, які пралье святло ў цемрадзь...

А пакуль толькі шумяць над магіламі сосны...

Тарасевіч Зінаіда Антонаўна 1990, 1998, 4 чэрвеня 1999 г. Беларуская інтэрнэт-бібліятэка "Камунікат"

Дадатковая інфармацыя